Прадзюсер Макс Фадзееў абвінаваціў АНТ у хлусні

Источник материала:  
31.05.2010 17:26 — Новости Культуры
Расійскі прадзюсер Макс Фадзееў асабіста нічога не выказваў тэлеканалу АНТ наконт выступлення беларусаў у фінале «Еўрабачання‑2010».

Пра гэта 31 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў першы намеснік старшыні кіраўніцтва ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Сяргей Хоміч.

Нагадаем, 31 мая расійскія і беларускія СМІ распаўсюдзілі заяву Макса Фадзеева, у якой прадзюсер паспяшаўся адхрысціцца ад выступлення беларускага гурту «3+2» на «Еўрабачанні» і абвінаваціў тэлеканал АНТ у падмане.

«Тое, што я ўбачыў у эфіры, выклікала ў мяне ў шок. Музыку дапісалі, касцюмы — неверагодныя», — адзначае ў адкрытым лісце да прадстаўнікоў СМІ Фадзееў. Ён таксама сцвярджае, што пасля паўфіналу ні разу не тэлефанаваў беларусам.

Аднак, паводле слоў Сяргея Хоміча, ён размаўляў з Фадзеевым пасля першага паўфіналу. «Падчас размовы Фадзееў пазітыўна настроіў музыкантаў, нумар яму спадабаўся, у тым ліку і ідэя з крыламі», — сказаў першы намеснік старшыні кіраўніцтва ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал».

Хоміч заявіў, што яму складана каментаваць апошнія выказванні Фадзеева, паколькі «яны зроблены ў абсалютна розным ключы».

«Можа быць, у Расіі некалькі Фадзеевых з рознымі меркаваннямі», — адзначыў прадстаўнік кіраўніцтва АНТ.

На думку Хоміча, тэлеканал «ні ў чым не павінен апраўдвацца, бо з Максам Фадзеевым не было дагавора аб тым, што ён цалкам рыхтуе нумар беларусаў да выступлення». Ён нагадаў, што расійскі прадзюсер напісаў музыку да песні, на яго студыі быў зняты кліп, а таксама пры яго садзейнічанні быў распрацаваны вобраз музыкантаў.

Разам з тым у АНТ ёсць усе правы на песню, на фанаграму, гэта значыць тэлеканал мае права распараджацца імі пад сваю адказнасць, падкрэсліў Хоміч.

Прадстаўнікі Беларусі — гурт «3+2» і шведскі піяніст Роберт Уэлс — з 18 баламі занялі перадапошняе, 24‑е, месца ў фінале міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне‑2010». Фінал прайшоў у ноч з 29 на 30 мая ў Осла (Нарвегія).

Беларусь удзельнічала ў конкурсе ў сёмы раз. За гэты час яе прадстаўнікам толькі двойчы ўдалося выйсці ў фінал. Лепшы вынік на «Еўрабачанні» паказаў Дзмітрый Калдун, які ў 2007 годзе заняў шостае месца.


Таццяна Дарашчонак, БелаПАН.

←«Кролик» Федута вручает премию (Видео)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика