Сябры з Вісагінаса

Источник материала:  
Сябры з ВісагінасаБеларусы Літвы гатовыя знайсці прымяненне сваім прафесійным навыкам на радзіме.

Алег Давідзюк — чалавек дзелавы, але і гумар яму ўласцівы. Пераканаўся ў гэтым сам. Неяк, калі мы заканчвалі ўжо размову з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам, дзверы кабінета расчыніліся. На парозе — супрацоўнік апарата Міхаіл Рыбакоў і незнаёмы мне чалавек. Шчаслівая ўсмешка на твары: “Леанід Паўлавіч, мне сёння Міхаіл паказвае Палажэнне аб кансультацыйным савеце — а мы ўжо яго выконваем!..”. У пацвярджэнне кіраўнік беларускага культурнага цэнтра “Крок” з літоўскага горада Вісагінаса, павітаўшыся, працытаваў і сам дакумент. З яго вынікала, што новая грамадская структура пры апараце Упаўнаважанага будзе займацца сярод іншага і “прыцягненнем суайчыннікаў да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных праграм Рэспублікі Беларусь”. А радаваўся Алег, бо прывёз у Мінск першых 85 анкет: “Канкрэтна рэалізуем намечанае”.

Што за анкеты? Як аказалася, на канец года ў Вісагінасе плануецца закрыццё Ігналінскай АЭС. “Трэба ж будзе людзям недзе ўладкавацца, цяпер яны ў пошуках новай работы, — удакладніў Алег. — І таму я, як вельмі даўні працаўнік на атамных электрастанцыях Савецкага Саюза і Літвы, аказваю ім у тым дапамогу. Па ўласнай ініцыятыве, бо вельмі многія нашы землякі адразу, як даведаліся пра планы будаўніцтва АЭС у Астраўцы, маюць намер прыкласці там свае прафесійныя навыкі”.

Кіраўнік беларускай суполкі працаваў на Ігналінскай АЭС начальнікам участка. Але, як сам прызнаецца, “не хацеў цягнуць да апошняга, падаў на скарачэнне і пайшоў”. Цяпер “атамнай тэматыкай” Алег Давідзюк займаецца трохі па-іншаму: як кіраўнік БКЦ “Крок”. Шмат нашых землякоў з Вісагінаса гатовы вярнуцца на Радзіму і працаваць
тут — будаваць АЭС у Астравецкім раёне. “Як ім дапамагчы? Яшчэ вясной, шукаючы выйсце, я меў сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства энергетыкі, а таксама дырэкцыі АЭС, — успамінае Алег. — Там падтрымалі мае намаганні. Цяпер, як вядома, ужо ствараецца база кадраў для рэалізацыі будучага праекта, і гэта, на мой погляд, вельмі важна. І анкеты, якія я прывёз, – вынік сустрэчы. Сярод тых, хто хоча пераехаць, большасць беларусаў. Ці то самі тут нарадзіліся, ці то іх бацькі адсюль. Адзін з хлопцаў, напрыклад, піша: “Увесь час хацеў паехаць жыць у Беларусь, мае бацькі беларусы…”.

“Да нас прыйдзе дапамога ад прафесіяналаў, і гэта вельмі добра, – лічыць Леанід Гуляка. – Гэта, можна сказаць, “залаты запас” нашай энергетыкі”.

Леанід Гуляка, карыстаючыся выпадкам, уручыў Алегу Давідзюку грамату і каштоўны падарунак за паспяховую рэалізацыю праекта “Адміністрацыйны рэгіён Бларусі – арганізацыя суайчыннікаў за мяжой”. А таксама перадаў прывітанне “вашым і нашым сябрам у Вісагінасе”.

Даведка ГР. На нядаўніх грамадскіх слуханнях папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС у Астраўцы намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк сказаў, што першы і другі яе энергаблокі будуць дзяржаўнымі, а трэці можа быць пабудаваны з удзелам замежных інвестыцый. Ён жа заўважыў, што “альтэрнатывы АЭС на сённяшні дзень няма”. І толькі пасля праходжання экалагічнай экспертызы ў першым квартале 2010 года і дзяржэкспертызы праекта будзе прынята канчатковае рашэнне пра будаўніцтва АЭС, выбар пляцоўкі.

На здымку: Беларусы з Вісагінаса — жаданыя госці на Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

Іван Ждановіч

←Ад Коласа спакон вякоў…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика