На музей Вялікай Айчыннай будуць збіраць, як на Нацбібліятэку?
У маі 2008 года Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, каб каля стэлы «Мінск — горад—герой» на праспекце Пераможцаў быў пабудаваны новы, сучасны музей Вялікай Айчыннай вайны.
Спецыялісты музея гавораць, што чакаюць з нецярпеннем пераезду ў новы сучасны будынак. Дзеючы музей быў пабудаваны ў 1966 годзе.
— Наш будынак састарэў. У ім не было капітальнага рамонту 40 гадоў, — распавяла вучоны сакратар Галіна Бабусенка. — Так што мы маем патрэбу ў новым будынку. Больш за тое, новае размяшчэнне музея будзе адпавядаць месцу — побач са стэлай, на праспекце Пераможцаў. У музеі будуць найлепшыя сучасныя тэхналогіі — дызайнерскія, мультымедыйныя, а галоўнае - тыя, якiя забяспечваюць захаванасць унікальных музейных калекцый.
Як адзначыла суразмоўніца, у распрацоўцы праекта эксперты музея цесна супрацоўнічаюць з групай архітэктараў, дызайнераў і праектоўшчыкаў. І калі з фінансаваннем узвядзення будынка пытанне адносна вырашанае (гэта 108 млрд. рублёў у цэнах 2006 года), то крыніцы фінансавання яго «начынкі» яшчэ трэба вызначыць.
— У найбліжэйшы час Міністэрства культуры абвесціць тэндэр на пошук падрадчыка для будаўніцтва экспазіцыі, — сказаў намеснік дырэктара музея Вячаслаў Казачонак. — Калі меркаваць па аналагічным аб’ектах, самая сціплая сума складзе 50 млрд. рублёў.
Будаваць сучасны будынак музея і эканоміць — нельга.Паводле распараджэння Аляксандра Лукашэнкі, новы музей Вялікай Айчыннай вайны павінен адчыніць дзверы ў маі 2013 года.
— Арыенцір вызначаны, таму ўсе працуем на яго выкананне, — падсумаваў суразмоўца. Ад сябе адзначу, што
ўвасабленне такога глабальнага праекта ў жыццё за тры гады, — гэта нерэальны тэрмін. Больш за тое, каб якасна і хутка будаваць, названых сум наўрад ці хопіць.Таму не выключана, што дадатковыя грошы будзе збіраць ўся краіна, як гэта было ў выпадку з будаўніцтвам Нацыянальнай бібліятэкі.
Алена Якжык, Салідарнасць