Скарбы сівой даўніны

Источник материала:  
Скарбы сівой даўніны
Пошукі каштоўнасцяў гомельскага палаца працягваюцца
Палац Паскевічаў і Румянцавых у Гомелі, здаецца, найлепш захаваная старасвецкая рэзідэнцыя. Гледзячы на яе выявы мінулых стагоддзяў і нашага часу, бываючы ў залах, немагчыма, бадай, уявіць, што тут пакінулі свой след рэвалюцыі і войны. У адрозненне ад славутага нясвіжскага замка Радзівілаў, які паўстагоддзя быў санаторыем, гомельскі палац з 1919 года з’яўляўся дзяржаўным музеем. Аднак гэткі статус не выратаваў скарбніцу мастацтваў ад відавочных страт. Большасць каштоўнасцей расцярушаны па свеце, і супрацоўнікі музея яшчэ доўга будуць шукаць іх сляды. Пра тое, што збераглося і яшчэ можа быць знойдзена, мы пагаварылі з Уладзімірам Літвінавым, вядучым навуковым супрацоўнікам дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
— Чым адметны гомельскі палац сярод іншых помнікаў гэткага кшталту?
— У 1912 годзе гомельскі маёнтак Паскевічаў наведаў вядомы расійскі мастацтвазнаўца і мастак Г.К.Лукомскі, які назваў палац «скарбніцай мастацтва». Даследчык нічога не перабольшыў у сваёй ацэнцы. Палац у часы Паскевічаў уяўляў з сябе не толькі выдатнае архітэктурнае збудаванне, але і ўнікальнае сховішча найбагацейшых калекцый прадметаў даўніны і твораў мастацтва. Яго інтэр’еры ўпрыгожвалі жывапісныя палотны і скульптуры вядомых рускіх і замежных майстроў, калекцыі мастацкага шкла з Англіі і Багеміі (рэгіён сучаснай Чэхіі), фарфору з Германіі, Англіі, Расіі і Кітая, бронзавых гадзіннікаў і кандэлябраў з Францыі, дываноў і габеленаў з Ірана, Турцыі, Бухары (цяпер тэрыторыя Узбекістана) і Германіі, мэбля і прадметы аздаблення памяшкання работы італьянскіх, французскіх, аўстрыйскіх, нямецкіх і ўсходніх майстроў. У прасторных залах для агляду гасцей былі выстаўлены таксама багацейшыя калекцыі манет і медалёў, рускіх і замежных узнагарод, ваенных рэліквій і многае іншае. На трэцім паверсе палацавай вежы размяшчалася вялізная бібліятэка, якая налічвала ў пачатку ХХ стагоддзя больш за 20 тысяч тамоў і ўключала рэдкія рукапісы і кнігі XVI–XIX стагоддзяў.
— Калі я быў у вежы, экскурсаводы казалі, што яна, бадай, адзіны з корпусаў палаца, які адлюстроўвае інтэр’ер часоў Паскевічаў у найбольш поўным выглядзе. Дзе падзелася ўсё іншае?
— Пасля рэвалюцыі 1917 года маёнтак Паскевічаў быў нацыяналізаваны, а каштоўнасці ў 1919 годзе перайшлі да Гомельскага мастацка-гістарычнага музея імя А.В.Луначарскага. На жаль, вялікую шкоду палацу нанёс пажар 1919 года, звязаны з падзеямі антысавецкага Стракапытаўскага мецяжу. Значная частка выратаваных з агню скарбаў (пераважна вырабы са срэбра і золата) была вывезена ў Маскву. У 1920-я гады больш за 800 прадметаў мясцовае начальства «размеркавала" паміж губернскім выканкамам, культурна-асветніцкімі ўстановамі пры Доме Чырвонай Арміі, фабрыцы «Везувій», кінатэатрам імя М.І.Калініна і іншымі. Пры гэтым, разам з прадметамі, якія спатрэбіліся для аздаблення інтэр’ераў кабінетаў, канфіскоўваліся і такія рэчы, як, напрыклад, каралі з гранату і жэмчугу, медальёны з камеямі, мініяцюрныя партрэты цароў, сярэбраны кішэнны гадзіннік Ф.І.Паскевіча, сталовы посуд...
— Няўжо ўсё гэта рабілася на законных падставах, а музейныя супрацоўнікі аддавалі скарбы палаца ў іншыя ўстановы добраахвотна?
— Кіраўніцтва музея ў асобе яго першага дырэктара І.А.Маневіча спрабавала супрацьстаяць фактычнаму разбазарванню бясцэнных рэліквій, але ... На змену няўступліваму дырэктару прыйшоў іншы, а “ўцечкі” прадметаў з палаца не прыпыніліся. Рэчы па-ранейшаму забіралі сабе губернскі аддзел народнай адукацыі, Дом працоўнага селяніна, Антыкварны экспартны фонд, Фонд дапамогі галадаючым.
— Мяркуючы па назвах апошніх арганізацый, некаторыя прадметы вывозіліся і за мяжу СССР. Калі ж спынілася гэткае своеасаблівае “размеркаванне” каштоўнасцей?
Скарбы сівой даўніны — У 1939 годзе ў Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя БССР. Нямала твораў выяўленчага мастацтва (карціны, скульптуры) было перададзена туды. І разам з тым вядома, што больш за паўсотні рэдкіх прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва было «ўзята» ці нават «рэквізавана» ў Маскву.
— Вядома, што мінская карцінная галерэя моцна пацярпела ў вайну. А якая доля напаткала гомельскі палац?
— Нягледзячы на тое, што, па сведчаннях відавочцаў, эвакуацыя большай часткі экспанатаў праходзіла арганізавана, вывезена было не ўсё. Лёс таго, што засталося ў Гомелі, нам невядомы, але і лёс таго, што ўдалося з горада адправіць, аказаўся трагічным. Месцам эвакуацыі музейных каштоўнасцей быў вызначаны спачатку Сталінград, затым Урупінск і Камышын. Пытанне аб тым, як маглі калекцыі захавацца ў амаль сцёртым з твару зямлі Сталінградзе, не патрабуе адказу. Самым яркім сведчаннем з’яўляецца той факт, што з 7 540 прадметаў, якія лічыліся ў фондах музея да вайны, у Гомель пасля яе заканчэння вярнулася крыху больш за 300.
— Нямнога. Як з таго, што засталося, удалося стварыць паўнацэнную экспазіцыю?
— У савецкі час палац займаў Палац піянераў і музей. Затым, у 2003–2006 гады, практычна ўсе рэчы, звязаныя з сям’ёй Паскевічаў, творы мастацтва з дарэвалюцыйных збораў, занялі свае месцы ў мемарыяльных і інтэр’ерных экспазіцыях, якія ствараліся ў палацы пасля заканчэння ў ім рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Не было мэблі, якая знаходзілася ў памяшканнях будынка да 1917 года, таму ў антыкварных крамах і ў прыватных асоб набываліся прадметы, якія тыпалагічна, стылістычна і храналагічна адпавядалі б духу палаца.
— Спадар Уладзімір, ці рабіліся захады дзеля пошуку прадметаў, што зніклі ў 1941 годзе?
— Рабіліся, працягваюцца і цяпер. На жаль, запыты ў маскоўскі Дзяржаўны гістарычны музей і Валгаградскі абласны краязнаўчы музей вынікаў не прынеслі. А кантакты з музеямі нашай краіны далі плён. Так, была зроблена копія карціны М.Залескага “Палац Паскевічаў у Гомелі”, якая знаходзілася ў гомельскім палацы, згодна з вопісам, яшчэ ў дарэвалюцыйны перыяд, але цяпер захоўваецца ў мінскім Нацыянальным гістарычным музеі. З Нацыянальнага мастацкага музея нам перададзены ў дэпазіт (часовае захоўванне) і экспануюцца тры жывапісныя палатны ХIX стагоддзя і бюст імператрыцы Аляксандры Фёдараўны работы скульптара Рауха, які знаходзіўся раней у гомельскім палацы.
— А ў антыкварных крамах “усплывалі” рэчы з палаца?
— Яшчэ ў пасляваенныя гады ў жыхароў Гомеля былі закуплены некалькі прадметаў мэблі, якія маглі мець палацавае паходжанне. У 2008 годзе ўдалося набыць ювелірныя вырабы, якія маглі належаць апошняй гомельскай княгіні — Ірыне Іванаўне Паскевіч. Згадаю шматлікія паданні аб падарунках, якія атрымлівалі работнікі маёнтка Паскевічаў ад іх уладальнікаў, а значыць, ёсць надзея, што ў жыхароў нашага горада яшчэ могуць захоўвацца прадметы, звязаныя з палацам. Я звяртаюся да гамяльчан, беларусаў у Маскве, Валгаградзе з просьбай аказаць дапамогу ў пошуку прадметаў, якія звязаны сваім паходжаннем з палацам Паскевічаў. Мы будзем рады любой інфармацыі і гатовы набыць або прыняць у дар рэчы, якія маюць вялікае значэнне для Гомеля і ўсёй нашай краіны.

Віктар Корбут

←Віктар Шалкевіч ачшаслівіў сваіх слухачоў сёмым альбомам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика