Новы «Дзеяслоў»
Галоўны рэдактар Барыс Пятровіч зноў бярэ сваіх чытачоў у чàсавыя вандроўкі.
Гэтак, у нумары можна зазірнуць у кнігі, якія яшчэ не надрукаваныя: фантасмагарычны раман Іллі Сіна «Тэатральныя дэманы» (твор мае выйсці асобнай кнігай у выдавецтве «Галіяфы») пра падводнае падарожжа па затопленым Менску. А таксама азнаёміцца з пакуль што не зведзенымі ў кнігу падарожнымі нататкамі нямецкага журналіста Увэ Рада: ён падзеліцца сваімі прыгодамі падчас сваёй вандроўкі па Нёмане (Кёнігсбершчына, Літва, Гарадзеншчына).
У дадатак чытачы новага 42-га нумару «Дзеяслова» маюць магчымасць вярнуцца ў пачатак 80-х і пагартаць лісты Анатоля Сыса да сяброў, пачытаць успаміны пра яго, а таксама натхніцца невядомымі вершамі паэта.
І зусім ужо далёка ў 50-ыя гады закіне чытача аповесць-рэпартаж «Шахіншах», добра вядомага ў нас польскага журналіста і літаратара Рышарда Капусьцінскага: ён распавядзе пра перадгісторыю ісламскай рэвалюцыі ў Іране.
З лёгкага: інтэрв"ю з Уладзімірам Арловым і рэцэнзія (у выглядзе ліста да сябра) Уладзіміра Сіўчыкава на кнігу Алеся Аркуша «Брызгалаўка. Жодзінскія аповеды».