Спадчына не можа быць без нашчадкаў

Источник материала:  
Спадчына не можа быць без нашчадкаўНе так даўно ў Парыжы адбылася 35-я сесія Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, на якой Беларусь была абрана членам Выканаўчага савета. Аб дзейнасці Арганізацыі па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ў нашай краіне і новых перспектывах расказаў старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.
— Увогуле ЮНЕСКА — небагатая арганізацыя. Яе двухгадовы бюджэт усяго 617 мільёнаў долараў. І гэта на 200 дзяржаў. Параўнальна з бюджэтам сярэдняга амерыканскага універсітэта, — адзначае Уладзімір Шчасны. — Роля ЮНЕСКА не донарская, а каталізатарская. Мы паказваем актуальныя напрамкі, вылучаем невялікія сумы, а далей дзякуючы аўтарытэту арганізацыі праекты атрымліваюць падтрымку дзяржавы або для іх знаходзяцца нейкія пазабюджэтныя сродкі.
Калі ад назвы ЮНЕСКА і павявае графскім арыстакратызмам, то гэта хутчэй ад вытанчанасці праектаў. Стварэнне ў Смілавічах экспазіцыі, прысвечанай вядомаму прадстаўніку парыжскай мастацкай школы Хаіму Суціну, ці, напрыклад, перадача Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры архіва Міхала Клеафаса Агінскага — чым не высакародны занятак?
Ці вось яшчэ прыклады: 600 гадоў таму князь Ягайла ўсталяваў у Белавежскай пушчы запаведны рэжым, а зусім нядаўна юбілей Нацыянальнага парку адзначылі пры падтрымцы ЮНЕСКА. Ефрасіння Полацкая вучыла людзей грамаце, а пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі распрацавалі камп’ютэрную праграму, якая дазваляе сляпым і людзям са слабым зрокам чытаць электронныя кнігі на рускай, беларускай і англійскай мовах і карыстацца інтэрнэтам...
Самае дарагое, што ёсць у нашчадкаў графскіх і княжых родаў, гэта іх спадчына. Зразумела, што ЮНЕСКА — шматпрофільная арганізацыя, і роля яе не абмяжоўваецца складаннем розных спісаў культурнай і іншай спадчыны, але, па-мойму, гэта самы яркі напрамак яе дзейнасці. І вельмі хочацца, каб у гэтых спісах было больш беларускіх назваў. У кастрычніку ўжо адбылася радасная падзея: беларускі рытуал упершыню з’явіўся ў спісе элементаў сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, мае патрэбу ў ахове. Гэта абрад «Калядныя цары», які ўключае элементы карнавалу і характэрны толькі для вёскі Семежава Капыльскага раёна. Але суразмоўца зноў не раіць спяшацца з высновамі:
— «Цары» — гэта наш першы пілотны праект. Для ўключэння яго ў Сусветны рэестр нематэрыяльнай культурнай спадчыны павінна прайсці яшчэ чатыры гады. За гэты час нам трэба даказаць, што яму больш нічога не пагражае. У будучым прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс могуць традыцыі бортніцтва і тэхналогія ткацтва неглюбскіх ручнікоў, якія захаваліся на Палессі.
Што тычыцца іншых спісаў ЮНЕСКА, то ў сусветны рэестр «Памяць свету» пасля рэканструкцыі былі ўключаны архівы і бібліятэка Радзівілаў. А цяпер заканчваецца стварэнне каталога для наступнай віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі Храптовічаў. У планах — вялікі праект па рэканструкцыі дакументальнай спадчыны Сапегаў (пасля гэтага, можа, нарэшце, адрэстаўруюць палац у Ружанах, бо трэба недзе будзе ўсё размясціць). А вось аднаўленне Косаўскага замка і маёнтка Агінскага ў Залессі зусім не за гарамі — ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя.
У Каляндар памятных дат ЮНЕСКА ў свой час патрапілі Напалеон Орда, Ігнат Дамейка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Цяпер Нацыянальная камісія дабілася ўключэння туды мастака Івана Хруцкага. А значыць, надыходзячае ў лютым 200-годдзе з дня яго нараджэння будзе адзначацца з адпаведным размахам.
Спадчына не можа быць без нашчадкаўІ нарэшце аб самым галоўным. Ці папоўніцца Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА новымі беларускімі назвамі? Колькасць такіх аб’ектаў ужо набліжаецца да тысячы, і з кожным годам патрапіць туды ўсё цяжэй, але Уладзімір Шчасны не губляе аптымізму:
— Многія прапануюць на гэтым спыніцца, але мы працуем. Усяго ў Беларусі вызначана 12 такіх аб’ектаў. На разглядзе Міжнароднага савета па ахове помнікаў цяпер знаходзіцца Аўгустоўскі канал. Праўда, у спіс лягчэй патрапіць серыйным, транснацыянальным аб’ектам. Напрыклад, на ўключэнне прэтэндуе Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, але ў адзіночку шанцаў у яго амаль няма. Затое ён можа быць цікавы як адзін з магнацкіх палацава-паркавых ансамбляў XVIII–XIX стагоддзяў, размешчаных уздоўж Дняпра ў Беларусі, Расіі і Украіне. Па такой жа схеме да сусветнай спадчыны можа далучыцца драўлянае дойлідства Палесся або, напрыклад, культавыя будынкі абароннага тыпу ў Літве, Беларусі і Польшчы. У нас дзве такія царквы — у вёсках Сынковічы і Мураванка.


←КТО НА СВЕТЕ ВСЕХ МИЛЕЕ?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика