Горад маладосці на зямлі Еўфрасінні. Наваполацк — зусім малады горад
Яму крыху больш за 50 гадоў. Здавалася б, якія цуды тут можна адшукаць? Калі яны паспелі нарадзіцца? Але ж насамрэч іх хапае...
Вуліца без канца
Такую народную назву атрымала вуліца Маладзёжная — аснова горада, галоўная яго магістраль, якая працягнулася амаль на 15 кіламетраў з усходу на захад уздоўж ракі Заходняя Дзвіна. Менавіта пад такой назвай у 1972 годзе выйшаў на экраны мастацкі фільм пра Наваполацк, які і здымаўся ў гэтым горадзе. Многія навапалачане прымалі ўдзел у масавых сцэнах фільма, сцэнарый якога быў напісаны аўтарамі-сцэнарыстамі І. Герасімавым і А. Лявонцьевым пасля шматлікіх сустрэч з навапалачанамі. Атрымаўся калектыўны партрэт сучасніка пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, што будаваў нафтахімічны комплекс і жыве на вуліцы Маладзёжнай.Самая значная транспартная артэрыя горада, якая ў многім фарміруе яго архітэктурнае аблічча, у 80-я гады згодна з праектам мясцовых улад ледзь не ператварылася ў пешаходную зону, цалкам свабодную ад аўтамабіляў.
Першая палатка
Адсюль, з гэтага самага месца, дзе 7 чэрвеня 1958 года быў убіты калок першай палаткі, і пачаў сваё жыццё Наваполацк. У чэрвені 1968 года на месцы першай палаткі быў устаноўлены абеліск. Па словах першага галоўнага архітэктара горада Макса Майсеевіча Шляймовіча, помнік уяўляў сабою камень з надпісам, які азначаў, што на гэтым месцы была пастаўлена першая палатка будаўнікоў.Першапачатковы варыянт помніка — стэла з урэзанай у яе выявай палаткі і дугападобная сцяна з надпісам “Першым будаўнікам нафтахімічнага комплексу і горада прысвячаецца. Слава будаўнікам камунізму!”.Да 45-годдзя горада комплекс быў рэканструяваны. Ён уяўляў сабою гарэльеф з надпісам “Слава будаўнікам Наваполацка”, з мемарыяльнымі дошкамі ганаровым грамадзянам горада і памятны знак у выглядзе мармуровай стэлы, на якой выгравіраваны год пачатку будаўніцтва Наваполацка — “1958”, а таксама стылізаваны знак палаткі.Выгляд помніка змяніўся ў дні святкавання 50-гадовага юбілею горада. Мемарыяльны комплекс быў дапоўнены скульптурнай групай: два хлопцы і дзяўчына ў поўны рост — будаўнікі.Помнік першай палатцы — асобнае месца для кожнага жыхара Наваполацка. Дарэчы, далёка не кожны горад ці мястэчка можа пахваліцца ведамі аб тым месцы, дзе была забіта ў зямлю першая свая, пабудаваны першы дом, з’явілася шыльда “Адсюль пачынаецца горад”.
Гісторыя і сучаснасць у адным флаконе
Экспазіцыя Музея гісторыі і культуры горада Наваполацка была адкрыта 5 верасня 2008 года. Сёння яна займае чатыры залы агульнай плошчай 645 квадратных метраў і змяшчае тэматычныя раздзелы: “Першабудаўнікі”, “Прамысловы комплекс”, “Наваполацк спартыўны” і “Сацыяльныя структуры сучаснага горада”. Уражвае музей наватарскай пабудовай экспазіцый. Залы музея аформлены ў колерах гарадскога герба — срэбраным і блакітным. Металічныя канструкцыі чырвонага колеру перадаюць настрой будаўнікоў горада і яго нафтаперапрацоўчага комплексу “Нафтан”. У кожнай зале на экранах дэманструюцца тэматычныя стужкі “Наваполацк: пачатак біяграфіі”, “Прамысловасць горада”, “Наваполацкі спорт” і “Наваполацк сучасны”.Своеасаблівай “разынкай” музея з’яўляецца першы і адзіны макет горада ў маштабе 1:160 з чыгуначнай і трамвайнай сеткай у мініяцюры, якія насамрэч дзейнічаюць. Такога больш няма ні ў адным музеі Беларусі. Хіба не цуд, што менавіта Музей гісторыі і культуры Наваполацка ў гэтым лютым стаў пераможцам конкурсу музеяў усёй Віцебскай вобласці.
