Рэпер Сярога: Вобраз беларуса «чарка, шкварка і мая хата з краю» не для мяне
Заявіў 10 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску рэп-музыка Сярога (Сяргей Пархоменка).
Паводле яго слоў, вобраз беларуса зараз мяняецца. «Я бачу іншых беларусаў – больш адкрытых, больш інфармаваных, менш закрытых і заціснутых. І мне гэты вобраз падабаецца»,
– сказаў ён.
Адказваючы на пытанне пра яго песню на беларускай мове «Лялька», Сярога прызнаўся, што тэкст напісаў не ён, а быў перакладзены яго сябрам для выдання зборніка. «Калі б я ведаў беларускую мову, я б пісаў на ёй,
але я яе не ведаю, не размаўляю і не думаю па-беларуску», – адзначыў музыкант, які нарадзіўся і вырас у Гомелі.
Ён пацвердзіў інфармацыю пра намер завяршыць кар"еру.
«Як Сярога я пакрысе сыходжу са сцэны, – сказаў ён. – Сінглы яшчэ з"яўляюцца, але новых альбомаў дакладна не будзе». У той жа час ён плануе арганізаваць у Мінску канцэрт украінскай спявачкі Ры (Маргарыта Смялянская-Галіцкая), прадзюсаваннем якой займаецца. «Спачатку я планую дамовіцца з адным з беларускіх тэлеканалаў аб паказе шоу, якое мы знялі з удзелам Ры ў Мінску ў сакавіку года, а потым будзе канцэрт», – сказаў ён.
Рэпер адзначыў, што не займаецца пошукам новых талентаў: «Я не раблю артыстаў, у мяне ёсць сябры, якім я дапамагаю па меры сіл і магчымасцяў». «Новых артыстаў зараз ні ў Мінску, ні ў Кіеве не чакаюць, – лічыць Сярога. – Артыстаў менш не стала, стала менш грошай.
Зараз вельмі складаны час для тых, хто займаецца прасоўваннем». Разам з тым ён зазначыў, што «ёсць артысты, якія выдатна пачуваюцца і ў Беларусі». «Напрыклад, J: Морс – у іх вялікая колькасць канцэртаў у краіне. І тое, што яны яшчэ не выйшлі за межы Беларусі, – гэта пытанне часу», – сказаў Сярога.
Адказваючы на пытанне з нагоды ўдзелу ў рэкламным роліку 3G life:), выканаўца сказаў: «Вы ўсе выдатна разумееце, чаму я там зняўся – мне за гэта заплацілі. Ролік атрымаўся вельмі пазітыўны, народны, бадзёры. Спадзяюся, што паслуга якасная». Па яго словах, раней яму даводзілася здымацца ў рэкламе сухарыкаў. «Але сухарыкаў я не ем, і 3G life:) у мяне няма», – дадаў Сярога.