Полацкая святыня ўпрыгожыць падмаскоўны пасёлак мільянераў
Як перавозяць туды з Рускага музея Пецярбурга. Беларусь не мае шанцаў на вяртанне.
Міністэрства культуры Расіі прыняло рашэнне аб перадачы абраза XII ст. Полацкай Божай Маці з фондаў Дзяржаўнага Рускага музея ў царкву Аляксандра Неўскага ў катэджавым пасёлку Княжае Возера Маскоўскай вобласці.
Распараджэнне падпісанае дырэктарам дэпартамента культурнай спадчыны і выяўленчага мастацтва Мінкульта Расіі Рамазанам Калоевым. Падставай для рашэння стаў ліст патрыярха Кірылы міністру культуры Аляксандру Аўдзееву.
Пра гэты абраз мы пісалі ў «НН» яшчэ ў 1998 годзе ў артыкуле «Скрадзены скарб». Ікону адны навукоўцы датуюць XII ст. і прыпісваюць візантыйскаму майстру. Іншыя — пачаткам XIV ст. і лічаць, што яе напісаў полацкі майстар.
Паводле пашыранай версіі, абраз Багародзіцы Эфескай прыдбала ў Канстанцінопалі Еўфрасіння Полацкая для царквы Багародзіцы ў Полацку.
Яна паслала па ікону да візантыйскага імператара Мануіла Комніна слугу з каштоўнымі дарамі. Патрыярх Канстанцінопальскі Лука блаславіў прывезены з Іерусаліма абраз у Сафійскім саборы. Слуга Еўфрасінні, Міхал, даставіў абраз у Полацк. У Беларусі яе сталі зваць Адзігітрыяй Полацкай, Пуцяводнай. Паводле легенды, менавіта гэтым абразом дабраслаўлялі шлюб Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Параскевы ў 1239 г.
З моманту захопу Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1579 г. абраз знікае з Беларусі.
Маці Божая Полацкая з’яўляецца ў XVII ст. у саборы горада Тарапец. Таму ікону называюць яшчэ «Тарапецкай», у дадатак да старых назваў «Эфеская», «Корсунская». У 1920‑я сабор быў зачынены, а ікона апынулася ў тамтэйшым краязнаўчым музеі. У 1930 годзе абраз перадалі на захаванне ў Дзяржаўны Рускі музей.
Маці Божая Адзігітрыя Полацкая — адзін з самых старажытных абразоў у свеце.
Рэстаўратары, якіх цытуе «Коммерсант», б’юць трывогу: яе «грунт хрупкі, яго сувязь з фарбавым слоем і павалокай аслабленая». Гэта значыць, што абраз у любы момант можа асыпацца. Таму ў Рускім музеі ікону нават не паказваюць у экспазіцыі. Любое перамяшчэнне святыні можа стаць драматычным яе канцом.
А што лучыць Маці Божую Полацкую з элітнай падмаскоўнай нерухомасцю? Прэзідэнт будаўнічай кампаніі «Сапсан», якая збудавала пасёлак Княжае возера, і фундатар сабора ў Тарапцы, дзе колісь знаходзілася ікона, — адзін і той жа чалавек. Сяргей Шмакаў — праваслаўны бізнэсовец, бацька шасці дзяцей, заснавальнік дабрачыннага фонду «Іванава справа».
У Княжым Возеры на тэрыторыі ў 160 га размешчаныя 720 зямельных участкаў плошчай ад 15 да 45 сотак кожны. Плошча катэджаў — ад 160 кв. м да 800 кв. м, цана — ад $820 тыс. да $5,5 млн.
Канчатковае рашэнне — за Дзяржаўным Рускім музеем. Гісторыя гэтая ілюструе складаныя ўзаемаадносіны бізнэсу і царквы ў Расіі.
Асвячэнне царквы Аляксандра Неўскага з прыдзелам у імя іконы Полацкай Божай Маці мелася адбыцца 5 снежня. Шанцы на яе выратаванне ад перадачы ёсць, калі працэдура пойдзе легітымным шляхам: праз рэстаўрацыйную і фондава‑закупачную нарады, як гэта прынята ў Рускім музеі.
А вось шанцаў на вяртанне гэтага святога абраза ў Беларусь на сёння, бадай, няма.
Гэта не адзіная нацыянальная каштоўнасць, страчаная амаль незваротна. Крыж Еўфрасінні Полацкай, а таксама творы Леанарда, ван Дэйка, Розы з калекцый беларускіх магнатаў таксама былі вывезены з Беларусі, толькі пазней, у ХІХ—ХХ стст.