Шляхам маладых
Быццам казачны замак, пасярод соснаў узняўся ў вышыню наваполацкі Палац шлюбу, які быў урачыста адкрыты ў 2006 годзе.Палац — двухпавярховы будынак агульнай плошчай 1170 квадратных метраў. Яго інтэр’еры ўражваюць раскошай форм і вобразаў. Аформленыя ў сучасным стылі, яны прызваныя ўсю ўвагу засяродзіць на галоўных героях урачыстасці — маладых. Сцены ўпрыгожваюць карціны прафесійных мастакоў. У пакоях жаніха і нявесты размясціліся арыгінальныя габелены ручной работы.Упрыгожаннем і ўдзельнікам цырымоніі стала ўнікальная люстра ў зале ўрачыстых абрадаў. Зробленая па спецыяльным заказе, яна мае тры рэжымы асвятлення. Як застылы феерверк, зіхаціць яна над маладымі і, у залежнасці ад моманту, свеціць па-рознаму, а ў самыя ўрачыстыя хвіліны, быццам салют у гонар маладых, успыхваюць усе лямпачкі люстры.
Горад алімпійскага рэзерву
Можна смела гаварыць, што Наваполацк — сапраўдная кузьня спартыўных талентаў нашай краіны. Гэта не дзіва — тут дзейнічае 253 спартыўныя аб’екты, сярод якіх 5 басейнаў, стадыён, Палац культуры і спорту, спарткомплексы, дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, 6 спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і 2 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы.Менавіта з іх выйшла шмат удзельнікаў і пераможцаў на сусветных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у розных відах спорту. Наваполацкія прызёры, чэмпіёны свету па водных лыжах, біятлону, атлетыцы сталі знакамітымі не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. 16 навапалачан прымалі ўдзел у Алімпійскіх гульнях розных гадоў. Сёння ж у спісы зборных каманд Беларусі па розных відах спорту ўваходзяць амаль 130 спартсменаў з Наваполацка.
Непакорныя часу
Наваполацк зусім малады па беларускіх мерках горад. Да пары яму і жыхары — бадзёрыя, усмешлівыя, аптымістычныя і... маладыя. У горадзе каля 107 тысяч жыхароў, сярод якіх трыццаць дзве тысячы — моладзь. А сярэдні ўзрост навапалачан — усяго трыццаць чатыры з паловай гады.
Горадаўтваральны фактар
“Вялікая хімія” Беларусі пачалася з полацкай зямлі, з зямлі Еўфрасінні. Наваполацкі нафтаперапрацоўваючы завод стаяў ля вытокаў авангарднай галіны народнай гаспадаркі, а сёння з’яўляецца важным элементам прамысловага комплексу Сінявокай.Менавіта на “Нафтане” ў 1963 годзе, усяго праз пяць гадоў пасля яго будаўніцтва, быў атрыманы першы беларускі бензін. У тыя гады завод перапрацоўваў 6 мільёнаў тон нафты ў год.У наш час магутнасці прадпрыемства, якое раскінулася побач з Наваполацкам на тэрыторыі паўтары тысячы гектараў, дазваляюць перапрацоўваць больш за 10 мільёнаў тон нафты ў год. Колькасць працаўнікоў “Нафтана”, жыхароў Наваполацка, — каля 7 тысяч. Прадпрыемства ж сёння з’яўляецца буйнейшым у нашай краіне.