Легенды “Дома масонаў”

Источник материала:  
25.03.2010 01:00 — Новости Культуры

Легенды “Дома масонаў”Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адзначыў савё 20-годдзе, а знакаміты будынак, дзе ён знаходзіцца -- 200-годдзе.

З нагоды гэтых памятных дат з сённяшняга дня ў музеі пачынае працаваць святочная экспазіцыя. Напярэдадні карэспандэнт “БН” сустрэўся з яго супрацоўнікамі, якія распавялі, што цікавага могуць пабачыць на ёй гледачы і чаму столькі легенд ходзіць вакол так званага Дома масонаў.

-- У будынка нашага музея, які знаходзіцца ў Музычным завулку, 5, вельмі незвычайная і багатая гісторыя, -- інтрыгуе яго дырэктар Зінаіда Кучар. -- Ён быў пабудаваны ў далёкім 1810 годзе і ў розны час належаў найбагацейшым грамадзянам Мінска. Згодна з пецярбургскім альбомам 1908 года, які прысвечаны архітэктуры новых форм, гэты будынак адзін з першых ў Расійскай імперыі меў наватарскі прынцып пабудовы.  Тады  Мінск быў невялічкім горадам, дзе шматпавярховыя дамы былі рэдкасцю. Таму наш трохпавярховы будынак ружовага колеру пад зялёным дахам, які стаяў на высокім узгорку, дзякуючы сваёй незвычанай архітэктуры прыцягваў да сябе шмат увагі гараджан. Ён быў незразумелы, а незразумелае абавязкова нараджае вакол сябе легенды і плёткі. Вось чаму цікаўныя гараджане з лёгкасцю звязалі гэты дом з масонамі. Якраз на той час прыходзіцца росквіт масонскага руху на Беларусі. У розных куточках нашай краіны ствараюцца масонскія ложы, куды ўваходзілі надзвычай адукаваныя і таленавітыя людзі арыстакратычнага паходжання. Яны насілі чорную вопратку, цыліндры, белыя пальчаткі і кійкі. У адной з гарадскіх легенд гаворыцца, што з вышыні птушынага палёту будынак нашага музея нагадвае масонскі крыж, але пацверджанняў гэтаму няма. Ужо дакладна вядома, што ніякіх паседжанняў масонскай ложы тут не было. Таму Дом масонаў -- звычайная вулічная назва гэтага будынка.
Легенды “Дома масонаў”Але дыму без агню, як вядома, не бывае. Некаторыя з уладальнікаў дома ці іх родныя сапраўды належалі да масонаў. Напрыклад, у 1840 годзе тут жыў Чэслаў Манюшка, бацька знакамітага Станіслава Манюшкі. Да іх у госці часта наведваўся іх сваяк Томаш Зан, сябар Адама Міцкевіча і, па некаторых звестках, таксама масон.
-- Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры -- адзін з самых маладых у рэспубліцы, -- распавядае Зінаіда Лявонцьеўна. -- Рэстаўрацыя будынка ішла дванаццаць гадоў, і ў 2001-м мы змаглі прадставіць гледачам першую пастаянную экспазіцыю. Было вельмі складана, бо гаворка ідзе не пра музей тэатральнай і музычнай культуры, дзе можна прымяркоўваць экспазіцыі да пэўнай тэматыкі, а менавіта пра музей гісторыі гэтых відаў мастацтва на Беларусі. Трэба было пачынаць з самых вытокаў. Таму падчас наведвання гледачы могуць пазнаёміцца з найбольш распаўсюджанай формай музыцыравання сярод нашых продкаў -- “траістай музыкай” -- скрыпка, бубен, гармонік, пабачыць жывое батлеечнае прадстаўленне. Акрамя таго, на спецыяльнай святочнай экспазіцыі ўпершыню будуць прадстаўлены архіўныя дакументы, якія раскажуць пра былых уладальнікаў гэтага будынка.
Кожны экспанат музея мае сваю багатую гісторыю, бо большасць з іх -- асабістыя рэчы, якія належалі выбітным дзеячам тэатральна-музычнай сферы Беларусі. Тут і нямецкі раяль опернай спявачкі Ларысы Александроўскай, якому ўжо больш за сто гадоў, але ён так жа прыгожа гучыць на кожным музычным мерапрыемстве, якія ладзяцца ў музеі, і асабістыя рэчы музы Янкі Купалы актрысы Паўліны Мядзёлкі. Альбо вытанчаныя ружовыя пуанты знакамітай балярыны Аляксандры Мікалаевай, у якіх яна танцавала свае самыя знакамітыя спектаклі. Калі дакранаешся да гэтых рэчаў, перад вамі раскрываецца ва ўсіх сваіх фарбах не толькі эпоха, але і персанальны густ іх уладальнікаў. Зоркі становяцца бліжэй…  
Арына САНДОВІЧ, “БН”
НА ЗДЫМКАХ: таямнічы будынак масонаў; трафейны раяль знакамітай АЛЕКСАНДРОЎСКАЙ.
Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, “БН”

←КТО НЕ РИСКУЕТ — НЕ ПЬЕТ ШАМПАНСКОГО?..

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика