Мармазяўр ідзе!
Аліса (Мія Васікоўскі) |
«Аліса ў краіне цудаў» ЗША, 108 хв., казка, прыгоды. Рэж. — Цім Бёртан. У ралях: Джоні Дэп, Хэлена Бонэм-Картэр.
Ці не самы паспяховы дзівак Галівуда Цім Бёртан зняў казку для дзяцей. «Эдвард—рукі-нажніцы», «Вялікая рыбіна», «Шакаладная фабрыка Чарлі» — усё гэта былі дзівосныя прытчы для дарослых, чароўныя няказкі. Кранальныя гісторыі пра неўладкаваных, але абаяльных фрыкаў, якія робяць свет прыгажэйшым. Але рэжысёрскае сэрца, відаць, не жалезнае (колькі можна быць інакшым?), і таму сустракайце: фільм са спецэфектамі і хэпі-эндам паводле дыснэеўскага канону.
Амаль.
1. Як там усё будзе? (Уладальнікі квіткоў! Не чытайце гэтага абзацу!)
Замест Уондэрленда (Дзівоснай краіны) у Бёртана — Андэрлэнд (Ніжні свет). Замест малой і — чаго граху хаваць — крыху нуднаватай кэралаўскай Алісы — 20-гадовая бунтаўніца
хутчэй з ХХ ст., чым з ХІХ ст., якая дае рады жудаснай пачвары з мечам у руках, а ў дадатак падумвае пра кар"еру дырэктаркі гандлёвай кампаніі.
Пасярод заручынаў з гідкім хлопцам Аліса ўцякае ў Краіне Цудаў, краіну сваіх, здавалася, мараў. Каб вырашыць свае нутраныя праблемы ў гэтым свеце, у дзівоснай ягонай паралелі дзяўчо змагаецца за вызваленне сяброў і нават абезгалоўлівае жахлівага Мармазяўра (а ў стужцы ён не такі смешны, як яго імя).
2. Дзівосная краіна да эры Бёртана
З часу, калі амаль 150 гадоў таму матэматык Чарлз Доджсан (Льюіс Кэрал) выдаў сваю кніжку пра прыгоды маленькай брытанкі Алісы, былі зробленыя безліч спробаў перакласці тую кніжку на іншыя мовы, а таксама на мову мультфільмаў, кінастужак, мюзіклаў і камп"ютарных гульняў. Прыгадаем хаця б крыху саладжавую (што паробіш - час быў такі!) дыснэеўскую пастаноўку ў 1951 годзе, або складаны паводле мультыплікацыйнай тэхнікі савецкі мюзікл Яфрэма Пружанскага з дасціпнымі песнямі Уладзіміра Высоцкага (1981). Або эксперыментальную, сюррэалістычную дазвання «Аленку ў краіне Дзіву» (1988) чэшскага рэжысёра Яна Шванкмаера, дзе скрушная на галаву Аліса трапляе ў галюцынацыйны сон.
Гутата і Гуляля (Мэт Лукас і Мэт Лукас) |
Мармазяўры ідуць!
У кнігацэнтрычнай беларускай культуры «Алісу» перакладалі ажно тры перакладчыкі. Паэт Макс Шчур абеларушваў нават імя галоўнай гераіні: Аліса зрабілася Алесяй (а Краіна Цудаў — Дзівоснай краінай). Вера Бурлак дадала да гэтага шэрага Гутата і Гуляля (анг. Tweedledum і Tweedledee, рас. Труляля і Траляля) і Мармазяўра (ён жа англійскі Jabberwocky (Джабервокі) і расійскі Бармаглот). А яшчэ ёсць карпатлівы пераклад віцьбіча Дзяніса Мускага.
4. Феміністычны трымценнік віктарыянскай эпохі
Усё багацце Алісіных увасабленняў не збянтэжыла Бёртана, — дзе там! — адно падсцябнула на творчы пошук.
«Я бачыў амаль усё, — прызнаўся Цім Бёртан у сваім нядаўнім інтэрв"ю, — але сярод стужак такой, якой я асабліва ўпадабаў, або такой, якую я глядзеў бы з адкрытым ротам — няма. Урэшце, паводле ўсіх версій Аліса — маленькая нямоглая дзяўчынка, якая бадзяецца ў кампаніі дзівакоў. А мне заўсёды хацелася ад Алісы нейкага вычыну».
Сцэнарыстка фільма Лінда Вулвертан салідарная з Бёртанам. Пішучы сцэнар, яна доўга вывучала мараль і норавы віктарыянскай эпохі, як тагачасныя дзяўчынкі павінны былі паводзіцца, як павінны былі рэагаваць на незвычайныя з"явы і… зрабіла ўсё на свой капыл. «Я ўбачыла ў гэтым сюжэце трымценнік і прыгоднік, дзе галоўны герой — жанчына, і ў якім зусім няма месца нясмелай дзяўчынцы віктарыянскай эпохі».
У Бёртана, закутая ў бронь Аліса падобная хутчэй да Жанны Д"Арк.
«У гэтым фільме я вырашыла даць жанчыне моцы, бо цяперашнім дзяўчынкам трэба годная мадэль для пераймання», — кажа Лінда Вулвертан, якая колісь прыдумвала сцэнар для дыснэўскай казкі «Кароль-Леў».
Вядома, сцэнарыстка не без згоды Бёртана трохі папераблытвала-паперамешвала дзве часткі дылогіі: «Аліса ў Дзівоснай краіне» і «Аліса ў Залюстроўі». Чэшырскі кот тут суседнічае з Мармазяўрам, Чорны прынц ператвараецца з мілага дабрадзея ў аднавокага злыдня, а шахматная Белая Каралева змагаецца за карону з картачнай Чырвовай Каралевай, яе сястрой.
Чырвовая каралева (Гэлена Бонэм-Картэр) |
Стваральнік стараўся зрабіць сюррэалістычнае і камічнае кіно, аднак бяскрыўднае і добрае. У гэтай справе Бёртан не пашкадаваў нават ўласнай жонкі, таленавітай акторкі Хэлены Бонэм-Картэр. Даў ёй ролю адмоўнай гераіні, надзяліў яе гнюсотным характарам і ў дадатак пры дапамозе камп"ютарных эфектаў не палепшыў, а яўна пагоршыў яе знешнія дадзеныя.
«Я проста намагаўся не рабіць змрочнай карціны, не ўпадаць у чорныя бакі гэтай кнігі», — кажа Бёртан.
Капялюшнік (Джоні Дэп) |
Абое-дурное Гутата і Гуляля, абое-прыспаное Соня і Марцовы заяц, Чэшырскі кот і Вусень, і вядома вышкталцоны Капялюшнік у выкананні заўжды непрадказальнага Джоні Дэпа… Вы яшчэ тут?! Хутчэй па квіткі і не забудзьцеся пра малых — гэта лічы адзіны фільм Ціма Бёртана, які можна паказваць малым дзецям!
Фільм ідзе ва ўсіх вялікіх кінатэатрах Мінску, а ў «Кіеве» — нават у трохвымеры (хаця большую частку Бёртан здымаў у двухвымеры і ўжо па хадзе перарабляў на 3-D, дзеянне, якое ўжо паўсталыя фанаты «траячкі» лічаць непапраўнай хібай).