Алесь Пашкевіч – Мікалаю Чаргінцу: давай аб’ядноўвацца!
«БелГазета» на сваіх старонках звяла разам старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча і старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Інтэрв’ю з імі былі надрукаваны ў газеце 15 лютага.
Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася бакамі, — падзел творцаў на два лагеры.
«Падзел літаратараў Беларусі — справа штучная. Хочацца верыць, што пра гэта пачалі задумвацца і ўлады, і ініцыятары стварэння новага СПБ. Чым сёння адрозніваюцца два саюзы? У абодвух — як беларускамоўныя, так і рускамоўныя пісьменнікі, людзі розных ідэалагічных і палітычных пазіцый» — сказаў Алесь Пашкевіч.
Мікалай Чаргінец падкрэсліў сваю лаяльнасць да незалежных літаратараў. «У кожным нашым часопісе («Полымя», Маладосць», «Нёман» — К.М.) друкуюцца пісьменнікі таго саюза, а назавіце хоць адно прозвішча пісьменніка з СПБ, якога б прэса СБП, не дай бог, апублікавала ў сваіх часопісах…
Я прыйшоў у гімназію №7 — там выступае Законнікаў. Нягледзячы на тое, што ён наскоквае на нас з ашалелымі заявамі, я яму паціснуў руку: «Выступай, калі ласка!»
Праводзяць дзесяткі творчых сустрэч, вечарын — калі ласка! Мяне вось Уладзімір Някляеў запрашаў на сваю творчую вечарыну — я б прыйшоў да яго, проста быў у ад’ездзе».
Пытанне, якому таксама надавалася ўвага як Пашкевічам, так і Чаргінцом, — колькасць сяброў у кожнай арганізацыі.
«…мы зацікавіліся колькасцю СБП. Пашкевіч ужо называе лічбу «аж да 800» — раней было 300, потым 400, потым 500. Танныя трукі! Яны ўключылі ў свой спіс каля 150 пісьменнікаў з СПБ, якія выйшлі з іх саюза па заяве. Хлопцы заняліся звычайным жульніцтвам.
Мы выявілі ганебныя факты: людзі, якія і блізка не ведаюць ні нашага, ні іх саюза, аказаліся ў спісах СБП!»
— папракнуў калегу генерал. А яшчэ ён заўважыў, што неаднаразова прапаноўваў Пашкевічу апублікаваць спісы сяброў абодвух арганізацый. «Мы гатовы хоць зараз гэтыя спісы апублікаваць, а СБП — не. Чаму? Бо шмат хлусні. Калі вы ўбачыце іх спісы, вы зразумееце, якіх жа іх 800… Дай бог, каб іх было 300 чалавек. Хлусяць «господа хорошие» — у гэтым я іх абвінавачваю».
І тым не менш, Алесь Пашкевіч паведаміў, што гатовы да аб’яднання з чаргінцоўскім саюзам.
«Чаму б нам, СБП і СПБ, пакінуць дзяліцца на сваіх і чужых, смяшыць чытачоў і псаваць творцам нервы? Можа, трэба правесці аб’яднальны з’езд, паглядзець адзін аднаму ў вочы і дэмакратычна абраць новага старшыню саюза.
Што нам дзяліць у адной дзяржаве — у Беларусі? У мяне няма амбіцый, і я гатовы пры такіх умовах хоць сёння скласці з сябе паўнамоцтвы і перадаць мяч на поле апанентаў, у рукі ўсёй пісьменніцкай супольнасці».