Трагедыі і камедыі “белых каўнерыкаў”. У новым сезоне ў Купалаўскім будуць глядзець рэаліці-шоу “Офіс”

Источник материала:  
Трагедыі і камедыі “белых каўнерыкаў”.
У новым сезоне ў Купалаўскім будуць глядзець рэаліці-шоу “Офіс”

Прэм’еру па п’есе малавядомага нямецкага драматурга Інгрыд Лаўзунд “Бесхрыбетнасць” трупа падрыхтавала да наступнага, 89-га сезона. Нягледзячы на тое, што паглядзець вытворчую драму летам атрымалася не ва ўсіх тэатралаў, пра новую пастаноўку маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай гавораць усе.

Афармленне — прасцей няма куды: нават сталоў няма, толькі масіўныя жалезныя дзверы пасярэдзіне і крэслы на калёсіках ездзяць туды-сюды — сімвал зменлівасці, няўстойлівасці. Горы папер, папак, стэплераў і іншай канцылярскай драбязы, за якой хаваецца людскі страх, зразумела, перад яго вялікасцю Шэфам. Вось толькі на сцэне ён так і не з’явіцца. Хутчэй за ўсё гэта выдуманы персанаж, але лягчэй ад гэтага не робіцца.Пяцёра офісных служачых, менеджэраў сярэдняга звяна, як яны жывуць? Рэпеціруюць перад люстэркам размову з начальствам, плятуць інтрыгі, дабіваюцца павышэння, хтосьці знізу, а хтосьці зверху. Звычайнае жыццё звычайных людзей, якое ад гледачоў аддзелена больш чым умоўна — сімвалічнай лініяй. Здаецца, што трапляеш у кантору, а не на спектакль. Сцэны тут няма.“Офіс — форма нашага свету, арганізацыі”, — лічыць Кацярына Аверкава, рэжысёр-пастаноўшчык і кампазітар спектакля “Офіс”.Водгукі блогераў уражваюць: “Я не бачыў ніколі ў беларускім тэатры, каб акцёры павінны былі так працаваць. Спектакль пралятае на адным дыханні, на шалёным рытме, зададзеным адразу другой сцэнай. Аверкава, як заўсёды, “крэатывіць” з музыкай, саўндтрэкам спектакля становіцца індастрыэл, разыграны гукамі офіснай “бытавухі” — шамаценнем паперы, ударамі па клавіятуры і г.д. На працягу ўсяго спектакля нам расказваюць пра тое, як чалавек, ператвораны ў функцыю, губляе чалавечае, пра тое, як ён прыстасоўваецца, супраціўляецца, паддаецца і бунтуе, і ёсць нейкая сіла над ім, і ад яе можна толькі схавацца, перамагчы нельга. Мы і дагэтуль не вельмі глыбока прасунуліся ў разуменні ўласнай прыроды, але зараз гэты самы Офіс, гэты спосаб жыцця, калі эмацыянальнае дэградзіруе, заблытвае нас яшчэ больш. Вось гэтая заблытанасць, разгубленасць і з’яўляюцца прадметам спектакля рэжысёра Кацярыны Аверкавай”.Як усё ж выжыць у офісе і не згубіць свайго “Я”, гледачы змогуць даведацца ўжо восенню. Праўда, не ў Купалаўскім тэатры, які зачыніцца на рэканструкцыю. Пастаноўку можна будзе паглядзець на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў.

←Выйшаў двухтомнік Ларысы Геніюш

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика