У дзень нараджэння Быкава ў Санкт-Пецярбургу напісалі дыктоўку

Бард Алесь Камоцкі зачытаў урывак з «Доўгай дарогі дадому».

У дзень нараджэння Васіля Быкава, 19 чэрвеня, у Санкт-Пецярбургу прайшла памятная імпрэза ў гонар Народнага пісьменніка Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана моладдзю Санкт-Пецярбурга і МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Вечарына праходзіла ў бібліятэцы нацыянальных культур. Гэта традыцыйнае месца сустрэч беларусаў, якія жывуць у горадзе на Няве.
Спецыяльна на мерапрыемства з Беларусі прыехаў вядомы бард Алесь Камоцкі. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава: «Мне сапраўды пашчасціла быць знаёмым з Быкавым. Мы шмат размаўлялі. Размаўлялі як старэйшы мужык з маладзейшым. Розніца ва ўзросце не перашкаджала, а часам нават спрыяла лепшаму разуменню адзін аднаго. Безумоўна, гэтае знаёмства паўплывала на маё жыццё і вельмі шмат мне дало».
Падчас імпрэзы Алесь Камоцкі не толькі парадаваў прысутных сваімі песнямі, але яшчэ і выступіў у якасці выкладчыка беларускай мовы. Ён прачытаў прысутным дыктоўку на беларускай мове — урывак з кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому».
Не абышлося і без падарункаў. Усе ўдзельнікі імпрэзы атрымалі дыскі з аўдыёзапісамі аўтарскага чытання кнігі ўспамінаў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», а таксама набор паштовак ад грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Акрамя таго, Алесь Камоцкі перадаў бібліятэцы нацыянальных культур кнігі Васіля Быкава і некалькі аўдыёзапісаў «Доўгай дарогі дадому».
zbsb.org