«Рок-карона» ў «Без Білета», але шоу скралі Кулінковіч і Вайцюшкевіч
Пераможцы падчас выступу |
Барадаты Кулінковіч |
Зміцер Вайцюшкевіч |
Уручэнне рок-карону, злева - бізнесовец, тэлевядучы і проста разумны чалавек Алесь Мухін |
Рок-князёўна Наста Ігнатовіч. |
«Не ведаю, хто там будзе выступаць потым, але разагравае іх «Ляпіс Трубяцкі» , — сказаў адзін з рок-аматараў на подступах да клубу «Рэактар», дзе адбывалася «Рок-каранацыя-2009».
Сапраўды канцэрт адкрываў САМ: рок-кароль мінулага году Сяргей Міхалок, якія сёлета прыдбаў толькі адну малую карону за найлепшую песню «Ружовыя акуляры». Але яе Міхалок не праспяваў, задаволіўшыся «Рамонкамі» і каверам на песню класікаў панк-року Ramones, а таксама дэкламацыяй вершаў Маякоўскага і Купалы.
Увогуле на «Рок-каранацыі-2009» усе стараліся размаўляць па-беларуску. «Знаўца» Алесь Мухін, які ўручаў галоўную рок-каронаў, пад гучным ціскам публікі на палове сказу перайшоў на беларускую. Нават антыгероі нядаўняга скандалу маладыя рокеры The Toobes, якія заявілі колькі тыдняў таму, што не разумеюць па-беларуску,
усё ж, пэўна, пачалі адольваць моўныя азы.
Пасля атрымання кароны за «дэбют году» і словаў Аксаны Вечар «Яны маюць усё, акрамя ведання беларускай мовы» саліст The Toobes Стас нарэшце вымавіў: «Вельмі прыемна». Расійскі рок па-беларуску выканала правадзейная рок-князёўна-2009, лідэрка Naka Настасся Шпакоўская. Па-беларуску не гаварылі толькі ўдзельнікі калектыву «Князь Мышкін» (рок-карона за адданасць жанру) — яны ўвогуле не вымавілі ні слова, бо былі цалкам засяроджаныя на сваіх медытатыўных ушчыпваннях электрагітарных струн і рэгуляваннях тагасветнага камп’ютарнага шумавіння, якое гучала ўсё роўна як гарадскі варыянт «Тройцы».
«Нестандартны варыянт» (яны атрымалі новую намінацыю «Рэп-праект года») выканаў свой хіт «У неба» і рэмікс на NRM-маўскі «Паветраны шар». Дарэчы, дух адсутнага бацкі-NRM усё лунай па-над «Рок-каранацыяй-2009». Выявілася, што гурт на гэтай адсутнасці нават зарабіў: Вольскі і К атрымалі рок-карону за самы паспяховы канцэрт году: маеца на ўвазе сапраўды паспяховы акустычны unplugged у КЗ Мінск пры канцы 2009, які адбыўся пасля доўгага перапынку з поўным аншлагам.
Калі вядоўца Алег Хаменка пачаў сыпаць словамі «пачэсны» і «ганаровы», «уклад у развіццё рок-музыкі» і «спадчына» ўсе зразумелі, што зараз на сцэну выйдзе хтосці ўвешаны рок-рэгаліямі і дужа старэнькі. Але не ведалі, што нагэтулькі! На сцэну вывалілі з сівой барадзішчай а-ля ZZ-Top (прабачце, дзед-Барадзед) Аляксандр Кулінковіч і яшчэ адзін саліст Neurodubel’я Юры Навумаў,
таксама ўладальнік накладной «амерыканкі». Яны па-стара-добраму ўсыпалі рокенрольнага перцу з імберцам. Дзяды, кажаце? Унёсак у бел-рок, гаварыце? Neurodubel зноў давёў, што хаваць іх зарана.
Вайцюшкевіч зайшоў з задняга ходу. Атрымаўшы карону за выканаўца году, ён не стаў успамінаць сваіх колішніх фольк-рокавых эксперыментаў з часоў «Крыві», і нагадаў публіцы, што не рокам адзіны. І як! Выйшаўшы з адной гітарай і, шматкроць спыняючы напеў дзеля рытарычных пасажаў, прапяяў-прагаварыў пару новых шансонаў ( у харошым, французскім, сэнсе гэтага слова). Прагучала новая песня «Беларускі мужчына» на словы Андрэя Хадановіча. Ці то ад праўды-матухны пра беларускага мужчыну, ў якога «дзед перажыў індустрыялізацыю, бацька прыватызацыю, а кот — кастрацыю», ці то ад нечаканага выгіну рок-канцэрту, публіка заскавытала ад захаплення.
Выбар гурту году, альбому году і адпаведна ўладальніка рок-кароны году, пэўна, быў абумоўлены зацягнутай зімой.
Бо цэльны «Культпрасвет» «Ляпіса» і яскравы дэбютнік The Toobes — Hello!, не саступалі пераможцу — гурту «Безбілету» з ягонай «Афрыкай», але яны былі яўна пазбытыя сонечнай атмасферы і афрыканскага каларыту.
«Паколькі ў свеце наша краіна вядомыя сваёй дэпрэсіяй, — тут па тры месяцы не бывае сонца,— дык мы павінны мець тое сонца знутры» — патлумачыў сваю зацікаўленасць афрыканскімі тэматыкай лідэр безбілетнікаў і рок-кароль 2009 Віталік Артыст.
Амаль 5-гадзінны канцэрт закончылася спяваннем гімнам усіх часоў і аднаго народа «Мая краіна Беларусь». Гэты канцэрт — яўны прэтэндэнт на «рок-карону» за найлепшы канцэрт 2010 году.
Павал Касцюкевіч, фота Юліі Аляксандравай, Салідарнасць