Мінкульт адхіліў эскізны праект стварэння ў Лошыцкай сядзібе 4‑хзоркавага гатэлю

Источник материала:  
16.12.2009 18:21 — Новости Культуры

16 снежня Беларуская рэспубліканская навукова‑метадычная рада па пытаннях гісторыка‑культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адхіліла эскізны праект прыстасавання гаспадарчага двара Лошыцкай сядзібы ў Мінску пад гасцінічны комплекс.

Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, праект узвядзення чатырохзоркавага двухпавярховага з мансардай гатэля, прапанаваны мінскім архітэктарам УП «Лантэрна» Уладзімірам Галкоўскім (заказчык — КУП «Бізнесцэнтр «Сталіца»), не адпавядае агульнапрынятым методыкам і дзеючаму заканадаўству ў галіне аховы гісторыка‑культурнай спадчыны.

Як растлумачыў Астаповіч, аўтары праекта прапанавалі пабудаваць гатэль на аснове захаваных прамысловых будынкаў Лошыцкай сядзібы — спіртасховішча і карпусоў броварнага завода XVIII—XIX стагоддзяў.

«Аднак рэалізацыя гэтага праекта разбурыць складзеную аб’ёмна‑планіровачную кампазіцыю комплексу», — сказаў Астаповіч.

Паводле яго слоў, рада прапанавала праекціроўшчыкам дапрацаваць праект з улікам беражлівага стаўлення да будынкаў спіртасховішча і бровару.

***

Помнік архітэктуры нацыянальнага значэння XIX стагоддзя ў стылі эклектыкі Лошыцкая сядзіба з’яўляецца цэнтрам сядзібна‑паркавага комплексу XVIII—XIX стагоддзяў, размешчанага на паўднёвым ускрайку Мінска ў зліцці рэк Свіслач і Лошыца. Сядзіба стаіць на грэбні пойменнай тэрасы, мае асіметрычную аб’ёмна‑прасторавую кампазіцыю, складаецца з драўлянага аднапавярховага і прыбудаванага да яго старчака цаглянага двухпавярховага аб’ёмаў. У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разьбяныя дэталі, у тым ліку слупы галоўнага ўваходу, аконная шалёўка і карнізныя паясы. У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўванне сцен дубовымі панелямі і каляровыя кафлі.

У пісьмовых крыніцах першае згадванне сядзібы датуецца канцом XVI — пачаткам XVII стагоддзя. У гэтым доме ў свой час пабывалі многія вядомыя дзеячы айчыннай культуры, у тым ліку класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін‑Марцінкевіч.

←Личное дело Александры и Константина TUT!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика