Капрызы надвор’я хлебаробам не перашкода — у ААТ «Буеўшчына» прайшлі Зажынкі
Так часта здараецца, калі даспявае збажына і камбайнерам трэба своечасова вывесці сваю тэхніку на палі, умовы надвор’я перыядычна не даюць хлебаробам разгарнуць жніво шырокім фронтам. Вось і сёлета дажджы, якія перыядычна праходзяць у нашым рэгіёне, не радуюць аграрыяў Шаркаўшчынскага раёна. Але працаўнікі сяла ўжо звыкліся з капрызамі надвор’я і працуюць наперакор цяжкасцям.
У час рабочай паездкі Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі па Мінскай вобласці кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аграрыі не павінны чакаць сонечнага і спякотнага надвор’я, каб вывесці тэхніку на ўборку збажыны. Важна скарыстоўваць кожную гадзіну і нават хвіліну, каб сабраць вырашчаны ўраджай.
Такім жа прынцыпам у сваёй рабоце кіруюцца і хлебаробы ААТ “Буеўшчына”, куды мы трапілі 28 ліпеня, каб пацікавіцца ходам жніва. У той дзень кіраўніцтва гаспадаркі і работнікі ўстаноў культуры аграгарадка Іёды ладзілі для мясцовых хлебаробоў абрад “Зажынкі”. У другой палове дня камбайнеры ўрэшце змаглі вывесці сваю магутную тэхніку ў поле. За вёскай Марціняты Андрэй Пасны, Ігар Грайчонак, Пётр Ерамееў і Мікалай Цішаловіч пачалі абмалот азімай пшаніцы. Але ў самым пачатку, перад тым, як налітыя каласы схінуліся перад камбайнамі, герояў жніва вітаў вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат. Песні, музыку і добры настрой хлебаробам падарылі культработнікі. Невялікі канцэрт — і камбайны адзін за адным рушылі на хлебную ніву.
— Сёлета нам трэба ўбраць 600 гектараў азімай пшаніцы і 250 гектараў азімага трыцікале, — паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч. — Дадаткова яшчэ даспявае ячмень на плошчы 700 гектараў. 450 га займаюць зернебабовыя культуры і 125 га — авёс.
Своечасова мы ўбралі азімы рапс. Пры сярэдняй ураджайнасці 15 ц/га яго агульны намалот склаў 240 тон. Цалкам разлічыліся з дзяржзаказам, а ён складаў 70 тон, астатнюю колькасць рэалізавалі Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры.
На дадзены момант убіраем азімую пшаніцу на горшых участках з-за высокай яе пераўвільготненасці. У сярэднім на круг атрымліваем па 25 цэнтнераў. Спадзяёмся, што ўраджайнасць на лепшых палях будзе вышэйшай. Радуюць вока яравыя культуры, што дае надзею на валавы збор зерня большы, чым быў у мінулым годзе. Наогул, усе мы глядзім наперад з аптымізмам і крочым да рэалізацыі сваіх задач, каб своечасова і без страт сабраць вырашчаны ўраджай.
Сяргей РАЙЧОНАК.