Нараджэнне цуда
19.11.2009
—
Новости Культуры
Нататкі пра рознасць тэатральных кухняў і эстэтычную асалоду ад дробязяў паўсядзённасці.

Мы памыляліся… Бо за рэквізітам, мішурой, пэўна, губляем здольнасць бачыць галоўнае. Можа, місія тэатра і ў тым, каб не забываліся мы, што самая вялікая каштоўнасць на зямлі — чалавек. На спектаклі гэтыя двое, актрыса Мірыям Голдшміт і кампазітар Франчэска Агнела, ствараюць цуд. Яна віртуозна кіруе шматсэнсавай плынню са словаў, жэстаў, мімікі і дзеянняў, ён не менш віртуозна ў патрэбныя моманты дапаўняе яе споведзь, развагу, а то і крык душы гэткай жа кранальнай ігрой на гангу. Гэта, аказваецца, зусім не “тазік”, а новы для свету музыкі душэўна-мілагучны інструмент. Мяркую, чулі яго мінчане ўпершыню, а пасля дзеі ў холе Палаца Рэспублікі шмат хто набываў і дыскі з цудоўнай музыкай, а маэстра Франчэска натхнёна іграў. Як вам такі ход: дзея, пачатая на сцэне, быццам перацякае ў па-за тэатральную прастору.
А пра што ж сам спектакль? Пра дзяцінства, душу, тэатр, Бога… Галоўнае ж: пра вечныя пытанні і каштоўнасці быцця.
У кожным з дваццаці спектакляў, прадстаўленых на Міжнародным тэатральным фестывалі, — свая стылістыка, танальнасць
размовы з гледачом. Акрамя айчынных пастановак, мы мелі магчымасць пабачыць работы творчых калектываў са згаданай ужо Швейцарыі, а таксама Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Расіі і нават Італіі.
Пра насычаны, а ці нават і перапоўнены побытавымі падрабязнасцямі спектакль Новага рыжскага тэатра “Соня” хочацца гаварыць — як бы ў процівагу “аскетычнасці”пастаноўкі вышэйзгаданага тэатра “Шаўшпільхаўс” з Цюрыха. На сцэне да драбніц адноўлены рэтра-інтэр’ер ленінградскай кватэры перадваеннага часу. У ёй вельмі арганічна жыве, гатуе, шые і піша любоўныя пісьмы галоўная гераіня. У гэтай пастаноўцы рэжысёра Алвіса Херманіса па апавяданні вядомай пісьменніцы Таццяны Талстой на сцэне працуюць таксама, як і ў Брука, толькі два акцёры. Прычым ролю “Соні, якая была дура”, надзвычай цёпла і пераканальна стварае мужчына — Гундарс Аболіньш. Зрэшты, “іграюць” на галоўную ідэю і ўсе антыкварныя рэчы. Некаторыя з іх, як прызнаваліся акцёры журналістам пасля спектакля, знахо-дзілі нават на звалках…
Журналісты ж, што называецца, вельмі запалі на ўсе гэтыя “паўсядзённыя падрабязнасці побыту”, з мастацкім густам адлюстраваныя на сцэне. Гундарс патлумачыў, што стыль і эстэтыку спектакляў вызначае галоўны рэжысёр, і ўсім такая ўвага да дэталяў падабаецца. “Мы ставім п’есы і спектаклі, у якіх і самі ўдзельнічаем як сааўтары” — дадаў ён. — Абапіраемся, ствараючы тканку спектакля, на жыццё — на падглядванне, назіранне”. Заканамерным было пытанне: а што шукаюць рыжане ў даўніне? І быў адказ пытаннем: “А што вы ў музеі шукаеце?.. Гэта і ёсць жыццё, у якім шмат праўды і ўсяго добрага. Шмат высокага эмацыйнага і маральнага вопыту. І яшчэ: людзям
цікавыя падрабязнасці”.
Фестываль закончыўся. І як жа здорава, падумалася, што адчуванне свята, далучанасці да нараджэння цуда на сцэне, атрыманае ад праглядаў спектакляў “Панарамы”, не знікае! Дарэчы, пабываўшы дзякуючы фестывалю на “тэатральных кухнях” розных краін, я пераканаўся: беларускія тэатральныя калектывы вельмі годна выглядаюць у іх атачэнні. Між іншым, гасцей у Мінску сустракаюць традыцыйна вельмі цёпла. З вуснаў нашых гасцей з Санкт-Пецярбурга ў фінале фестывалю прагучалі такія вершаваныя радкі:
“Нет, это все ж не окончанье!
Вы принимали горячо.
Мы верим, милые минчане,
Что мы увидимся еще! ”.
Верым і мы. А таму — да новых тэатральных сустрэч у Мінску праз два гады!
На здымку: Актрыса з Цюрыха Мірыям Голдшміт у спектаклі П. Брука “Чаму, чаму...”
Іван Ждановіч