Галубы лятуць над нашай зонай
Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС пры падтрымцы радыё «Пілот FM» і БРСМ рыхтуе да выпуску альбом аўтарскай песні асуджаных.
Пра гэта паведаміў журналістам 10 лістапада ў Гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу і кадравага забеспячэння ДВП МУС Андрэй Траццякоў.
Паводле яго слоў, для далучэння асуджаных да творчай дзейнасці было прынята рашэнне правесці конкурс аўтарскай песні сярод асуджаных. «Выбраны конкурсныя работы сярод асуджаных для падрыхтоўкі альбому для тыражавання. Гэты альбом плануецца накіраваць у папраўчыя калоніі, дапамагчы асуджаным знайсці сэнс жыцця праз творчае самавыяўленне», — адзначыў Траццякоў.
10 лістапада конкурс аўтарскай песні прайшоў у гомельскай жаночай калоніі. Перад журы выступілі дзевяць канкурсантак з песнямі пра маму, каханне і зламаны лёс. Паводле слоў Траццякова, усяго ў альбом увойдзе 16 песень, дзевяць ужо запісаны і апрацаваны. Заяўкі на конкурс і запіс альбому падалі ўсе папраўчыя установы Беларусі.
Некаторыя песні з альбому прагучаць па радыё, пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы. У свабодны продаж ён не паступіць, а будзе распаўсюджаны сярод устаноў сістэмы ДВП і праз БРСМ.
Меркаваны тыраж — 200 экзэмпляраў.
Алена Германовіч, БелаПАН