Гэта мы: Невядомы Барадулін
24.02.2010 09:00
—
Новости Культуры
Сёння мы называем Барадуліна дзядзькам Рыгорам і перажываем за ягонае здароўе. Па апошніх звестках з бальніцы паэт пачуваецца лепш. І гэта, відаць, лепшая навіна да 75-годдзя Барадуліна, якое адзначаецца сёння.
"Паэзія Барадуліна – чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхнення, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку. Тое асабліва адчувальна, калі апынуцца ў растанні з ею..." – пісаў Васіль Быкаў, з якім вельмі блізка сябраваў Барадулін. Блізкае сяброўства звязвала Барадуліна і з Уладзімірам Караткевічам. У прадстаўленым відэа Барадулін узгадвае не толькі Караткевіча, Броўку, але і распавядае пра класікаў Янку Купалу і Адама Міцкевіча. З вуснаў народнага паэта Беларусі гучаць і яго вершы.
Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на Ўшаччыне. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.
Аўтар дзесяткаў паэтычных і літаратурна-крытычных кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі "Маладзік над стэпам", "Неруш", "Вечалле", "Амплітуда смеласці", "Самота паломніцтва", "Евангелле ад мамы". У 2000 годзе выдаў зборнік вершаў "Лісты ў Хельсінкі" з малюнкамі Васіля Быкава, а ў 2003 годзе выйшаў сумесны з Васілём Быкавым зборнік "Калі рукаюцца душы". У 2005 годзе ў серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе" пабачыў свет збор показак, эпіграмаў і эсэ "Дуліна ад Барадуліна".
Прадапошняя кніга Барадуліна – ягонае ліставанне з Васілём Быкавым "Дажыць да зялёнай травы..." – пабачыла свет у мінулым годзе, а некалькі дзён таму у межах XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша "Кнігі Беларусі-2010" прайшла прэзентацыя зборніка выбранай паэзіі народнага паэта Беларусі “Перакуленае/Опрокинутое”. На жаль, на самой прэзентацыі Барадулина не было. 14 лютага ўвечары Рыгора Барадуліна зноў шпіталізавалі — у рэанімацыю лякарні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з двухбаковай пнеўманіяй, дзе паэт знаходзіцца па сёняшні дзень.
TUT.BY віншуе Рыгора Іванавіча з днём нараджэння і жадае як мага хутчэй паправіцца!
Беларускі партал TUT.BY шчыра дзякуе Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў (г.Дзяржынск) за прадстаўленыя матэрыялы:
1. Кінафільм “Баллада о мужестве и любви”, 5 ч., 1972 г., рэжысер-аператар: І.Вейняровіч, кінастудыя “Беларусьфільм”.
2. Кінафільм “Встречи”, 1 ч., 1975 г.,рэж.: В.Рыбараў, аператары: Ф.Кучар, У.Арлоў, кінастудыя “Беларусьфільм”.
3. Кіначасопіс “Савецкая Беларусь”, №7, 1980 г., рэж.: В.Шаталаў, апер.: Ул.Кіпін, кінастудыя “Беларусьфільм”.
4. Кіначасопіс “Савецкая Беларусь”, №7, 1982 г., рэж.:В.Сукманаў, апер.: Ул.Кіпін, кінастудыя “Беларусьфільм”.
5. Кінафільм “Рыцар і слуша Беларусі”, 2 ч., 1991 г., рэжысер-аператар: Г.Хлабыстоў, Беларускі відэацэнтр.
6. Кінафільм “Евангелле ад мамы”, 1-2 ч., 1996 г., рэжысер-аператар: С. Пятроўскі, кінастудыя “Беларусьфільм”.
7. Кінафільм “Два стагоддзі Адама Міцкевіча”, ч.1, 1998 г., рэж.: М. Жданоўскі, апер.: С. Пятроўскі, кінастудыя “Беларусьфільм”.
“Гэта мы” – сумесны праект Беларускага парталу TUT.BY з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (г.Дзяржынск). У яго межах мы публікуем рэдкія архіўныя відэа- і фотаздымкі, аўдыёматэрыялы пра невядомыя ці малавядомыя старонкі з жыцця краіны і нашых суайчыннікаў.
Таксама чытаць:
Гэта мы: Невядомы Аўсяннікаў