“У Гервятах шанцуе...”

Источник материала:  
Фотамайстар Валерый Вядрэнка адлюстраваў асабістыя ўражанні.

“У Гервятах шанцуе...”“А ў Гервятах быў? Касцёл Святой Троіцы бачыў?” — неяк спытаў Валерыя яго знаёмы. Бо добра ведаў, што фатографа цікавяць унікальныя архітэктурныя пабудовы. “Не”, — адказаў і здзівіўся сам сабе Вядрэнка: трыццаць год з фотаапаратам, зняў не адну беларускую вёску, аднак Гервяты, што ў Астравецкім раёне, пакуль не бачыў. “Фатаграфіі неагатычнага касцёла, якія я знайшоў на сайтах, не ўразілі. Хіба толькі скульптуры на прыкасцельнай тэрыторыі. І я вырашыў: паеду і сам усё пабачу”, — успамінае Валерый.

Ужо на пад’ездзе да святыні фатографа быццам асяніла: гэта ж нешта фантастычнае... Кіламетраў за пяць ён убачыў вежу касцёла — яна ўздымалася над лесам, быццам спрабавала дастаць да аблокаў. Дарэчы, касцёл Св. Троіцы, пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, лічыцца адным з самых высокіх у Беларусі: 61 метр у вышыню. Храм і мясцовасць пакарылі Валерыя. “Больш прыгожага ў Беларусі я не бачыў, — прызнаецца. — Высакародны стыль архітэктуры... Геніяльная пабудова. Цудоўны парк, разбіты перад касцёлам. І ўвогуле такое прыемнае месца. Тут адчуваеш душэўны ўздым, а галоўнае — усё адразу становіцца зразумелым: што такое дабро і ліха, праўда і хлусня, прыгожасць і пачварнасць… І не трэба ніякіх тлумачэнняў.”

Выстава “Апосталы Гервят” адкрыта пры садзеянні Польскага інстытута ў Мінску. Вінаграднай лазой уздымаецца лесвіца да высокай столі. Райскі пейзаж з ідэальным газонам, туямі, скульптурамі апосталаў сцелецца перад касцёлам. Храм з вытанчанымі аркамі, высокімі вежамі і стральчатымі вокнамі... Гэта першая частка экспазіцыі. Выкананая ў чорна-белым стылі, яна знаёміць з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. “І сапраўды “кавалачак раю, астравецкі Версаль,” — згаджаешся з тым, як ахрысцілі прыезджыя гервяцкі цуд.

Другая частка экспазіцыі — кампазіцыі на тэму вобразаў Евангелля. Фотамантажом, што на стыку фота і выяўленчага мастацтва, Вядрэнка займаецца не адзін год. Яго працы заўсёды можна пазнаць: адточанае кампазіцыйнае рашэнне, ёмістасць, вобразнасць, шматпланавасць… Можна фантазіраваць разам з аўтарам, разважаць, шукаць сэнсы. У серыі “Апосталы Гервят” скульптуры ажываюць, храм пакрываецца лёгкім вэлюмам загадкавасці і таямнічасці, час здаецца спрасаваным, і ў адно імгненне мы бачым цэлыя дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі. Здаецца, тое, што апісана апосталамі, адбываецца з намі: тут і адразу.

...А вы бачылі такое: снег роўнымі прыгожымі пластамі падае са страхі храма, а Святая Марыя, поўная спакою і любові, глядзіць на свет і на кожнага з нас... Як распавёў аўтар, ён доўга стаяў і чакаў моманту, калі снег паляціць з даху. І ўжо расчараваўся, і змёрз, і вырашыў сыходзіць. Але чамусьці павярнуўся зноў да касцёла, падняў фотаапарат і… у момант, калі спрацаваў затвор, снег сарваўся з даху. “Пашанцавала…” — уражаная, кажу я. “У Гервятах мне заўсёды шанцуе”, — усміхаецца фатограф.

Людміла Мінкевіч

←Ад Коласа спакон вякоў…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика