Жамчужына беларускага Палесся. Жамчужынай Палесся, нават сэрцам яго здавён ахрысцілі Піншчыну — самабытны і гасцінны край на поўдні Беларусі
Пінчукі кажуць, што гэта найутульнейшы ды найпрыгажэйшы куточак зямлі. І наўрад ці памыляюцца. Пінскія балоты сёння неацэнны здабытак рэгіёна. Дзеля іх сюды прыязджаюць вучоныя і аматары прыроды з усяго свету, каб пазнаёміцца з унікальнымі прадстаўнікамі флоры і фауны, якія не маюць аналагаў у іншых еўрапейскіх краінах. У вёсачках тут захаваліся народныя традыцыі і старажытныя абрады, рамёствы продкаў. Тут і цяпер жыве каларытная паляшуцкая мова, песні на якой здаюцца асабліва мілагучнымі.
Нашчадкам — ад пінскай шляхты
Галоўная аздоба Месткавічаў, якія адлічваюць сваю гісторыю з ХV стагоддзя, — Свята-Траецкая царква, адзін з найстарэйшых помнікаў драўлянага дойлідства на Піншчыне. У ХІХ стагоддзі вёску засяляла пінская шляхта. Дык вось на ахвяраванні Васіля Качаноўскага, Адама Зашчынскага і Пацея Даманоўскага ў 1875 годзе і быў пабудаваны гэты прыгожы храм са стромкай званіцай, што ўпіраецца сваім вострым шпілем у самае неба. Фасад багата насычаны разным дэкорам. Тут цесна перапляліся формы класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю.Падчас Першай сусветнай вайны Месткавічы апынуліся на лініі фронту. Пра тыя часы нагадвае магутны дот акурат за царкоўнай агароджай. Амаль 100 гадоў таму ён трымаў пад кантролем перакрыжаванне пяці палескіх дарог, якія сыходзіліся ля сцен храма.
Мора цюльпанаў... над галавой
Вёска Парэчча колісь належала старажытнаму роду Скірмунтаў — прамыслоўцаў, дзяржаўных дзеячаў, знаўцаў культуры. У ХІХ стагоддзі Раманам Скірмунтам тут была пабудавана вялікая суконная фабрыка, усю тэхналогію для якой распрацаваў сам гаспадар — аж да высадкі адзінай па тым часе ў Расійскай імперыі плантацыі варсавальных шышак.А яшчэ тут быў закладзены цудоўны парк, дзе поруч з палескімі дубамі, якім зараз па 100—160 гадоў, і сёння растуць рэдкія экзоты. І самы ўнікальны сярод іх — цюльпанавае дрэва, адно з найпрыгажэйшых і найвялікшых дрэў Паўночнай Амерыкі. Хараство яго падчас цвіцення не перадаць словамі. Цудоўныя жоўта-зялёныя кветкі зусім падобныя да “зямных” цюльпанаў. Зрэшты, нават калі яно не цвіце, нельга адарваць вока ад незвычайнай прыгажосці лістоты. Уздоўж дарогі да фабрыкі Раман Скірмунт пасадзіў шэсць цюльпанавых дрэў. Сёння на тэрыторыі помніка прыроды рэспубліканскага значэння “Парк “Парэчча” захавалася толькі адно.
Чаравічак багіні Венеры
Сімпатычную палескую вёсачку Ізін ведаюць далёка за межамі Піншчыны па аднайменным батанічным заказніку, што раскінуўся побач. Дубова-грабавыя лясы, саснякі, беразнякі, балоты. Тут насамрэч нейкім дзіўным чынам захаваліся рэліктавыя прадстаўнікі флоры, якія раслі на Палессі яшчэ ў эпоху мамантаў. Менавіта тут сустрэнеш незвычайную, проста фантастычную кветачку — венерын чаравічак. Незвычайна прыгожыя лясныя лужкі падчас цвіцення венерыных чаравічкаў. Яркая зеляніна буйных лістоў, вялікія, арыгінальныя па афарбоўцы і форме кветкі. Адзін з ніжніх пялёсткаў мае своеасаблівую напухлую форму, чымсьці і сапраўды нагадваючы вытанчаны туфлік. Венерын чаравічак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і сустракаецца зараз толькі на ахоўваемых тэрыторыях.
