«Сярэднявечная інквізіцыя здаецца дзіцячай забавай»

Источник материала:  
06.07.2010 17:16 — Новости Культуры
Леанід Маракоў напісаў новую кнігу — «Галоўная вуліца Мінска. 1910-1940». Гэта даследаванне аб вуліцы Савецкая (цяпер пр-т Незалежнасці) у беларускай сталіцы, аб яе жыхарах і тых страшных падзеях, што напаткалі мінчан з прыходам бальшавікоў.

Польская камісія па раследаванні злачынстваў бальшавікоў каля іх ахвяраў, Мінск 1919 г.

Целы забітых мінчукоў ля Койданаўскага тракта, 1919 г.

«НН»: З чаго ўзнікла такая кніга?

Леанід Маракоў: Працуючы над біяграфіямі рэпрэсаваных у гады сталінскай дыктатуры жыхароў Беларусі, мне неаднаразова трапляўся на вочы мінскі гадонім — вуліца Савецкая. Я пастаянна сутыкаўся з масавымі прыкладамі рэпрэсій у дачыненні да жыхароў гэтай вуліцы. І аднойчы вырашыў, што проста абавязаны распавесці аб пераследах таталітарным рэжымам жыхароў галоўнай вуліцы Беларусі. Высветліць, чаму менавіта на ёй у 1920-1930-х гадах жыць было нашмат небяспечней, чым на амаль паўтысячы іншых вуліц, завулкаў, пляцаў і гэтак званых нумарных лініях. Колькі і хто з жыхароў галоўнай вуліцы змог выжыць у канцлагеры і вярнуцца дахаты, калі такія былі?

«НН»: І ў чым была небяспека менавіта гэтай вуліцы?

ЛМ: Небяспечна стала жыць на галоўнай вуліцы. Пасля сыходу немцаў у 1918 з’явіліся «свае», якія аказаліся горшымі за чужых, горшымі за захопнікаў. Са студзеня па ліпень 1919 яны ўвесь Мінск ператрэслі. Арышты, расстрэлы, рабаванні. У Маскве прыдумалі як «узаконіць» рабаванні. Рада народных камісараў РСФСР 30 кастрычніка 1918 выдала дэкрэт аб «надзвычайным рэвалюцыйным падатку ў 10 мільярдаў рублёў». З Мінскай губерні пастанавілі «вырваць» 60 мільёнаў (палову — з Мінска). Але як толькі 10 снежня 1918 бальшавікі ўвайшлі ў Мінск, сума «падатку» з горада без усякага тлумачэння і абгрунтавання была павялічана да 200 мільёнаў. Яе падзялілі на «абраных» жыхароў Мінска. Тых, хто не мог выплаціць вызначаную суму, бралі ў закладнікі. Маўляў, хай сваякі думаюць, як дапамагчы блізкім выйсці на волю. Так,

за вызваленне Ядвігі Кастравіцкай (жыла на вул. Савецкая, 24), патрабавалі 1 000 000 руб.

Былі схоплены тысячы іншых. Сумы вагаліся ад 5-10 тысяч (для шаўцоў, краўцоў, кавалёў, шорнікаў) да 5-10 мільёнаў для заможных людзей.

Раней лічылася, што галоўную вуліцу Мінска «зачышчалі» шэсць разоў (1930, 1933, 1936-38, 1939-41, 1944-45, 1947-49). Але адкрыліся шматлікія факты рэпрэсій 1919 года, а таксама новыя аб пазнейшых злачынствах. Выявілася, што

ў 1930-х гадах на Савецкай вуліцы не было ніводнага дома, у якім бы не пабывалі няпрошаныя начныя «госці» ў сініх галіфэ з чырвонымі пятліцамі і «Наганам».

«НН»: А чаму пасля 1920-га, калі палякі пакінулі Мінск, на галоўнай вуліцы горада «зачысткі» да 1930 года не праводзіліся? Відавочна, што пасмакаваўшы крыві, звер прагне яе і пасля.

ЛМ: Ведаеце, звер так напіўся крыві за грамадзянскую вайну, што калі б ён працягваў яе піць і далей, дык здарылася б адно з двух: або ён захлынуўся, або не засталося б тых, чыю кроў піць. У 1920-х гадах арышты, канешне ж, не спыніліся, але яны не былі масавымі. У 1920-х пачалося іншае — канфіскацыя маёмасці: забіралі нават заручальныя пярсцёнкі (у маёй бабулі, да прыкладу, яго проста сарвалі з пальца), адзенне, ежу. Я не кажу ўжо пра дарэвалюцыйная кнігі, часопісы, газеты.

