У Мінску створаны Камерны духоўны тэатр цэнтра праваслаўнай культуры

Источник материала:  
26.05.2010 10:11 — Новости Культуры
У Мінску створаны Камерны духоўны тэатр цэнтра праваслаўнай культуры «Спадарожнік хрысціяніна», размешчанага на тэрыторыі сталічнага праваслаўнага прыхода абраза Божай Маці »Усіх тужлівых Радасць». Пра гэта паведаміў 25 мая ў Мінску на прэс‑канферэнцыі настаяцель прыхода мітрафорны протаіерэй Ігар Карасцялёў.

Паводле яго слоў, у адпаведнасці з пагадненнем паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы праект рэалізуецца ў межах рэспубліканскай духоўна‑асветнай праграмы »Сям’я — яднанне — Айчына». Сярод яе задач айцец Ігар назваў зацвярджэнне хрысціянскіх сямейных і маральных каштоўнасцей, ідэй духоўнага адраджэння нацыі, захавання шматвяковай гістарычнай спадчыны, а таксама выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, культуры сямейных адносінаў і здаровага спосабу жыцця.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра Камернага духоўнага тэатра Наталлі Башавай, праграма ўстановы скіравана на папулярызацыю асноў праваслаўнай культуры праз тэатральныя і канцэртна‑відовішчныя мерапрыемствы. Сярод іх Башава назвала музычныя, драматычныя і лялечныя спектаклі, канцэртныя праграмы для дзяцей і дарослых, літаратурна‑музычныя тэатральныя гасцёўні з удзелам вядомых калектываў, акцёраў і тэатральных дзеячаў, літаратурна‑музычныя прэзентацыі кніг выдавецтва Беларускага экзархату, вечары членаў творчых саюзаў, святы‑конкурсы духоўнай дзіцячай песні «Голас анёла», а таксама гала‑канцэрты ў рамках закрыцця праграмы «Сям’я — яднанне — Айчына» ў раённых цэнтрах.

Выканаўчы дырэктар тэатра паэт і кампазітар Вячаслаў Бабкоў паведаміў пра намер ажыццявіць музычны царкоўна‑дзяржаўны праект »Харавое поле» з удзелам усіх харавых калектываў краіны, якія сумесна выканаюць творы духоўнага мастацтва. Паводле яго слоў, гэты праект мяркуецца рэалізаваць да чарговага свята Вялікадня ў спартыўна‑відовішчным комплексе «Мінск‑Арэна».


БелаПАН

←Беларускамоўная дыскатэка ў апошні дзень вясны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика