Памёр пісьменнік Джэром Сэлінджэр
Яго бацька – габрэй польскага пахожання Саламон Сэлінджэр, быў заможным гандляром вэнджанінай ды сырамі. Маці ірландска-шатландскага паходжання.
Вучыўся ва Урсінс-каледжы і Калумбійскім універсітэце, але ніводную з навучальных установаў не скончыў, што прывяло да разрыву з бацькам. Сэлінджэр-малодшы пайшоў у войска, удзельнічаў у высадцы амерыканскага дэсанта ў Нармандыі 6 чэрвеня 1944 г. Працаваў з ваеннапалоннымі, браў удзел у вызваленні вязняў канцлагероў.
Першае апавяданне «Маладыя людзі» апублікаваў у 1940 г. А першую сур’ёзную вядомасць прынесла апавяданне «Добра ловіцца рыбка-бананка» (A Perfect Day for Bananafish, 1948).
Раман «Лавец у жыце» быў апублікаваны ў 1951 г. Да гэтага моманту пісьменнік выдрукаваў больш за два дзясяткі твораў.
Потым Сэлінджэр вёў жыццё самотніка, адмаўляўся даваць інтэрв’ю, а ад 1965 г. наогул перастаў друкавацца і наклаў забарону на перавыданне сваіх ранейшых твораў. Пісаў для сябе.
Апошнія гады жыў за высокай сцяной у гарадку Корніш ды займаўся духоўнымі практыкамі.