Памёр паплечнік Васіля Быкава, літаратуразнаўца Лазар Лазараў
У Маскве на 87-м годзе жыцця памёр вядомы расійскі літаратуразнаўца, галоўны рэдактар часопіса «Пытанні літаратуры», Лазар Лазараў. Лазараў, аўтар крытычных артыкулаў і манаграфіяў, з"яўляўся таксама адным з самых вядомых знаўцаў і папулярызатараў творчасці Васіля Быкава. У прыватнасці, у 1979 Лазараў годзе напісаў кнігу «Васіль Быкаў. Нарыс творчасці».
«З Быкавым у Лазарава была ў пэўным сэнсе славутае франтавое сяброўства, дарма што яны не ваявалі разам, — кажа літаратуразнаўца і аўтара шмат якіх прамоваў да кніг Васіля Быкава Міхась Тычына. — Абодва валодалі агульнымі чалавечымі якасцямі, гучна выказваліся ад імя «забітага пакалення». У час шальмавання Быкава, Лазараў палічыў за належнае стаць на бок беларускага пісьменніка, і ў сваёй кнізе не ўзбаяўся прыгадаць аповесць «Мёртвым не баліць», пра якую выказаўся сумленна, адно паводле свайго ўласнага разумення літаратуры».
З Быкавым Лазараў пазнаёміўся ў 1963 годзе пасля таго, як у часопісе «Новый мир» была надрукаваная яго першая рэцэнзія аб Быкаўскай творчасці. Падчас знаёмства Лазарава ўразіў не столькі сам Быкаў, колькі стаўленне да яго тагачасных беларускіх уладаў. Са словаў Лазарава «Яго (Быкава) усесаюзная вядомасць, што павялічвалася тады, выклікала ў іх (беларускх уладаў) вялікую падазронасць».
Сам Лазараў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і баявымі медалямі. Узначальваў часопіс «Пытанні літаратуры з 1992 года. Успаміны Лазарава пра Быкава ўвайшлі ў двухтомную кнігу-энцыклапедыю Сяргея Шапрана «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах» (2009).
Развітанне з Лазаравым адбудзецца 1 лютага ў ваенным шпіталі імя Бурдэнкі.
Чытаць яшчэ: