Што адбываецца з N.R.M.?
За гэты год «Ляпіс» атрымаў «рок‑карону», выбухнулі The Toobes, «Глюкі» сабраліся пад новай назвай… І толькі N.R.M. маўчалі.
У канцы 1990‑х N.R.M. быў нашым усім. Гурт здолеў тады прыцягнуць да беларускай культуры цэлае пакаленне моладзі. Іх песні былі музыкай шматтысячных мітынгаў пратэсту. Іх узлёт пачаўся ў 1996‑м, калі на «Рок‑каранацыі», замест запланаванай фальклорнай «Мела мамка тры сыночкі», музыкі ў саламяных брылях нечакана ўрэзалі «Партызанскую». Што здарылася пасля? Чаму цяпер так рэдка чуваць N.R.M.?
Музычныя аналітыкі сайта «Experty.by» нават склалі графік кар’еры гурта. На іх думку, з 2000 года, пасля выхаду альбома «Тры чарапахі», у творчасці N.R.M. назіраецца крызіс. Фронтмэн гурта Лявон Вольскі не згодны. «Гурт доўга займаў найвышэйшыя пазіцыі. Было вырашана ўзяць паўзу. А цяпер мы вяртаемся», — кажа музыка.
Але ці стане тое вяртанне вяртаннем караля? Сёння, калі ў плэерах моладзі гучаць «Belarus Freedom» і «Ружовыя акуляры» ад «Ляпіса Трубяцкога».
За апошні год гурт Сяргея Міхалка атрымаў шэраг узнагарод, выступіў у ЗША, прэзентаваў альбом «Культпрасвет». «Выбухнула» маладая каманда The Toobes, якую выказаў жаданне прадусаваць брытанскі музыка Tricky. Удзельнікі магілёўскіх «Глюкаў» сабралі новы гурт Akute… І толькі N.R.M. маўчалі.
Сёння праблема N.R.M. у тым, што гурт не можа пашырыць сваю аўдыторыю, у адрозненні ад «ляпісаў», лічыць музычны аглядальнік Сяргей Будкін. У часы найвышэйшага свайго ўзлёту N.R.M. ігралі музыку змагання і супрацьстаяння. Але сёння яна менш запатрабаваная. Апошнім такім творам стала песня «Гадзючнік», якая выбухнула ў 2006‑м, падчас прэзідэнцкай кампаніі. Музыкі і самі былі з моладдзю на Плошчы, спявалі ў мароз у намётавым гарадку «ўсё роўна мы пераможам, бо іначай быць проста не можа!»
«Я лічу, пасля альбомаў «Тры чарапахі» і «Дом культуры» спад у творчасці ёсць, — кажа музычны крытык Зміцер Падбярэзскі. — Музыкі пачалі разыходзіцца, стварыўшы свае пабочныя праекты». Лявон Вольскі выпускае постмадэрнісцкія сольныя альбомы, Піт Паўлаў стварыў гурты «Гарацкія» і Pete Paff, дзе робіць музыку, моцна адрозную ад «энэрэмаўскай».
І ўсё ж прыхільнікаў у N.R.M. яшчэ куды болей, чым у іншых. Сёння іх ведае кожны слухач рок‑музыкі (нярэдка гэтыя рамкі шырэйшыя). Народнымі сталі «Песня пра каханне», «Паветраны шар», «Тры чарапахі». Пачаткоўцы вучацца на песнях N.R.M. Некаторым так і не ўдаецца выйсці з‑пад яго ўплыву.
Чаму не «Нейра Дзюбель», не «Крама», а менавіта N.R.M. стаў сімвалам беларускага року канца ХХ стагоддзя? «Унутраны настрой музыкаў супаў з тым, што было навокал. N.R.M. аказаўся своечасовай камандай», — лічыць Зміцер Падбярэзскі.
Але ёсць выбух, а пасля наступае маўчанне. Альбо каманда і ўвогуле распадаецца, сышоўшы з вяршыняў славы. N.R.M. ператрываў усё. Вось толькі час не пашкадаваў «мрояўцаў». Каштоўнасці змяняюцца. Ды і светапогляды саміх музыкаў таксама. Зараз яны не змогуць дазволіць сабе выхад на сцэну голымі, як тое было на адной з «Рок‑каранацый». Такія ўчынкі адыходзяць у мінулае. Гурт знаходзіцца на парозе зменаў. І не дзіўна, калі новы альбом N.R.M. будзе лірычным, з песнямі кшталту «Простыя словы», «Лепей не будзе», «Пакуль не пачнецца вайна», мяркуе З.Падбярэзскі.
Ці так гэта — пабачым на «Калядным канцэрце». Снежаньскі выступ пакажа, у якасці каго N.R.M. вяртаецца.
Кастусь Матушыч
«Вялікі акустычны калядны канцэрт» гурта N.R.M.пройдзе 17 снежня ў КЗ «Мінск» (вул.Кастрычніцкая, 5).
Гэта будзе першы выступ у Беларусі пасля працяглага маўчання. Пачатак у 19.00. Квіткі: 20 000 — 45 000. Даведка і замова квіткоў: (029) 655‑55‑96, (033) 655‑55‑96, (017) 280 15 10.