Багацце супольнай спадчыны
01.04.2010
—
Новости Культуры
Міністр культуры Літвы зацікавіўся беларускім музеем у Вільні
Як вядома, у пачатку сакавіка Рэмігіюс Вілкайціс наведаў Мінск па запрашэнні міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі. Перагаворы прывялі да заключэння Праграмы супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Беларуссю і Літвой на 2010–2011 гады. Музычныя калектывы, тэатральныя трупы нашых краін у бліжэйшыя два гады арганізуюць узаемныя візіты, гастролі. Таксама праграма павінна паспрыяць абмену спецыялістамі для работы ў сховішчах бібліятэк, архіваў, музеяў па вывучэнні і збору неабходнай інфармацыі пра культурную спадчыну.
Не сакрэт, што ў сталіцы Літвы захоўваецца велізарны масіў дакументаў, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія маюць беларускае паходжанне. Значная частка гэтых каштоўнасцей паходзіць з Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у Вільні з 1921 да 1945 года.
65 год таму музей быў падзелены на дзве часткі. Адна засталася ў Вільні і была размеркавана паміж архівамі, бібліятэкамі і музеямі літоўскай сталіцы. Рэшту адправілі ў Мінск. Аднак яшчэ ў 1941 г. і паўторна пасля вайны ўрад Беларусі патрабаваў поўнай перадачы беларускага музея ў Мінск.
Але сталася як сталася. Між тым, вось ужо дваццаць год беларуская грамадскасць Вільні і вучоныя ў Мінску ставяць пытанне пра аднаўленне музея імя Івана Луцкевіча як самастойнай дзяржаўнай навуковай установы.
Карэспандэнт “Голасу Радзімы” пацікавіўся ў міністра культуры Літвы, ці рэальна станоўчае вырашэнне гэтай праблемы. Рэмігіюс Вілкайціс адказаў, што гатовы разгледзець справу і паспрыяць яе вырашэнню, калі атрымае афіцыйны запыт з боку Міністэрства культуры Беларусі. Дарэчы, яшчэ летась, у лістапа-дзе, рабочая група міністэрстваў культуры Літвы і Беларусі па пытаннях аховы сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны распрацавала канцэпцыю стварэння электроннай базы дакументаў, якія захоўваліся ў віленскім беларускім музеі.
Зрэшты, як адзначыў Рэмігіюс Вілкайціс, цяпер найбольш актуальная праблема — інфармаванне літоўцаў пра сучасную беларускую культуру: “На жаль, у нас мала ведаюць пра тое, чым цяпер жыве ваша краіна. Хаця я заўважыў, што беларусы вельмі беражліва ставяцца да сваёй культуры, гісторыі”.
Дарэчы, кніжную культуру Беларусі ацаніла нядаўна і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Яна зацікавілася энцыклапедыямі “Вялікае княства Літоўскае”, “Города, местечки и замки Великого княжества Литовского”, альбомам “Беларусь и Литва: вместе через столетия” ў час кніжнага кірмашу, які праходзіў у лютым у Вільнюсе. Спадарыня прэзідэнт адзначыла, што “тэматыка беларускіх кніг сведчыць пра вялікую ўвагу, якую надае кіраўніцтва Беларусі патрыятычнаму выхаванню моладзі”. А кнігі гэтыя прысвечаны ў асноўным гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Па гэтай тэме абедзве краіны плануюць і надалей развіваць супрацоўніцтва — і не толькі ў сферы культуры, але і турызму.
Міністры культуры Беларусі і Літвы ініцыявалі стварэнне сумесных культурна-турыстычных праектаў “Замкі Вялікага княства Літоўскага”, “Вядомыя роды Вялікага княства Літоўскага”, а таксама заявілі аб жаданні правесці ў Бруселі сумесную беларуска-літоўскую выставу. Неўзабаве ж у ЮНЕСКА будзе пададзена беларуска-літоўская заява аб святкаванні ў 2015 го-дзе на сусветным узроўні 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара неўміручага паланеза “Развітанне з Радзімай”.
Краіны пачалі разам папулярызаваць сваю супольную спадчыну. Магчыма, крокі ў гэтым кірунку прывядуць і да стварэння сумесных культурных устаноў, першай з якой мог бы стаць музей імя Івана Луцкевіча. Пакуль жа Міністэрства культуры Беларусі плануе ўсталяваць
мемарыяльную дошку на адным з дамоў у Вільнюсе, дзе ў канцы XIX стагоддзя працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч, адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.
Віктар Корбут