Краязнаўцы Гродна прапануюць перайменаваць імем Карпюка праспект Горкага

Источник материала:  
21.04.2010 15:19 — Новости Культуры

Краязнаўцы Гродна прапануюць перайменаваць імем Карпюка праспект Горкага

Краязнаўцы Віктар Саяпін, Алесь Госцеў, Віталь Карнялюк і Андрэй Вашкевіч звярнуліся да старшыні Гродзенскага гарвыканкаму Барыса Казялкова з прапановай перайменаваць вуліцу Горкага ў праспект Аляксея Карпюка.

Ліст з абгрунтаваннем дадзенай прапановы перададзены ў гродзенскі гарвыканкам. Краязнаўцы сцвярджаюць, што калі гарадскія ўлады чарговы раз праігнаруюць справу ўшанавання памяці пісьменніка на гарадскіх вуліцах, яны будуць звяртацца па дапамогу да жыхароў горада і творчай і навуковай інтэлігенцыі Гродна і краіны. Яны сцвярджаюць, што галоўнае не столькі дабіцца перайменавання вуліцы Горкага ў праспект Карпюка, колькі паказаць актуальнасць ушанавання памяці лепшых людзей горада. Ужо нават вялікім дасягненнем з боку ўладаў было б дазволіць павесіць на доме пісьменніка памятную шыльду, што было вырашана гарвыканкамам яшчэ ў 1993 годзе.

Тэкст звароту да Б. Казялкова:

Паважаны Барыс Мікалаевіч.

У гэтым годзе 14 красавіка мы ўспамінаем пра 90-я ўгодкі з дня нараджэння беларускага пісьменніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Аляксея Нічыпаравіча Карпюка (1920-1992).

У гродзенскі перыяд жыцця А.Н. Карпюка ўмясцілася кіраванне рэспубліканскім музеем гісторыі рэлігіі (1977-1982 гг.), 19-ці гадовае кіраванне гродзенскім абласным аддзелам Саюза пісьменнікаў Беларусі. І праз увесь гэты час ствараліся яго глыбокія, яскравыя кнігі. Сярод іх — «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (1960), «Пушчанская адысея» (1964), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Карані» (1988).

За баявыя заслугі А.Н. Карпюк быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Яго літаратурная дзейнасць знайшла дзяржаўную ацэнку ў ганаровым званні заслужанага работніка культуры БССР (1980), Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986). У 1992 г. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кэмбрыджы (Англія) вылучыў Карпюка на званне «Чалавек года».

А.Н. Карпюк з’яўляецца ўзорам беларускага інтэлігента, творцы, патрыёта нашай краіны, нашага горада Гродна. У шэрагу школьных музеяў г. Гродна — музеі гісторыі педагогікі ліцэя №1, музеі гісторыі вуліц г. Гродна (СШ №26), гісторыі адукацыі Гродзеншчыны (Абласны інстытут удасканалення настаўнікаў г. Гродна), музеі Я.Ф. Карскага гімназіі №1, музеі партызанскай брыгады імя К. Каліноўскага (СШ №20) знайшлі сваё месца экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю А.Н. Карпюка.

Зыходзячы з гэтага ініцыятыўная група гродзенскай інтэлігенцыі хадайнічае аб разглядзе на гарадскім Савеце народных дэпутатаў наступных дзвух ініцыятыў:

1. Імя А.Н. Карпюка мае ўсе падставы знайсці сваё месца ў тапаніміцы горада Гродна. Найбольш прыдатны варыянт — пераназваць імем А.Н. Карпюка праспект Горкага.

Па-першае, таму, што на праспекце месціцца дом, дзе да канца жыцця жыў А.М. Карпюк са сваёю сям’ёй.

Па-другое, гэты праспект — аднагодак творчасці Аляксея Нічыпаравіча. Адна з прыгажэйшых вуліц горада, праспект удасканальваецца, увасабляе тую радасць жыцця, якую ўсімі сваімі творчымі сіламі ўдала спрабаваў сцвярджаць А.Н. Карпюк.

Па-трэцяе, месцазнаходжанне праспекта Карпюка, а ў будучым, хочацца спадзявацца і літаратурнага музея пісьменніка, уключыць гэтую частку Гродна ў турыстычную карту горада.

2. Як знак памяці пра А.Н. Карпюка варта стварыць і павесіць памятную дошку на доме, дзе жыў славуты пісьменнік. Сям’я пісьменніка мае матэрыял для такой дошкі. Трэба вызначыцца з праектам і выкананнем гэтай скульптурнай працы.

Глядзі яшчэ:
14 красавіка аўтару «Дануты» споўнілася б 90 гадоў


Harodnia.com

←Хореографическую историю о том, как не пропустить жизнь, можно увидеть на сцене Большого театра Беларуси.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика