У Мінску пройдзе прэзентацыя альбома Аляксея Жбанава
30 красавіка а 19:00 у бібліятэцы імені Пушкіна адбудзецца прэзентацыя альбома барда Аляксея Жбанава “Песні для мамы”.
Гэтая кружэлка — падарунак аўтару ад сяброў і прыхільнікаў творчасці. У дэбютным альбоме Аляксея Жбанава сабраныя песні, напісаныя ў Мінску і Маскве ў 1997 — 2009 гадах. Спевы на ўласныя вершы і на вершы любімых паэтаў аўтар складае ў гісторыю вандровак па чужыне, тугі па радзіме і шчаслівага вяртання дахаты, спасціжэння хараства роднай зямлі і людзей навокал, расказаную самаму дарагому чалавеку — маці. (Альбом прысвячаецца светлай памяці Зінаіды Панфілаўны Жбанавай).
Аляксей Жбанаў нарадзіўся 22 красавіка 1979 года ў Мінску. Піша вершы і песні па-руску і па-беларуску, перакладае з нямецкай і сербскай моваў. Удзельнік творчага праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”. Жыве ў Мінску.
Удзел у канцэрце возьмуць сябры спевака: музыкі Раман Абрамчук, Андрусь Такінданг, паэты Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч і іншыя.