Працаўнікі сяла: механізатар ААТ “Жвіранка” Пётр Бездзель
Механізатар ААТ “Жвіранка” Пётр Бездзель — у ліку тых людзей, якія абралі для сябе жыццё і працу ў сельскай мясцовасці. У юнацтве Пётр Казіміравіч не шукаў лёгкага хлеба, выбраў прафесію механізатара і ўжо 30 гадоў сумленна працуе на карысць роднай гаспадаркі.
— У свой час я скончыў мясцовую васьмігодку, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Мількаўскай СШ Браслаўскага раёна, — успамінае Пётр Казіміравіч. — Дарэчы, там жа ў дзявятым класе пазнаёміўся са сваёй будучай спадарожніцай жыцця, дзяўчынай Ганнай. Пасля школы крыху працаваў слесарам у тагачасным калгасе імя Кутузава, быў памочнікам камбайнера падчас жніва. Тэрміновую службу давялося праходзіць далёка ад малой радзімы. Тры гады быў на Поўначы, непадалёк ад Мурманска, у складзе часцей ваенна-марскога флоту. Была магчымасць пасля “тэрміноўкі” застацца ў тых мясцінах, але вельмі хацелася вярнуцца дадому, у бацькоўскую хату.
Зноў пайшоў працаваць у калгас. У хуткім часе з Аняй аб’ядналі свае лёсы ў адзін, стварылі сям’ю. Выхавалі дзвюх дочак — Вольгу і Галіну. Далі ім адукацыю, вывелі на шырокую дарогу жыцця. Цяпер дзеці стварылі ўласныя сем’і, пражываюць у Полацку і Наваполацку.
Мы ж разам з жонкай не здрадзілі вёсцы. Вось ужо на працягу многіх гадоў Ганна працуе інспектарам па кадрах ААТ “Жвіранка”, а я, як і ў пачатку свайго працоўнага шляху, з’яўляюся механізатарам у гэтай жа гаспадарцы.
— Пётр Казіміравіч у нас універсальны механізатар, — з гонарам за свайго земляка кажа галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Зінта Валюшкіна. — Ён і на трактары шчыра працуе, і на корманарыхтоўчым комплексе, і на збожжаўборачным камбайне, і на іншай тэхніцы. Наогул, любая работа ў працавітых руках нашага Пятра спорыцца.
Нядаўна Пётр Казіміравіч адзначыў юбілейны дзень нараджэння. Мы далучаемся да ўсіх віншаванняў, якія прагучалі з вуснаў родных, сяброў і калег ў адрас юбіляра. Зычым перадавому механізатару доўгіх год жыцця і моцнага здароўя!
Сяргей РАЙЧОНАК.