Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Уладзімір Матвееў сустрэўся з працоўнымі калектывамі Шаркаўшчыны
29 ліпеня Шаркаўшчынскі раён наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў.
У межах паездкі парламентарый наведаў шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён сустрэўся з працоўнымі калектывамі Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння ВУ “Браслаўгаз”, рэдакцыі раённай газеты “Кліч Радзімы”, аддзела па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкім раёне, ЦБУ № 224 філіяла № 216 ААТ ААБ “Беларусбанк” г. Полацк, а таксама філіяла “Шаркаўшчынскае ДРБУ № 131”.
Уладзімір Сямёнавіч у гутарцы з людзьмі расказаў пра работу Савета Рэспублікі, пра законапраекты, якія трапляюць на разгледжанне дэпутатаў верхняй палаты Парламента. Гендырэктар аблдзяржбуда данёс да прысутных інфармацыю аб разгалінаванай сетцы дарог і іх стане на Віцебшчыне. У прыватнасці, Уладзімір Сямёнавіч падкрэсліў, што цяжкасці ў галіне, несумненна, ёсць. У асноўным, гэта праблемы фінансавага накірунку. Па словах парламентарыя, у нашай вобласці заўсёды існуе гаспадарчы падыход да пытанняў развіцця будаўніцтва новых і рамонту існуючых шляхоў зносін паміж гарадамі і сельскімі населенымі пунктамі. Гэта ж адносіцца і да Шаркаўшчынскага раёна, дзе ўмеюць планіраваць і вырашаць пастаўленыя задачы.
Уладзімір Матвееў у час гутаркі спыніўся на сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны за апошнія дзесяцігоддзі. “У Рэспубліцы Беларусь на належным узроўні знаходзіцца дабрабыт насельніцтва, станоўчых паказчыкаў мы дасягнулі ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Таму цяпер варта задумацца, каб усё гэта захаваць і памножыць дзеля свайго дабрабыту і дабрабыту будучых пакаленняў грамадзян нашай суверэннай краіны”, — рэзюміраваў Уладзімір Сямёнавіч.
Як вядома, 9 жніўня ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Парламентарый звярнуў увагу прысутных на тое, каб кожны зрабіў свой выбар і абавязкова прагаласаваў дзеля светлай будучыні роднай краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.