Гендырэктар "Беларусьфільма": Па тэхналогіі Галівуда здатна здымаць і наша кінастудыя

Источник материала:  
16.02.2010 11:47 — Новости Культуры
Летась споўнілася 85 год з дня нараджэння беларускага кіно, з таго часу, калі пачаліся здымкі першага айчыннага фільма “Лясная быль”. Факт знакавы. Але ў поўным сэнсе паняцце “нацыянальнае кіно” з’явілася ў нашай краіне, бадай, не так даўно - фактычна пасля набыцця Беларуссю незалежнасці. Так лічыць генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін. Пра набыткі і перспектывы нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Пятровіч разважае крытычна і аперыруе цікавымі фактамі.

Купі, прадай сябе сам

- Усе лічаць, што гісторыя “Беларусьфільма” пачынаецца з 1924 года, са здымак нашага першага кіно. Але на самай справе гісторыю “Беларусьфільма” ў тым выглядзе, які мае цяпер кінастудыя, трэба адлічваць з моманту набыцця краінай незалежнасці. Да таго часу студыя наша была ўсяго толькі падраздзяленнем Дзяржкіно СССР, атрымлівала заказы з Масквы, адтуль жа пастаўляліся сцэнарыі і рэжысёры. Фактычна была кінафабрыкай, а не самадастатковай кінастудыяй. Дзяржкіно СССР цалкам забяспечвала “Беларусьфільм” работай, фінансаваннем і рупілася аб пракаце фільмаў на адной шостай частцы сушы. Прэса, прапаганда працавалі на тагачаснае кіно.

Што мы маем цяпер? “Беларусьфільм” выступае ў якасці заказчыка, менеджэра, прадаўца ўласнай прадукцыі. Грамадства не ведае пра тое, што стварае кінастудыя, бо нашу прадукцыю не паказваюць па тэлебачанні.

Аўтарскае права

- У 1999 годзе арбітражны суд Масквы замацаваў правы на фільмы, створаныя на “Беларусьфільме” і перададзеныя ў часы СССР на захаванне ў расійскую сталіцу, за Дзяржтэлерадыёфондам РФ. На нашай кінастудыі такое “замацаванне” палічылі незаконным. Мы змушаны былі сваё ж кіно набываць у Дзяржтэлерадыёфонда. Гэта нонсенс. Урэшце мы здолелі даказаць, што фільмы, створаныя на “Беларусьфільме”, - гэта інтэлектуальная ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Цяпер прынята рашэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб тым, што будуць зроблены копіі ўсіх фільмаў, створаных на “Беларусьфільме” ў савецкі перыяд. Яны будуць перададзены на захаванне ў нашу краіну. Каб дамагчыся гэтага рашэння, нам спатрэбілася два гады складаных перамоў. І павінен сказаць: на гэтым шляху стаяла многа нядобразычліўцаў.

У чым праўда, браце?

Калі ў 2007 годзе я прыйшоў на “Беларусьфільм”, то кінастудыя мела магчымасць стварэння фільмаў толькі на 40%  патрэбнага вытворчага цыкла. Цяпер студыя забяспечана на сто працэнтаў неабходным абсталяваннем для работы і здатна здымаць фільмы па тэхналогіі Галівуда. У нас адна з найлепшых у СНД лабараторыя камп’ютарнай графікі. За апошнія тры гады на беларускай кінастудыі знята ў два з паловай разы больш карцін, чым за ўсе гады незалежнасці.

Увогуле, ніхто не можа пэўна адказаць на простае пытанне: што такое кінематограф - творчасць, бізнес, ідэалогія, палітыка ці сацыялогія? На самай справе - усё разам. З гэтага і трэба зыходзіць, калі мы хочам навесці парадак у айчынным кіно і зрабіць яго канкурэнтным на айчынным і замежным рынках.

“Англійскі” рубеж

- Калі кажуць, што “Беларусьфільм” не можа здымаць добрае кіно, я здзіўляюся, бо гэтак разважаюць людзі, якія таго кіно і не бачылі. А сітуацыя сапраўды няпростая. Сцэнарый карціны “Ваўкі” Аляксандра Колбышава праляжаў дзевяць год як “забаронены”, і толькі летась здымкі фільма нарэшце адбыліся. А ці мог хтосьці раней падумаць, што наша студыя здыме кіно ў жанры фільма жахаў, эксцэнтрычную камедыю? Цяпер мы ўсё гэта маем. У “Дняпроўскім рубяжы” была самая вялікая колькасць масоўкі за ўсю гісторыю айчыннага кінематографа. Праўда, цяпер нас крытыкуюць за тое, што фільм сабраў малую касу. На гэта мушу сказаць толькі адно: я ўпэўнены, што, калі б на фільме пусціць англійскія цітры ці перакласці на англійскую мову, публіка з’ела б гэту карціну з усімі трыбухамі.

Класікі ў серыялах

- Па ініцыятыве Міністэрства культуры работнікі кінастудыі працуюць над чатырохсерыйным тэлефільмам пра жыццё Янкі Купалы, аўтар сцэнарыя Вячаслаў Бандарэнка, і над чатырохсерыйным фільмам “Каласы пад сярпом тваім”, прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам гэтай карціны выступіць Мікалай Пінігін.

Лепшыя мастацкія фільмы і зорныя імёны айчыннага кіно 2009 года

- “Дняпроўскі рубеж”, ваенная драма, зняліся Ігар Сігоў, Анатоль Кот
- “Інсайт”, псіхалагічная драма, зняўся Багдан Ступка
- “Снайпер”, баявік, зняліся Дзмітрый Пяўцоў, Ганна Хітрык
- “Дастыш Фантастыш”, фарс-вадэвіль, зняўся Сяргей Журавель
- “Ваўкі”, псіхалагічная драма, зняліся Дзмітрый Ульянаў, Андрэй Панін, Уладзімір Гасцюхін

Сёлета выйдуць на экраны

- “Масакра”, містычны трылер, рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Кудзіненка
- “Брэсцкая крэпасць”, патрыятычная драма, адзін з аўтараў сцэнарыя Аляксей Дудараў, зняўся Генадзь Давыдзька
- “Ціхі цэнтр”, тэлесерыял, аўтар сцэнарыя Тамара Лісіцкая

←Пісьменнік эпохі — Навуменка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика