“Ільянскія далягляды” – лепшыя ў Беларусі

Источник материала:  

Школьны музей Ільянскія далягляды заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе музеяў устаноў адукацыі. Кіраўнік гуртка музеязнаўства Алеся Сэсарава і дырэктар рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Мітраховіч.

Школьны музей “Ільянскія далягляды” перамог у рэспубліканскім конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі Беларусі. Мы сталі лепшымі сярод 400 школьных музеяў краіны.
Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны 20-21 мая прымаў гасцей. Тут падводзіліся вынікі рэспубліканскага конкурсу “Педагогі – ураджэнцы Беларусі – Героі Савецкага Саюза” і конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі.

У склад журы, якое ацэньвала конкурс музеяў, увайшлі галоўны інспектар упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Сяргей Малочнікаў, дырэктар рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Мітраховіч, навукоўцы, педагогі, спецыялісты цэнтра і музея Вялікай Айчыннай вайны

У конкурсе музяў перамогу і дыплом першай ступені кампетэнтнае журы прызначыла музею “Ільянскія далягляды” Ільянскай сярэдняй школы Вілейскага раёна.

У раённых і абласных этапах конкурсу прыняло ўдзел больш за 400 музеяў устаноў адукацыі. Рэспубліканскае журы разгледзела 50 лепшых работ.

На падвядзенні вынікаў справаздачу трымалі ільянскія дзесяцікласнікі, якія працуюць экскурсаводамі ў школьным музеі, – Яўген Станоўскі, Вераніка Газава і Аляксей Русак разам з педагогам-псіхолагам, кіраўніком гуртка музеязнаўства Алесяй Сэсаравай і дырэктарам школы Ігарам Юшко.

Трэба адзначыць, што перамога прысуджаная не за бліскучыя дарагія вітрыны, а за працу, якую праводзяць настаўнікі і вучні школы па ўвекавечанні памяці змагароў за сваю малую радзіму.

Улічваліся экспазіцыйная, фондавая і навуковая дзейнасць музея, яго ўдзел у жыцці школы і рэгіёна, выхаванні моладзі. А работа сапраўды праводзіцца значная. Грунтуецца дзейнасць на аматарах-краязнаўцах, якія шчыруюць разам з дзецьмі.

Трэба ўзгадаць тут, акрамя названых, настаўнікаў Уладзіміра Кажамяку, Людмілу Маркевіч, Тамару Анішкевіч, Святлану Юшко, вучняў Паўла Дударчыка, Яўгена Шапялевіча, Надзею Ярашэвіч, Яўгена Вараўку, Вадзіма Альшэўскага, Дзмітрыя Мікуцкага, Арцёма Бейнера, мясцовых жыхароў Мікалая Кутаса, Аляксандра Шушкевіча, Віктара Буркевіча і многіх іншых. Кола сяброў музея пашыраецца. Усіх назваць складана.

Праз сістэму краязнаўчай работы, на аснове магчымасцяў школьнага музея мы будуем сістэму выхаваўчай дзейнасці, якая мае абавязковы эфект. Гэта дасягаецца матывацыяй удзельнікаў працэсу. Дзейнасць, блізкая да сэрца кожнага, абавязкова пакідае там след. След павагі, грамадзянства, міласэрнасці, годнасці, след патрыятычных памкненняў і дзеянняў.

Менш важная форма, галоўнае – мэта. Галоўнае – працэс. Калі такі маральны працэс закладзены з дзяцінства – ён назаўсёды. Музей існуе з 1995 года, года 50-годдзя перамогі над фашызмам. 9 Мая мы адзначылі 15-годдзе. За гэты час сотні выхаванцаў працавалі ў гуртках на базе музея, яшчэ больш пабывалі тут на экскурсіях, уроках, мерапрыемствах, дзесяткі працавалі экскурсаводамі.

Роза ШЭРАЯ.

Фота забяспечана Розай ШЭРАЙ.

←В Минске пройдет трио-фест современного искусства "Ночь музыки"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика