Андрэй Кудзіненка: “Што датычыцца Замяталіна, гэта... прагрэсіўны чалавек”

Источник материала:  
Андрэй Кудзіненка: “Што датычыцца Замяталіна, гэта... прагрэсіўны чалавек”Госьць “Начной Свабоды” – кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка.Ганна Соўсь: “Як Вы лічыце, чаму скасавалі ранейшую забарону Міністэрства культуры на ваш фільм? Хто спрычыніўся да гэтага?”

Андрэй Кудзіненка: “Спрычыніўся Антон Сідарэнка, кінакрытык, які захацеў паказаць “Акупацыю” ў сваім кінаклюбе, кінатэатры “Піянэр”, стаў займацца гэтай тэмай, і калі спытаў, то ніякіх забаронаў не было ўжо”.

Соўсь:
“Беларуская прэм’ера гэтай карціны адбудзецца 15 лютага ў кінатэатры “Піянэр” у рамках кінаклюбу “Формула кіно”. Андрэй, мы папрасілі наведнікаў нашага сайту. Прыйшло некалькі. І вось Януш з Жалудка запытаўся, калі будзе гатовая “Масакра”?”

Кудзіненка: “Масакра” будзе гатовая ўлетку, калі будзе прэм’ера, бо невядома, можа, на якія фэстывалі фільм паедзе, якая будзе дыстрыбуцыя. Але фільм я павінен здаць 2 ліпеня”.

Соўсь: “Як вы мяркуеце, ці будзе вялікі посьпех і касавы збор у гэтай стужкі?”

Кудзіненка: “Касавы збор можа быць, калі добрыя грошы пойдуць на рэкляму і на прамоцыю карціны. Тады будзе збор. Я гэтым займаюся, пакуль спрабую гэта рабіць самастойна зь бюджэту карціны. Гэта самае слабое месца Беларусьфільму, бо ня ўмее гэтая студыя прадаваць кіно. Але трэба навучыцца”.

Соўсь: “Сёньня, дарэчы, дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімер Замяталін заявіў, што цяпер беларуская кінастудыя можа здымаць паводле тэхналёгіяў Галівуду. Вы працуеце цяпер на “Беларусьфільме”. Ці згодныя вы са спадаром Замяталіным?”

Кудзіненка: “Што такое тэхналёгіі Галівуду, я ня ведаю, бо зараз можна здымаць кіно на хатнім кампутары і на фотаапарат. Галоўнае — ідэя”.

Соўсь: “Можа, вы раскажаце нашым слухачам пра сваю новую стужку? Гэта гісторыя, як шляхціч ператварыўся ў мядзьведзя?”

Кудзіненка: “Я абазначыў яго як “бульбахорар” — новы жанр, жах, і сьмех, і жудасьць у адным замесе. Атрымаўся такі стыль вельмі цікавы, таму што ўсё заснавана на нашых мітах, і шукалі вельмі шмат новага. Трэба паглядзець. Гаварыць пра кіно вельмі цяжка”.

Соўсь: “Дарэчы, наконт паглядзець. Наведніца нашага сайту Ларыса пытаецца: “Паважаны Андрэй, а дзе можна набыць вашыя фільмы?”

Кудзіненка: “Іх запампоўваюць у інтэрнэце. Піраты працуюць добра”.

Соўсь: “А ў краме? Ліцэнзаваныя дзе можна набыць?”

Кудзіненка: “У “Падземцы” прадаецца “Акупацыя”. “Розыгрыш” прадаецца ў “Містэрыі гуку”.

Соўсь: “Некалькі месяцаў таму ў інтэрвію “Свабодзе” рэжысэр-дакумэнталіст выказаўся, што, на ягоную думку, да сёньняшняга дня беларускага кіно проста яшчэ няма і не было, бо, паводле спадара Асьлюка, усё, што раней здымалася, было адным цэлым з савецкім і расейскім кіно. Ці запярэчылі б вы Віктару Асьлюку? Ці жыве беларускае кіно?”

Кудзіненка: “Віктар яго і робіць. Ён, можа, казаў пра дакумэнталістыку. Мастацкае кіно і ў 60-я, і ў 70-я, і ў 80-я, і ў 90-я нават было. Можа, ён кепска вывучаў кінэматограф і мастацтва ці сам дрэнна рабіў кіно. Зараз проста няма такога працэсу кінэматографа. Могуць быць фільмы, адзін, другі, а вось руху няма. Рух павінен пайсьці знутры. Гэта не залежыць ад Міністэрства культуры, таму што кіно здымаць вельмі танна. Чаму ніхто не здымае, ня ведаю”.

Соўсь: “Спадар Замяталін на прэсавай канфэрэнцыі сказаў пра амбітныя пляны “Беларусьфільму”: будзе чатырохсэрыйны фільм пра творчасьць Янкі Купалы, будзе чатырохсэрыйны мастацкі фільм “Каласы пад сярпом тваім” да 80-годзьдзя Уладзімера Караткевіча, і плянуецца, што рэжысэрам будзе Пінігін. Цяпер шанс ёсьць, што “Беларусьфільм” з пляцоўкі, дзе здымаюцца расейскія сэрыялы, ператворыцца ў сапраўдную нацыянальную кінастудыю”.

Кудзіненка: “Што датычыцца Замяталіна, гэта першы дырэктар, зь якім можна размаўляць, які размаўляе з творцамі. Гэта прагрэсіўны чалавек, на мой погляд. Я ня вельмі разумею, як усю гэтую бюракратычную махіну зрушыць, але спрабуюць нешта рабіць. Але насамрэч ён спрабуе зрабіць штосьці”.

Соўсь: “Нягледзячы на тое, што ён лічыўся даволі такой адыёзнай фігурай, раней быў ідэолягам Аляксандра Лукашэнкі, адным з арганізатараў рэфэрэндуму пра мову і сьцяг. Прызначэньне некалькі гадоў таму яго на пасаду дырэктара “Беларусьфільму” выглядала досыць дзіўна”.

Кудзіненка: “Я таксама лічыў, што гэта досыць дзіўна, але атрымалася па-іншаму. Гэта адэкватны і прадуктыўны чалавек. Я зь ім працую паўгода. Ёсьць праблемы, але ў творчыя праблемы ён ня лезе, наадварот. Дагэтуль не было такога інтэрактыву. Дагэтуль былі такія людзі, якія ня мелі, можа, улады, амбіцыяў, волі, а ў Замяталіна гэта ёсьць. Я стаўленьне памяняў кардынальна да яго”.

Соўсь: “Андрэй, мы на сайце праводзім апытаньне: “Якое кіно, на вашую думку, павінен здымаць “Беларусьфільм”? Варыянты адказу: пра вайну, пра прэзыдэнта, фільмы жахаў, эротыку, мультфільмы… Як бы вы адказалі на гэтае пытаньне? Якое кіно павінен здымаць “Беларусьфільм”?”

Кудзіненка: “Розныя, пра ўсё. Павінен быць працэс кінэматографу, каб здымаў фільмы ня толькі “Беларусьфільм”, каб здымалі ўсе. Як я здымаў “Акупацыю”. Розныя людзі павінны здымаць, розныя студыі, студэнты і г.д. Якія тэмы? Свае тэмы. Каб гэта было цікава гледачу, найперш”.

Соўсь: “У Беларусі пакуль не дэманструецца намінант на “Оскара” — апошні фільм Квэнціна Таранціна “Паскудныя вырадкі”. Нібыта не атрымалася дамовіцца з расейскімі пракатчыкамі. Але многія выказваюць думку, што ў Таранціна зусім іншая трактоўка падзеяў Другой сусьветнай вайны, чым у Беларусі. Гэтыя ж прэтэнзіі закідаліся і вам, калі забаранялася вашае кіно. “Беларусьфільм” за савецкім часам даволі часта называлі “Партызанфільмам”. На вашую думку, за савецкім часам ці зьнялі беларускія аўтары таленавітае і праўдзівае кіно пра ІІ сусьветную вайну? Які фільм найлепшы?”

Кудзіненка: “У нас шмат добрых фільмаў. Фільм “Я родам зь дзяцінства”, “Праз могілкі”, “Трэцяя ракета”. “Вянок санэтаў” Рубінчыка. Я ў дзяцінстве заўжды глядзеў фільмы “Беларусьфільма” з задавальненьнем, таму што я ведаў, што гэта пра вайну і нешта будзе цікавае. Гэта быў стыль шасьцідзясятнікаў, калі яны пачалі здымаць гуманістычнае кіно пра новы погляд. Я ж “Акупацыю” здымаў у тым жа стылі. Гэта бачаньне вайны як гуманізму, стыль Быкава, Адамовіча і г.д.”

Соўсь: “Улетку выйдзе ваш новы фільм. А якое кіно вы яшчэ марыце зьняць на “Беларусьфільме”?”

Кудзіненка: “Ня ведаю, трэба яшчэ скончыць гэтае кіно, таму што я зараз займаюся працэсам рэклямы і дыстрыбуцыі. Калі гэта атрымаецца, тады будзем працаваць. Ёсьць розныя пляны, але паглядзім”.
←В Хойниках прошло первое заседание оргкомитета по подготовке Дня белорусской письменности-2010

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика