Новы альбом “Ляпіса Трубяцкога” праслухаюць у Японіі

Источник материала:  
Новы альбом “Ляпіса Трубяцкога” праслухаюць у Японіі
“Ляпіс Трубяцкой” збіраецца выдаць альбом у Еўропе, а прыхільнікаў у краінах СНД парадуе дэма-версіяй новай песні.Днямі на старонцы гурта ў сацыяльнай сетцы Kroogi з’явілася інфармацыя, што калектыў закрывае вольны доступ да свайго апошняга альбома “Культпросвет”. Робяць гэта музыкі, каб заходнім выдаўцам было прасцей прадаваць запланаваны “еўрапейскі” альбом. Як распавёў Еўрарадыё прадзюсер “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў, назва новага рэлізу яшчэ не вызначаная, але вядома, што з’явіцца дыск бліжэй да лета. Лэйбл, які выдае альбом, пакуль трымаецца ў сакрэце.

Яўген Калмыкоў: “На дыску будзе “зэ бэст” з трох апошніх альбомаў - “Капитал”, “Манифест” і “Культпросвет”. Мы вырашылі нават не выконваць песні на англійскай ці нямецкай мовах, хоць і былі такія думкі. Гэта будзе чысты “Ляпіс Трубяцкой”.

Па словах Калмыкова, дыстрыб’юцыя будучага альбома захопіць нават Японію. Але дакладнага еўрапейскага графіку выступаў-прэзентацый пакуль няма. Ён цяпер фармуецца. Сама ж ідэя выдаць дыск на новай тэрыторыі з’явілася па вельмі простых прычынах:

Яўген Калмыкоў: “Яна з’явілася з-за таго, што нам раптоўна захацелася ездзіць з канцэртамі ў Еўропу”.

Варта дадаць, што за паўгода “Культпросвет” спампавалі 40 тысяч чалавек. Прыкладна тысяча з іх зрабілі ахвяраванне музыкам на агульную суму ў 2 тысячы долараў. Што ж датычыць продажу альбома на дысках, то Яўген прызнаўся, што такой інфармацыяй не валодае:

Яўген Калмыкоў: “Мы проста мала гэтым цікавімся. Мы ўжо даўно ставімся да альбомаў, як да рэкламы нашых канцэртаў”.

Дадамо, што зараз на старонцы музыкаў ў сацыяльнай сетцы Kroogi замест альбома можна спампаваць дэма-версію новай песні "Феникс", якую франтмэн калектыву Сяргей Міхалок запісаў на кухні. І нагадаем, што ў гэты момант “Ляпіс Трубяцкой” знаходзіцца ў “Культпрасвет-туры” па Беларусі.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика