Баранавіцкі паэт Алесь Корнеў атрымаў літаратурную Мядовую прэмію

Источник материала:  
20.01.2010 01:23 — Новости Культуры

Каханне! Ад яго пачатак
Жыццё бярэ па ўсёй зямлі.
Алесь Корнеў

14 студзеня баранавіцкія паэты, краязнаўцы, аматары прыгожага слова наведалі Пружаны. Менавіта тут адбываецца штогадовае ўручэнне Мядовай прэміі, якую заснаваў з 2001 года пружанскі прадпрымальнік Мікалай Папека.

За 2009 год прэмію (пуд мёду і дыплом) атрымаў баранавіцкі паэт Алесь Корнеў за зборнік вершаў «Неўтаймоўны сексафон». Уручэнне прэміі адбылося ў музеі-сядзібе Пружанскі «Палацык». На ўрачыстай імпрэзе выступілі баранавіцкія і берасцескія паэты і навукоўцы Алесь Каско, Міхась Маліноўскі, Лявон Баласюк, Уладзімір Барысюк, Яўген Бяласін, Іван Лагвіновіч. А барды Таццяна Рэпічава і Алесь Паплаўскі праспявалі свае цудоўныя песні.

Алесь Корнеў — адзін з самых плённых паэтаў Берасцейскай вобласці. Ён аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў вершаў. У такіх зборніках як «Услед за ластаўкай», «Грае раніца зару» Алесь Корнеў апявае хараство роднай зямлі і яе людзей. А ў зборніку вершаў «Крыжы зямелькі нашае» аўтар у вершавальнай форме паказвае трагічна-гераічную гісторыю нашай зямлі. Але найбольш паэт Корнеў (па прафесіі доктар-дэрматолаг) праславіўся любоўнай лірыкай, раскрыццём інтымных адносінаў паміж мужчынай і жанчынай.

Жыве ўва мне тваё святло і аўра,
І твой настрой — узвышаны мажор.
Ты для мяне, як Проксіма цэнтаўра,
Бліжэйшая з усіх нябесных зор.

Пра такое прыгожае каханне пяецца ў зборніках вершаў «Жаночыя напевы», «Пад зоркай Мілавіцай», «Неўтаймоўны сексафон». Гэтыя вершы — пра каханне, пра эротыку.

Усе сябры і прыхільнікі роднага слова шчыра віншуюць спадара Алеся Корнева з прыгожай і заслужанай узнагародай.

←«Луковицу» замка Радзивилов вернут в барокко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика