Хлебаробы КУВСП імя Маркава ўпэўнена набліжаюцца да “экватара” ўборачнай кампаніі
“Намалоты ў нас амаль аднолькавыя” — так выказаўся камбайнер КУВСП імя Маркава Вітольд Замбжыцкі, калі мы 4 ліпеня наведалі гаспадарку. Уборачная тэхніка сельгаспрадпрыемства была сканцэнтравана на 100-гектарным полі непадалёку ад хутара Брыцікі.
Нібы марскія караблі перамяшчаліся адзін за адным у хвалях залацістай збажыны камбайны, пакідаючы за сабой абмалочаныя пшанічныя каласы.
— Камбайнеры ў нас вопытныя і надзейныя, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, — упэўнена сказаў нам вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КУВСП імя Маркава Анатолій Дзітрыс. — На сёлетнім жніве, як і ў мінулыя гады за штурваламі камбайнаў знаходзяцца Дзмітрый Осіпаў, Вітольд Замбжыцкі, Станіслаў Странчэўскі, Віктар Катовіч. Аляксандр Смулько працуе ў нашай гаспадарцы першы год.
За светлавы дзень кожны з іх намалочвае па 40-50 тон зерня. Штодзённа камбайнеры ўбіраюць каля 170 гектараў збажыны, а гэта добры паказчык. Прастояў тэхнікі з-за паломак або адсутнасці паліва ў нас няма.
У гэтым мы таксама ўпэўніліся, бо на ўскрайку поля стаяў бензавоз з дызельным палівам. Да запраўшчыка па чарзе пад’язджалі камбайны. Кожны з іх, заправіўшы ў бакі па 300 літраў “саляркі”, зноў рушыў на абмалот.
Неба пад вечар стала пахмурным, таму хлебаробы спяшаліся рацыянальна скарыстаць час, каб як мага больш убраць пшаніцы да пачатку дожджу. І гэта ў іх атрымалася — у той дзень 100-гектарнае поле з пшаніцай было цалкам абмалочана.
Сяргей РАЙЧОНАК.