Фіялетавая містыка Джэймса Кэмерана
Аватар (Avatar)
ЗША, 2009, каляровы, 162 хв.
Рэжысёр: Джэймс Кэмеран
Ролі выконваюць: Сэм Ўортынгтан, Зоі Салдана, Сігурні Ўівэр, Стывэн Лэнг, Мішэль Радрыгес, Джавані Рыбізі
Жанр: Фантастычныя прыгоды
Адзнака: 8 (з 10)
Марскі пехацінец Джэк Салі, прыкуты да інваліднага вазку, адпраўляецца на планету Пандора, дзе людзі здабываюць каштоўны мінерал. З дапамогай адмысловага цела, аватара, створанага з ДНК чалавека і мясцовых тубыльцаў — герой мусіць увайсці ў давер да племені На’ві. Паміж зямлянамі і пандорцамі выспявае канфлікт: сквапныя карпарацыі прагнуць здабываць мінерал, нягледзячы ні на што. Джэк Салі — ключавая фігура ў гульні.
Карціна Джэймса Кэмерана — абсалютны трыумф тэхналогій. Рэжысёр колькі гадоў не браўся за здымкі, пакуль кампутарнае мастацтва не дазволіла напоўніцу ўвасобіць задуманае. Ад гэтага пацярпеў сюжэт, які здаецца занадта пралічаным, а пэўныя кэмеранаўскія ідэі ўжо абыграныя ў карцінах другога эшэлону («Сурагаты», «Геймер»).
Але ў выбітнага галівудскага казачніка — абсалютна завершаны і самадастатковы фантастычны свет.
Сігурні Ўівэр — з аватарам у саколцы Стэнфардскага універсітэту — вельмі пасуе ільвіны нос, а гульня ейнага кампутарнага цела не саступае жывым кадрам з самой актрысай. Акторам чаплялі датчыкі, што адлічбоўвалі іхняе цела. Такую тэхналогію актыўна выкарыстоўваў Кэры Конран у настальгічна-ўчорашнім «Нябёсным капітане». Але ў Кэмерана — гэта ўжо звышдасканаласць, прышлае — і перамога Новага стылю.
Фіялетавыя жыхары планеты, светлавыя дрэвы, драпежнікі з множнымі вачыма, паветраныя рэптыліі-коні. Свет Пандоры рэальнейшы і прывабнейшы за зямны і толькі кусаеш локці, што глядзіш на гэты цуд не ў 3D IMAX (першы кінатэатр 3D адкрыецца ў Менску толькі ў студзені).
Зрэшты, папярэдняя карціна Кэмерана «Тытанік» — адрадзіла беларускі кінапракат. «Аватар» імпэтна дасі яму 3D вымярэнне.
Але карціна Кэмерана мае не толькі тэхналагічнае, але і містыка-экалагічнае значэнне. Вобраз планеты, якой моляцца — і якая абараняе сама сябе — гэта «Салярыс» на новы лад, першабытная вера і сцяг новых экалагічных рухаў.
Хаця сацыяльна-крытычныя моманты — містыку пераважваюць.
Закіды супраць імперыялістычнае сквапнасці, як заўжды ў Кэмерана — запакаваныя ў супертэхналагічную шматмільённую абгортку ашаламляльнага і найнавейшага відовішча 21 стагоддзя.
Кінатэрміны
Кінападзеі
Усе фільмы
Кінатворцы