Майк Сэндэр, Dreamgale: “Беларускія словы даваліся нашай шведскай вакалістцы вельмі цяжка”

Источник материала:  
15.07.2010 11:01 — Новости Культуры
Майк Сэндэр, Dreamgale: “Беларускія словы даваліся нашай шведскай вакалістцы вельмі цяжка”
Dreamgale: Зміцер Палагін (злева), Майкл Сэндэр і Сафія Матсан. Фота: гурта.
Чым беларусы падобныя да шведаў і ў чым мы розныя? Якая музыка папулярная ў Швецыі і чаму беларускім музыкам не ўдаецца прабіцца на сусветную арэну? Кім пачуваецца чалавек, які з 13 год жыве ў Швецыі і без акцэнту размаўляе як па-шведску, гэтак і па-беларуску? Пра гэта і многае іншае ў студыі TUT.BY распавёў лідэр беларуска-шведскага гурта Dreamgale Майк Сэндэр (Michael Sender), які на некалькі дзён наведаў Беларусь.
 
— "Dreamgale" сапраўды беларуска-шведскі гурт? Як вы пазіцыянуеце сябе ў Швецыі і Беларусі?

— На самой справе гэта пытанне нам задаюць толькі ў вас. Шведам не цікава, яны інтэрнацыянальная нацыя. Усім вядомы таленавітыя выканаўцы і прадзюсары, якія працуюць на сусветных зорак, а не на суайчыннікаў, таму ў Швецыі і не ставяць пытанне аб нацыянальнасці. А беларусам проста падабаецца чуць нешта сваё, тутэйшае.
 
— Адкуль ты так добра ведаеш мову?

— Не ведаю, адкуль… Слухаю радыё, чытаю навіны…
 
— Часта наведваеш радзіму?

— Як атрымоўваецца… Стараюся раз у паўгода прыязджаць.
 
— Чым займаешся на Радзіме, калі прыязджаеш?

— Найперш іду ў госці да бабулі на дранікі!
 
Таксама вельмі люблю гуляць па Мінску, хадзіць па "родных" сцежках, глядзець на горад, сустракацца са знаёмымі. Я вельмі настальгічны чалавек, гэта можна заўважыць нават па музыцы.
 
—А ў цябе ёсць любімыя мясціны ў Мінску?

— Ёсць. Вельмі падабаецца парк Горкага, узбярэжная Свіслачы, пачынаючы з вуліцы Пуліхава, дзе я вырас, і да плошчы Перамогі — гэта ўсё мае мясціны.
 
— Як вы можаце ахарактарызаваць Швецыю? Напрыклад, якая музыка ім падабаецца? Што там у модзе?

— Шведы – вельмі модная нацыя. Кожны год там з’яўляецца нешта новае ў музыцы, у адзенні ­— ва ўсім. Зараз там дамінуе рэтратрэнд 70-80 гадоў у новым абліччы, папулярная амерыканская музыка, з’явілася шмат стыляў "міксаў".
 
— А вы адпавядаеце гэтым трэндам?

— Вельмі складана трапіць у трэнды, якія мяняюцца кожны год. Наш гурт не так часта запісвае нешта новае. Мы стараемся рабіць сваю музыку, якая жыве па-за трэндамі.
 
"Dreemgale" — папулярны гурт у Швецыі?

— Не такі папулярны, як у Беларусі. Скажу шчыра: наш пік у Швецыі прайшоў. Ён быў у 2007 годзе, а потым мы неяк зніклі з гэтай медыя-прасторы. А вось, напрыклад, ва Усходняй Еўропе ўсё толькі пачынаецца. У Беларусі мы гучым ужо даволі даўно, вельмі актыўна ў апошнія месяцы нас узялі ў ратацыю расійскія, украінскія, літоўскія і латвійскія радыёстанцыі. Мы пачалі рух ў новых напрамках.
 
— А канцэрты вы даеце?

— Гэта здараецца вельмі рэдка. Мы лічым сябе студыйным праектам. Для нас цікавей сядзець за пультам у студыі, чым стаяць на сцэне. Але ж мы не выключаем гэтай магчымасці. "Dreamgale" з вялікай ахвотай будзе граць для вялікай аудыторыі.
 
— У Беларусі дыскі не прадаюцца, таму нашы гурты ў асноўным зарабляюць канцэртнай дзейнасцю. А вы зарабляеце продажам дыскаў?

— Не, наш гурт не прадае дыскі. Мы знайшлі для сябе іншы шлях фінансавання. Кожны з нас займаецца музыкай не стоадсоткава, мы таксама працуем і з тэлепрадукцыяй. Прадаваць дыскі сёння не сур’ёзна не толькі ў Беларусі. Гэта не працуе нідзе, акрамя ЗША.
 
— Раскажыце падрабязней пра сваю немузычную дзейнасць.

— Я працую ў міжнароднай тэлекампаніі Zodiak, якая вырабляе прадукцыю для буйных тэлеканалаў. Мы працуем прыблізна ў 30 краінах свету, у 17 з іх знаходзяцца нашы офісы. Непасрэдна я займаюся развіццём бізнэс-адносін у ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.
 
Атрымліваецца, ваша музычная творчасць бескарыслівая. А шведы карыслівы народ?

— Не. Параўноўваючы шведаў з іншымі народамі, я бы сказаў, што яны даволі бескарыслівыя. Грошы, напэўна, усе любяць, але для шведаў не тыпова ганарыцца імі. Шведы больш, чым астатнія народы свету, займаюцца дабрачыннасцю. У іх краіне адны з самых вялікіх падаткаў, і ніколі не ўзнікае праблем з сумленнасцю.
 
— А якія яны яшчэ — шведы?

— Тыповыя шведы – гэта вельмі закрытыя людзі, дайсці да іх душы складана. Але ж яны ветлівыя і з імі лёгка знайсці тэму для размовы. Кола сяброў у шведаў вельмі абмежаванае. Яны не любяць казаць пра некаторыя рэчы, напрыклад, пра палітыку, грошы і асабістае жыццё. У цэлым гэта просты добры народ, з добрым пачуццём гумару.
 
— А якія тады беларусы?

— Насамрэч, мне здаецца, што беларусы даволі падобныя да шведаў, але ў кожнай нацыі ёсць свае асаблівасці. Беларусы, напрыклад, больш адкрытыя, з імі лёгка завязаць сапраўднае сяброўства. Але першае ўражанне ад беларуса можа быць не вельмі прыемным. Увогуле беларусы просты, адкрыты і талерантны народ.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Спампаваць відэа >>>
 
— Чым мы непадобныя да шведаў?

— Беларусы не хаваюць сваіх поглядаў. Яны вельмі ўпэўненыя ў сваёй рацыі нават калі чаго-небудзь не ведаюць. Шведы, наадварот, здольныя больш слухаць, згаджацца і не любяць канфліктаў. Беларусы могуць сварыцца, крычаць, а праз пяць хвілін памірыцца. Шведы ніколі не пойдуць на канфлікты. Калі ж канфлікт адбудзецца, з імі потым вельмі складана пасябраваць.
 
— Чым беларуская музыка адрозніваецца ад шведскай?

— У беларускай музычнай індустрыі ёсць дзве плыні – мэйнстрым і альтэрнатыўная музыка. У Швецыі такого падзелу няма.
 
Мне здаецца, што беларуская альтэрнатыва даволі прасунутая ў адрозненні ад шведскай. Там музычныя гурты даволі кансерватыўныя ў сваёй альтэрнатыўнасці. Яны лічуць, што панк павінен быць панкам, а беларусы эксперыментуюць з іншымі жанрамі.
 
— Што з беларускай музыкі табе падабаецца?

— Мне даволі падабаецца J-Морс, гурт "Палац", некаторыя эксперыментальныя праекты, напрыклад, "Зигзаг". Таксама магу паслухаць вясёлые песні "Крамбамбулі".
 
— Колькі гадоў табе было, калі ты пакідаў Беларусь?

— Трынаццаць.
 
— Тады ты ўжо граў на клавішах?

— Я ўжо пачаў вучыцца, але граў яшчэ дрэнна. Мы з Дзімам (Зміцер Палагін — удзельнік Dreamgale — TUT.BY) пачалі граць – ён на гітары, я на клавішах – калі нам было па 12 год. Мы не "акадэмікі" ў гэтым сэнсе. Проста у нас было шмат ідэй, якія хацелася прадэманстраваць свету. Я не лічу сябе музыкантам, я не такі вялікі віртуоз. Але я хачу запісваць музыку, ад якой будзе прыемна на душы, і ствараць нешта новае
 
— Наколькі я ведаю, Дзіма вучыўся граць на гітары тут, у Беларусі, ў беларускіх музыкантаў...

— Так, у Сяргея Трухановіча...
 
— І як паўплываў стыль Трухановіча – рок – на вашу музыку?

— Дзіма заўсёды любіў класічны рок, таму Трухановіч для яго быў амаль ідэальным настаўнікам. Мне здаецца, што элементы класічнага року ў "Dreamgale" сапраўды існуюць. Неяк адзін шведскі прадзюсар сказаў, што наш гурт – гэта нейкая сумесь. Уявіць сабе гэта даволі складана, але мне здаецца, што ён мае рацыю.
 
— Шмат беларускіх гуртоў ездзяць з канцэртамі за мяжу. А ў Швецыі каго-небудзь з беларусаў ведаюць?

— Акрамя Аляксандра Рыбака, напэўна, нікога...
 
— Гэта, напэўна, трэба мяняць…

— Гэтай з’яве ёсць аб’ектыўнае тлумачэнне. Па-першае, вельмі мала беларускіх гуртоў пяюць па-ангельску, а ў такім выпадку немагчыма нікуды паехаць. Па-другое, у Беларусі не хапае добрых прадзюсараў. Ёсць добрыя музыкі, вакалісты, але дрэнна развіта менавіта індустрыя вытворчасці музыкі. І гэта адчуваюць людзі, якія запрашаюць да сабе музыкаў. І лэйблы, якія працуюць з замежнымі спевакамі, выстаўляюць сёння вельмі высокія патрабаванні да якасці музыкі. Таму шмат чаго бракуецца.
 
— Як мы высветлілі, з беларускай музыкай шведы не знаёмы. А што яны ведаюць пра Беларусь?

— На жаль, амаль нічога. І толькі дзякуючы спорту некаторыя чулі пра нашу краіну. Напрыклад, скандальны матч у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 годзе, калі першая старонка шведскага штотыднёвіка выйшла проста чорнай паласой. Гэта быў траур, як я памятаю. Тады нават на мяне людзі коса глядзелі, але мне было прыемна, што нарэшце беларусы нешта зрабілі.
 
Беларусь увогуле "бракуе" тых, хто можа нешта распавесці пра краіну з добрага пункту гледжання, ў сусветных СМІ ўсплываюць нядобрыя плёткі пра нас. Яны датычацца такіх пытанняў, як правы чалавека, палітычны курс краіны, нежаданне працаваць з еўрапейскай супольнасцю і гэтак далей. Усё гэта насцярожвае еўрапейцаў. Яны не разумеюць, як такое можа быць, што ўсе краіны на кантыненце спрабуюць супрацоўнічаць, а адна ідзе кудысьці ў іншы бок. Чаму? Ці мы не падабаемся, ці ў іх ёсць нейкія іншыя прэтэнзіі да нас. Гэта складана тлумачыць. Я заўсёды кажу, што нам трэба больш кантактаваць адзін з адным, магчыма, нават адмяніць візавы рэжым.
 
— А ты адчуваеш стаўленне шведаў да цябе, як да беларуса?

— Я настолькі добра валодаю шведскай мовай, што людзі і не заўважаюць, што я іншаземец. І калі кажу, што я беларус, яны не ўспрымаюць гэта негатыўна. Шчыра кажучы, ніколі не заўважаў. Можа, таму што беларусы невядомыя як нацыя здольная да тэрарызму ці іншых негатыўных рэчаў…
 
— Але ж ты сам выяўляеш сваю "беларускасць". У праватнасці, калі ініцыяваў грамадзянскую кампанію па пераназванні Беларусі. Як яна гучыць па-шведску?

— Vitryssland.
 
Што ў перакладзе…

— ...азначае "Белая Расія".
 
— Неяк несуръёзна…

— Так. Гэта, сапраўды, вельмі блытае людзей. Уявіце сабе, напрыклад, "Сінюю Швецію" або "Белую Фінляндію". Людзі будуць пытацца: "А якая розніца паміж "белай" і "сіняй" Фінляндыяй? Гэта, напэўна, адна краіна". Растлумачыць ім усё вельмі складана.
 
Рэпутацыя Расіі у свеце таксама не вельмі прывабная, таму усе забабоны пра расійцаў, якія існуюць (а яны існуюць), выпадае прымаць на сябе і злавацца... Я злуюся, калі людзі блытаюць мяне з рускім і кажуць: "Ведаю аднаго хлопца з Расеі" ці " Вось паеду у Маскву". А што мне на гэта казаць? Да мяне гэта не мае дачынення. Так і адказваю. І тады шведы пачынаюць разважаць, што трэба нешта пачытаць пра Беларусь.
 
— Як шведы паставіліся да гэтай кампаніі і як яна праходзіць?

— Вельмі добра! Шведскі народ з разуменнем адносіцца да гэтага пытання, бо праблема аб’ектыўная. Народ мае права быць народам. Іншая справа, канечне, адміністратыўная змена. Гэта цяжкі працэс: выдаткі, праца. Таму мы працуем яшчэ і з уладамі. У нас ужо ёсць поспехі. Напрыклад, назва “Беларусь” ратыфікавана у адносінах да беларусаў. Гэта значыць, што мы можам працягваць кантактаваць з урадам, але гэта апошняя інстанцыя, дзе мы павінны атрымаць падтрымку.
 
Цяпер мы правялі апытанне — недзе 600 чалавек розных узростаў і сацыяльных статусаў. Яно паказала, што на самой справе блытаніна ёсць. Таму яе трэба мяняць.
 
— Для таго, каб музыкай цікавіліся за мяжой, яна павінна быць на ангельскай мове. І тым ні менш Сафія Матсан (вакалістка Dreamgale — TUT.BY) у відэаверсіі песні "Wonders" праспявала па-беларуску. Навошта?

— Гэта быў яе асабісты падарунак беларускім слухачам. Я лічу, што гэта ніяк не сапсуе ўражанне міжнароднага слухача ад песні. А беларусам было ўсё ж такі прыемна пачуць родную мову.
 
Нам было цікава запісваць Сафі у студыі. Беларускія словы даваліся ёй вельмі доўга і цяжка. Вымаўленне некаторых было проста камічным, але ў той жа момант і цікавым.
 
— Вы збіраецеся запісваць больш песень на беларускай мове?

— Можа быць. У нас сапраўды ў хуткім часе плануецца выхад версіі адной з нашых новых, пакуль што не агучаных, песень на беларускай мове, але я не магу афішаваць дату яе выхаду.

←Віктар Шніп. Балада Грунвальдскай бітвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика