Святло манастырскага акна

Источник материала:  

У Бабруйску будзе створаны адзiн з буйнейшых у рэспублiцы духоўна-асветнiцкiх цэнтраў

Кажуць, пакуль жывуць манастыры, дагэтуль будзе iснаваць чалавецтва. Яны будуць утрымлiваць яго на плячах высокай духоўнасцi, праз няспынныя малебны, звароты да Усявышняга. Тая зямля, дзе знаходзяцца падобныя святыя месцы, лiчыцца ўслаўленай.

 I ў гэтым сэнсе Бабруйску пашанцавала. Два гады таму тут адкрылi манастыр Святых жон-мiраносiц. Такое рашэнне прыняў сiнод Беларускай праваслаўнай царквы. Яго падтрымалi мясцовыя ўлады: манастыру быў выдзелены цэлы комплекс з амаль дзесятка збудаванняў у крэпасцi ХIХ стагоддзя. Праўда, спатрэбiлася значна пама-ладзiць старыя муры.

I тым не менш першы крок зроблены. Заставалася аднавiць i памяшканнi, i манастырскае жыццё. За гэтую добрую справу i ўзялiся настаяцельнiца мацi Раiса, яе памочнiкi, усе, хто неабыякава ставiўся да святога месца.

Не проста было. I усё ж, як кажуць, з божай дапамогай удалося шмат чаго зрабiць. Аўтар гэтых радкоў нядаўна пабываў у манастыры i змог сваiмi вачыма ўсё ўбачыць. Так, поўнасцю адбудаваны i прыняў належны выгляд манаскi корпус. Ён цяпер можа прыняць да дзесяцi чалавек. Апроч таго, поруч зна-ходзiцца дамавы храм, у якiм iдуць набажэнствы. Тут — рабочы пакой i адпачывальня настаяцельнiцы.

Цяпер майстры поўным ходам працуюць у суседнiм будынку, дзе раз-месцiцца Бабруйская епархiя: зроблены новы дах, кладзецца тынкоўка, падведзены неабходныя камунiкацыi. Плануецца, што да восенi ён будзе поўнасцю здадзены ў эксплуатацыю.

А на чарзе – рэканструкцыя наступнага памяшкання. Тут плануецца размясцiць хлебапякарню, швейную майстэрню, iншыя бытавыя пакоi. Другi паверх будзе аддадзены для пражывання манахам, колькасць якiх разлiчваюць павялiчыць да ста чалавек. Абсталююць i гасцiнiцу для паломнiкаў.

У цэнтры манастыра ўстаноўлены паклонны крыж, а недалёка ад яго хуткiм часам вырасце невялiкая царква ды iншыя рэлiгiйныя збудаваннi. Час не чакае, бо сюды з блiжэйшых i больш аддаленых мясцiн з просьбай прыехаць звяртаюцца людзi.

Манастыр акаймаваны вялiкiм мурам: з яго тэрыторыi прыбралi старыя дрэвы, смецце, завезлi сотнi кубаметраў зямлi. Я бачыў прыгожа высаджаныя кветкi, распрацаваныя грады, з якiх здымалi першы ўраджай. Жыццё манастыра пакрысе ажывае, хаця, як заўважыла мацi Раiса, каб усё было, шмат намаганняў трэба прыкласцi.

Аднак не расказаў я вось яшчэ пра што — манастыр актыўна займаецца ўзвядзеннем былога сабора святога Аляксандра Неўскага, якi iснаваў на працягу стагоддзя. Новы храм пакрысе ўздымецца на старым падмурку. Мне давялося бачыць ягоныя чарцяжы: уражвае i памерамi, i знешнiм выглядам.

Дык вось, калi, нарэшце, будзе пабудаваны сабор, ён разам з манастыром складзе агульны духоўна-асветнiцкi цэнтр – найбуйнейшы ў Магiлёўскай вобласцi i нашай краiне.

Вядома, хацелася б сёння самыя добрыя словы падзякi выказаць настаяцельнiцы комплексу, хаця сама яна гэта не вiтае. Святарка ўсю сябе аддае справе духоўнасцi, знаходзiць кантакт i паразуменне з рознымi людзьмi.

— Мацi Раiса, якi для вас сёння галоўны клопат, апроч будаўнiцтва? – спытаўся я.

— Вельмi хочацца, каб найхутчэй завiравала манастырскае жыццё, бо наш манастыр не намолены, амаль усё трэба пачынаць спачатку, — з надзеяй сказала настаяцельнiца.

На здымку: мацi Раiса падчас аднаго з манастырскiх суботнiкаў.

Фота: Мiкалай ДАВIДОВIЧ

←После драки крыльями не машут

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика