Няправільная Індыя

Источник материала:  
12.02.2010 21:51 — Новости Культуры

Сядзіць індуска на падлозе ў вагоне мумбайскага метро. Рыбу ў вялікім кашы чысціць. Мухі па той рыбе поўзаюць… А вунь мужчыны, у перапоўненым вагоне не змясціўшыся, на дах узлезлі.

У цягнікі і аўтобусы індусы здольныя заскакваць на хаду. Гадзіна пік — дзіка штурхаюцца, спяшаюцца. Але, штурхаючыся, усміхаюцца!

Ядуць рукамі, туалетнай паперы — няма. Ведзярцо і кран замест паперы ў прыбіральні…

«Варвары», — сказаў бы еўрапеец. «Іншыя», — сказаў бы Буда. Бог, каб цікавей было, стварыў людзей рознымі.

Рэальная Індыя не падобная да салодкага балівудскага кіно. Яна куды больш «няправільная». Але — захапляльная сваёй «няправільнасцю». І — прыгожая сваёй «няправільнасцю».

Ляжыць у цэнтры Мумбая недатыкальная. Без майткоў. Мухі па ёй поўзаюць. Нехта справіў пільніцу побач.

Гірлянды жывых кветак. У валасах жанчын, у вокнах аўтобусаў.

«Хай!» — натоўп індыйскіх дзетак. Яны ўсміхаюцца, прыязна далоньку табе паціскаюць.

Індыя цікавая еўрапейцам. Тут сустрэнеш «даследчыкаў» з заходніх і постсавецкіх краінаў, для якіх гэты сезон — другі, трэці або дзясяты. Едуць на два, тры месяцы , а то і паўгода. Індыя, а затым, можа, Непал, Катманду, Шры‑Ланка…

Святкуй жыццё!

Еўрапейскія вандроўкі — гэта музеі, арт‑галерэі, жывапіс. Індыя ж спакушае еўрапейца набываць усё новую і новую самабытную вопратку, пацеркі і хіпоўскія торбы. Спакушае заплечнік падарункаў прыцягнуць дахаты!

Скандальны індыйскі гуру Оша, што распавядаў пра сэксуальную разняволенасць, смех і ачышчальную моц плачу, часцяком паўтараў: «Святкуй жыццё!»

Адзін доўгавалосы бізнэсмен з Гоа (яго бізнэс — выраб пярсцёнкаў) кажа мне: «Гэта ў Еўропе людзі аднастайна працуюць у офісах! А цяпер ты ў Індыі. І тут можна, каб кожны дзень быць новым. Штодзень новая індыйская адзежа (а яна ж тут зусім танная), штодзень новая ежа ў новай кавярні. Сэкс з індусам. Атрымлівай асалоду! Будзь адкрытай, спрабуй усё! Хто ведае, а раптам заўтра ты памрэш?»

У Індыі я пачуваюся Белай Жанчынай. Беласкурыя — індыйскі ідэал прыгажосці. Жанчыны са светлай скурай, колеру індыйскай гарбаты, якая нязменна з малаком, паглядаюць з бігбордаў ды здымаюцца ў балівудскім кіно. З беласкурымі індускамі папрацаваў грымёр, а можа, родам яны з паўночнага штата Кашмір.

І ад залётнікаў белай еўрапейскай жанчыне адпачынку‑паратунку няма. Ноч у аўтобусе, побач з суседам‑індусам, — не выключаныя заляцанні замест сну. З Белай Жанчынай індусы фатаграфуюцца. Аўтограф просяць. Прапануюць гашыш папаліць. Ці хочаш — на байку падвязуць. А хочаш — у краму, дзе непараўнальны алей індыйскі араматычны. І ў вочы пазіраюць уважліва. І ўсміхаюцца.

Горад без сметніц

Турысты не дужа любяць семнаццацімільённы Мумбай, што да 1995 года зваўся Бамбей, — сталіцу штата Махараштра на ўзбярэжжы Аравійскага мора, самы населены горад краіны. Ды якое спазнанне Індыі без шумных яе гарадоў? Дзе паветра забруджанае да такой ступені, што кашляць знянацку пачынаеш. І дзе ціхі дворык шукаць будзеш — не знойдзеш. А ў метро падчас гадзіны пік я, беласкурая і сціплая, да дзікай штурханіны не прызвычаеная, з чацвёртага разу трапляла… У Мумбаі — Бамбеі — як і паўсюль у Індыі — няма сметніц. «Проста бяры — і кідай вось тут…» — не раз казалі мне індусы.

У Індыі я пачуваюся Белай Жанчынай. Беласкурыя — індыйскі ідэал прыгажосці.

У горадзе багата недатыкальных: маляўнічыя індускі‑жабрачкі ў каляровых сары, чые рукі браслетамі ўпрыгожаныя, фантастычныя выродлівасці і калецтвы. Але і сучасныя дарагія кварталы ёсць. А побач з дарагімі кварталамі — трушчобы, дзе бруд і інфекцыі плодзяцца.

Пісьменных тут — 77%, што зусім няблага як на агульны ўзровень па Індыі. Тут каляровы букет моваў і рэлігіяў. Індуістаў найбольш (68%), ёсць мусульмане, хрысціяне, будысты, зараастрыйцы, джайны, сікхі, атэісты… Гучаць хіндзі, маратхі (афіцыйная мова штата Махараштра), англійская, бенгальская, тамільская, пенджабская, непальская, целугу, урду, гуджараці…

Мне цікава ночыцца ў танным мумбайскім хостэле Salvation Army, у пакоі на чалавек дзесяць, з двухпавярховымі ложкамі. Каштуе зусім няшмат для сталіцы Махараштры — меней за пяць даляраў ноч. Ды яшчэ і сняданак у бонус. Тут багата цудоўнай «заплечнікавай» моладзі. «Хостэл для бэкпэкераў», — дае яму азначэнне мой знаёмы індус. Вось дзяўчынкі‑немкі кіруюцца ў Аўстралію. Вандраваць па свеце з вялікім заплечнікам за спіной для еўрапейскай моладзі — натуральнасць.

У першы індыйскі вечар засынаю з пахам гірлянды кветак, якую ўручыла мне бедная індуска ў каляровым сары. Уручыла, сказаўшы: «Be pretty!» Індусы, увогуле, — «кветкавая» нацыя.

Тут паляць мёртвых

Паміж Мумбаем і Варанасі, святым індуісцкім горадам на рацэ Ганг, — 1643 кіламетры. Тут трэба іншая вопратка — швэдар, зімовая куртка. Падлога ў маім пакоі такая халодная, бо ў гест‑хаусах Паўночнай Індыі няма батарэяў. Адна з прывабнасцяў гэтай краіны — розная яна. Снежань месяц — яснае лета ў Мумбаі і Гоа. А над Гангам туман цэлы дзень стаіць.

Варанасі — а яшчэ адзін назоў Бенарэс — згодна з легендай, пабудаваў пяць тысяч гадоў таму сам бог Шыва. Сюды прыязджаюць паміраць індусы, бо вераць, што так можна атрымаць свабоду ад кола смерцяў‑нараджэнняў.

Палільшчыкаў гашышу ў Гоа больш чым тых, хто тытунь паліць.

У Варанасі, на беразе Ганга, ёсць два месцы, дзе мёртвых паляць у рэжыме нон‑стоп. А попел пасля — у раку святую. Цела за целам гарыць, каровы і сабакі побач швэндаюцца. Ніхто не плача, бо плакаць тут забаронена. Турысты назіраюць. Дзеці непадалёк змеяў пускаюць, хлопчык‑індус кліча гарбаты выпіць ці ў храм Шывы марыхуаны папаліць. Варанасі — адзін з гарадоў Індыі, дзе гэта легальна. Шыва ж таксама паліў, вераць індусы. А целы ўсё гараць і гараць, цэлыя тры гадзіны на адно цела неабходна.

У свяшчэнным горадзе на Гангу — вузкія‑вузкія вулачкі, дзе свечкі вечарамі ў цемры. Індусы, захутаныя ў цёплыя шалі, вогнішчы на вуліцах паляць — пагрэцца. Бенарэс — гэта яшчэ і места мастакоў і музыкаў. І еўрапеец можа знайсці сабе настаўніка ў святым горадзе.

У мяне ж тут з’яўляецца чарговы індыйскі залётнік — нумар трыццаць? Сорак? Ён дорыць адну са шматлікіх маленькіх радасцяў, даступных у гэтай краіне — ганяць з ім на байку. Байкі ў Індыі — справа паўсюдная. А ровараў амаль няма.

Гоа

Гоа — найменшы па плошчы штат Індыі. Але ж ён — адно з самых улюбёных месцаў для турыстаў. Пра які, аднак, кажуць: «Ну, Гоа — гэта і не Індыя зусім…» Сонца, пальмы, пляжы (з каровамі і сабакамі, вядома), Аравійскае мора. Мноства бігбордаў уздоўж сонечных дарог.

Гоа — былая партугальская калонія, а Васка да Гама — першы еўрапеец, што трапіў сюды ў 1498 годзе. Пры канцы 1960‑х тут пачалі сяліцца хіпі, пры канцы 1980‑х — склаўся стыль электоннай музыкі гоа‑транс. «Гэта больш, чым танцы пад пальмамі. Ды‑Джэй паўстае перад людзьмі ў ролі сучаснага шамана», — казаў адзін з арганізатараў транс‑руху, ды‑джэй Гоа Гіл.

Электронныя вечарыны, свабодныя хіпі на пляжах — сёння гісторыя. Сучасны Гоа камерцыйны і папсовы, ды ўсё адно ён — Гоа. Самабытная вопратка з яркімі псіхадэлічнымі выявамі, індуісцкімі багамі, мухаморамі — гэта прываблівае турыстаў. Кавяранькі на ўзбярэжжы акіяна з радасным псіхадэлік‑рокам ці загадкавай электроннай музыкай. Сюды і сёння сцякаюцца валасатыя музыкі з Еўропы і постсавецкай прасторы.

Кеша з Кіева ўжо трэці сезон завісае ў Індыі, займаецца тут музыкай і нават грошы гэтым зарабляе, даючы ўрокі і канцэрты ладзячы. Кажа, што тут яму свабадней і сонечней, чым было б цяпер у марознай Украіне. Хтось з беларускурых уцекачоў ад морознай зімы і дэпрэсіі зарабляе на жыццё, фаеры круцячы, хтось — танцамі.

Палільшчыкаў гашышу ў Гоа больш чым тых, хто празаічны тытунь паліць. А яшчэ і какаін, ЛСД, кетамін… Падчас маіх гоа‑вакацыяў адзін еўрапеец памірае ў шпіталі ад перадазіроўкі. Яшчэ адзін турыст з Расіі, сеўшы на байк пад наркотыкамі, трапляе ў аварыю. На вуліцах можна спаткаць тых, хто так і застаўся ў наркатычнай рэальнасці.

Царства малпаў

У Індыі проста на вуліцы можна пабачыць малпаў. Вавёрачак. Паўлінаў. Сланоў. Зграі вялікіх зялёных папугаяў. Вярблюдаў. Па гарадах блукаюць каровы, ёсць парсюкі, што ў смецці з цікавасцю корпаюцца. У індыйскіх цягніках, на вакзалах не раз я хеўры аблезлых пацукоў назірала.

У гест‑хаусах плодзяцца тараканы. А салодкае толькі ў скрынцы захоўваць можна: мурашы набягаюць.

Мястэчка Хампі знаходзіцца на беразе яшчэ адной святой ракі — Тунгабхадры ў штаце Карнатака, Паўднёвая Індыя. Яго завуць горадам малпаў. Вар’яцкае месца, дзе старажытныя храмы, кактусы і валуны. Сучаснае Хампі стаіць сярод руінаў Віджаянагары, сталіцы індуісцкай Віджаянагарскай імперыі (XIV—XVII стст.). Незаапаркавыя малпы ў Хапмі — захапляльна жвавыя і спрытныя. Зграямі скачуць яны па старажытных храмах і дрэвах. Перабягаючы дарогу, ледзь не трапляюць пад колы. Бываюць злоснымі, нахабнымі. Будзеш есці банан — адабраць паспрабуюць.

Гакарна — яшчэ адно прывабнае месца штата Карнатака. Зусім недалёка ад Гоа. Тут таксама ёсць пальмы, мора і пляжы. Шчаслівыя неахіпары ў дрэдах спяваюць вечарамі мантры альбо таньчаць пад пальмамі на беразе акіяна. Менавіта ў Гакарне, згодна з індуісцкай міфалогіяй, нарадзіўся бог Шыва — у вуху каровы. «Го» на санскрыце значыць «карова», «карна» — вуха.

Якія людзі індусы

«Красці, падманваць… Менталітэт у іх такі», — кажа знаёмы аматар Індыі. «Гаспадар нашага гест‑хауса — неблагі чалавек. Але як толькі справа тычыцца грошай, ён робіцца машынай!» — кажа кіяўлянін Кеша.

Аднак не будзем злоснічаць. За два месяцы падарожжа ні разу мяне не абрабавалі. Хаця грошы ўсімі магчымымі легальнымі спосабамі «выцягнуць» імкнуліся. Вольнае месца ў цягніку табе знайшоў — плаці! А цану беласкураму ў чатыры разы большую скажуць. Таргавацца на рынку можна весела, з інтарэсам і гуляючы — без гэтага ніяк у Індыі.

«Традыцыйнасць» — усплывае рыса ўсходняй культуры аднекуль з вучэбнага канспекта. На карцінах XVIII—XIX стст. жанчыны ў такіх самых сары, што і сучасныя. А сярод індыйскай моладзі не страчала я бунтарства і навізны: ні панкаў, ні эма… І ўласнай рок‑музыкі, распавядалі мне, у Індыі няшмат. Як і авангарднага мастацтва. Затое індусы майстры вырабляць прыгожыя тканіны. Не сустракала я жанчын у сары з аднолькавым колерам‑малюнкам.

Тое, што мы ведаем пра Індыю, часта будуецца на ўяўленнях іншых заходнікаў. Бачаныя мной людзі, што практыкавалі на пляжах ёгу, былі выключна «белымі». Лячу ў самалёце —Крышна Дас спявае індуісцкія кіртаны ў навушніках. Ён амерыканец, не індус. Каб спасцігнуць гэту вялікую і каляровую краіну і яе жыхароў, туды трэба выпраўляцца самому.

Няправільная Індыя
У Мумбаі няма сметніц.

Няправільная Індыя
Ахмедабат, штат Гуджарат.

Няправільная Індыя
Жанчыны Гоа.

Няправільная Індыя
Недатыкальныя дзеці, Гуджарат

Кацярына Бязмацерных, Індыя—Беларусь, фота аўтара

Колькі каштуе падарожжа ў Індыю

Трапіць у Індыю найзручней самалётам. З Кіева праз арабскую кампанію Airarabia гэта каштуе ў два бакі ад 300 да 700 (у разгар сезона) даляраў.

Жыць у намёце не выйдзе. Турысты спыняюцца ў гатэлях, гест‑хаусах і хостэлах. Кошт пакоя гест‑хауса, які заўжды на дзве асобы, — ад двух‑пяці даляраў за суткі. У несталічным горадзе можна адшукаць хостэл (анг. hostel — інтэрнат) нават за даляр.

Ежа таннейшая ў гарадах, чым на пляжах: за страву ўсяго ад 600 да 4000 рублёў у пераліку на рупіі. Але ж на гарадскіх вуліцах яна будзе індыйскай, а значыць, вострай і вельмі адрознай ад еўрапейскай. Шмат соусаў у маленькіх сподачках. Вялікі праснак чапаці замест лыжкі. У Індыі паўсюдна ціснуць свежыя сокі (300—600 руб. шклянка): трысняговы, апельсінавы, бананавы, ананасавы. Альбо какос з празрыстым сокам усярэдзіне пі. У метро, у цягніках, на вуліцах прадаюцца шкляначкі гарбаты за 4‑10 рупіяў (300—600 на нашы рублі). Яна тут абавязкова салодкая і з малаком.

Самабытная індыйская адзежына — нават не нацыянальная, а шытая для беласкурых турыстаў — каштуе зусім няшмат, аднак і якасць — як кошт. Доўгая жаночая спадніца, рознакаляровая хіпоўская кайстра, майка з «омам» ці модныя сярод еўрапейцаў нагавіцы фасону «алі‑баба» — ад 2 да 5 даляраў за рэч.

←Агульнабеларускую дыктоўку распачалі ветэраны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика