Дабрачынная фотавыстава Аляксандра Ждановіча «Адваротны бок зорак» зноў адкарыта — у інтэрнэце
Нарэшце з’явіўся сайт, куды перамясціўся датэрмінова закрыты (па надуманых ідэалагічных прычынах) «Адваротны бок зорак» — выстава канцэртных фотаздымкаў Аляксандра Ждановіча (Tarantino), якую арганізоўвала грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».
Як і было запланавана, на сайце можна набыць працы фатографа. Пачынаючы з 1 красавіка да 22 красавіка, фотаздымкі будуць даступныя для замовы і набыцця ў рэжыме on-line. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу «Адваротнага боку зорак», пойдуць у дабрачынны фонд «Добра тут» на патрэбы Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Каб дапамагчы дзецям і стаць уласнікам фотаздымкаў выставы, трэба зайсці на сайт www.tarantino.by, выбраць працы, што спадабаліся, і аформіць замову.
На сайце ўказаныя банкаўскія рэквізіты фонду «Добра тут», куды пойдуць грошы за фотаздымкі праз любое аддзяленне «Беларусбанка». Замовіць працу можна будзе on-line, тут жа, на старонцы ў раздзеле «Набыць фотаздымак». Набытыя працы будуць пазначаныя спецыяльным чырвоным кружком у правым ніжнім куце. Пералічыўшы грошы і атрымаўшы квітанцыю аб іх пераводзе, чалавек становіцца паўнавартасным уладальнікам працы, але атрымае яе не раней 22 красавіка. У гэты дзень выстава зноў фізічна з’явіцца перад усімі жадаючымі.
22 красавіка ў клубе «Рэактар» у Мінску грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», гурт IQ48 і Мясцовы дабрачынны фонд «Добра тут» ладзяць дабрачынны канцэрт «Добры Фэст». У межах фэсту выстава пройдзе у апошні раз і пасля заканчэння канцэрта фотаздымкі будуць раздадзеныя сваім паўнавартасным уладальнікам.