Заступніца палешукоў
Адзіны на Піншчыне гарадскі пасёлак Лагішын месціцца па дарозе з Івацэвічаў на Пінск. Вы проста не зможаце не прыпыніцца ў цэнтры паселішча, дзе поруч купаламі ўзносяцца ў неба — нібы спаборнічаюць у сваёй прыгажосці — белакаменная праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква і чырвоны каталіцкі касцёл святых Пятра і Паўла. А людзі тут жывуць у поўным суладдзі — і праваслаўныя, і каталікі. І аднолькава шануюць агульную заступніцу — Маці Божую Лагішынскую, якая вось ужо больш за 300 гадоў ахінае палешукоў сваёй міласцю. Цудадзейны абраз, які мае сваю гісторыю, захоўваецца сёння ў алтары касцёла.
Жывой вады крыніца
Крыніца каля вёскі Ахова — адна са славутасцей наваколля. Вада яе лічыцца гаючай і нават святой. Каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. Старажылы ўзгадваюць, што чысцюткая халодная вада тут біла з-пад зямлі заўжды. Прынамсі, дзед ветэрана Вялікай Айчыннай Васіля Гаўрылавіча Казака, які пражыў у Ахове сто гадоў, распавядаў унуку, што яшчэ пры царскай Расіі крыніца была дагледжанай і добраўпарадкаванай. Дый сам Васіль Гаўрылавіч памятае, што да вайны стаялі на гэтым месцы дзве каплічкі — каталіцкая і праваслаўная. Збудаванні вайну не перажылі, а крынічка захавалася. Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя грамадою над ёй адбудавалі праваслаўную капліцу, абставілі абразамі. Тут захоўваецца і стары чыгунны крыж, які выаралі ў полі. Мясцовы святар айцец Мікалай па даўняй вясковай традыцыі на свята Макавея асвячае ў крыніцы ваду.
Па вобразу французскага Версаля
“Гэта нешта незвычайнае... Парк пабудаваны па вобразу французскага Версаля” — так вядомы рускі гісторык Бранеўскі пісаў пра парк у вёсцы Дубае, наведаўшы яго ў 1810 годзе.Дзесяткі розных парод дрэваў і экзатычных кустоў былі завезены ў Дубае з розных краін свету яшчэ напрыканцы ХV стагоддзя і з таго часу прыцягвалі ўвагу вандроўнікаў, мастакоў, батанікаў, прадстаўнікоў іншых навук. У 1784 годзе тут прымалі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які наведаў Піншчыну з прычыны адкрыцця Каралеўскага (Дняпроўска-Бугскага) канала. Аснову кампазіцыі парку складае водная сістэма, аналагаў якой няма ў Беларусі. Яна мае строга сіметрычнае рашэнне і складаецца з прамалінейных каналаў, чатырох вадаёмаў у выглядзе прамавугольнікаў і цэнтральнага круглага. Апярэзвае парк перыферыйны канал. Папярочныя ж падзяляюць яго на шэсць баскетаў, размешчаных сіметрычна асноўнай восі. Мінула больш за 200 гадоў з часу будаўніцтва воднай сістэмы, але яе берагі захавалі прамалінейнасць, выразнасць канфігурацыі. Праўда, апошнім часам вадаёмы тут значна абмялелі, паабрасталі дрэвамі і кустамі, але ў цэлым сістэма досыць добра захавалася і можа быць без асаблівых цяжкасцей адноўлена.
Вялікі Пінскі канал
На старым тракце, які з паўночнага захаду ўздоўж Ясельды вядзе да Пінска, вам трапіцца вёска Мерчыцы. Каля яе, ад Ясельды, адной з прыгажэйшых палескіх рэчак, бярэ свой пачатак славуты Агінскі канал — справа ўсяго жыцця гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Ідэя аб’яднаць Ясельду і Шчару, каб звязаць басейны Прыпяці і Нёмана, а Палессе — край непраходных балотаў — з портамі Балтыйскага і Чорнага мораў, належыць адметнаму гаспадарчаму дзеячу Рэчы Паспалітай падстаросту Пінскаму Матэушу Бутрымовічу.Будаўніцтва канала, які яшчэ называлі Вялікім Пінскім, Целяханскім, а таксама “портам Агінскага”, пачалося ў 1765 годзе, а завяршылася ў 1786-м. Сёння замшэлыя доты ўздоўж берагоў нагадваюць, што ў Першую сусветную вайну канал апынуўся ў зоне баявых дзеянняў. Поўнасцю ён быў адноўлены ў 1928 годзе. З пачаткам навігацыі ад Целяханаў да Слоніма цягнуліся чароды плытоў. З Пінска па воднай артэрыі курсіраваў калёсны параход “Секунда”. Ёсць спадзяванне, што Агінскі канал набудзе новае жыццё яшчэ пры нашым жыцці і памяці, і пінчукі зноў паедуць на белым караблі да Чорнага мора.