«НН»: У 1919 годзе палякі стварылі камісію па расследаванні злачынстваў бальшавікоў. Вам вядомыя вынікі?

ЛМ: У часопісе «Biełaruskaje Życcio» (№11, 1919) паведамлялася, што камісія была створана па ініцыятыве амерыканскай місіі ў Варшаве. У яе склад уваходзілі палкоўнік амерыканскага войска (жанчына), дактары Рогоўскі, Абязерскі і член польскага суда Мурзіч. На момант публікацыі было раскапана 60 магіл, у кожнай з якіх было мінімум па 5-6 трупаў. У большасці ахвяр рукі былі звязаныя дротам. Камісія прыйшла да заключэння, што частку людзей закопвалі жывымі. Ахвярамі стала ў асноўным цывільнае насельніцтва. Такія магільнікі знайшлі на Койданаўскім тракту, на Камароўцы, у лесе Ваньковіча і каля Лошыцы.

«Сярэднявечная інквізіцыя здаецца дзіцячай забавай», — падсумоўвалася ўбачанае ў часопісным артыкуле.

«НН»: Вуліца Савецкая — гэта сотні дамоў. І вы адшукалі звесткі аб жыхарах кожнага з іх?

ЛМ: І аб жыхарах, і аб установах. Але напачатку, падчас збору інфармацыі, я тройчы кідаў працу над кнігай. Ахоплівала роспач. Выявіць, хто жыў і працаваў у амаль 200 дамах (насамрэч гэта 500-600, бо да кожнага дома далучаўся ўчастак зямлі, на якім стаяла яшчэ некалькі будынкаў) на працягу 30 гадоў, вылічыць іх нумарацыю, якая не раз змянялася ў дакастрычніцкі і пасля бальшавіцкага перавароту міжваенны перыяд, здавалася задачай зусім невыканальнай. Але вада камень точыць. Дзень за днём спраўджвалася інфармацыя. І паступова карціна стала высвятляцца. Таксама я зразумеў, што для больш поўнага і шырокага паказу гісторыі вуліцы ў яе неабходна ўключыць і звесткі аб першых яе дарэвалюцыйных уладальніках — дзяржаўных дзеячах, дваранах, гандлярах, прадпрымальніках, службоўцах, працоўных, сялянах — усіх тых, хто яе засяляў, будаваў і ствараў.

Гэта праца — своеасаблівы даведнік, у якім, здавалася б, прыводзяцца толькі сухія факты, дакументы, фатаграфіі, планы. Але іх шматграннасць стварае нескажоную гісторыю вуліцы Савецкай — сённяшняга праспекта Незалежнасці, сталіцы адной з еўрапейскіх дзяржаў.


ЛМ: Паштоўка (1934 г.) з калекцыі лекара Васіля Іванавіча Каляды (1914-1995) падпісана: «Мінск. 1-ы Дом Саветаў». І цалкам лагічна, што за «1-ы Дом Саветаў» увесь час прымалі будынак на пярэднім плане (цяпер — Савецкая, д. 19). Аднак даследаванні паказалі, што «1-ы Дом Саветаў» — будынак, узведзены ў 1911 годзе банкірам і аматарам спорту Эмануілам Абрампальскім, змешчаны за домам на пярэднім плане і найбліжэйшы да касцёла святых Сымона і Алены (над абодвума дамамі відаць адна з яго вежаў). Далей, за дрэвамі, правы бок Дома Ураду. Злева ад яго — 2-павярховы дом мешчаніна Сямёна Аляксеевіча Сушы. У 1910-х гадах у хаце жылі вядомая мецэнатка княгіня Магдаліна Радзівіл, член Мінскага земскага ўпраўлення Ваяводскі, землеўласнікі Рамуальд Хялхоўскі, Ваньковіч, генерал арміі Іванаў, дырэктар сіндыката Мечыслаў Пароўскі, інжынер Гібнер і іншыя.

У 1930-х гадах у доме жылі і былі арыштаваны наркам земляробства Дзмітрый Прышчэпаў, яго намеснік Аскар Сапрыцкі, сакратар ЦВК БССР Максім Ляўкоў, загадчык сакратарыята ЦК КП(б)Б Рыгор Каўцэвіч, шэраг іншых вышэйшых партыйных і гаспадарчых кіраўнікоў, культурных і грамадскіх дзеячаў БССР.


Гутарыў Сяргей Макарэвіч

←Потерянный фильм Хичкока объявили в розыск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика