20 чэрвеня прайшоў адкрыты чэмпіянат Шаркаўшчынскага раёна па пляжным валейболе
Арганізавалі і правялі яго фізкультурна-спартыўны клуб “Шаркаўшчына” і раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Гульні праходзілі на працягу дня на гарадскім пляжы па вуліцы Вадап’янава. За перамогу спаборнічалі валейбалісты з арганізацый і прадпрыемстваў не толькі Шаркаўшчыны, але і раёна. Восем каманд былі падзелены на дзве групы. Пасля таго, як на групавым этапе былі вызначаны мацнейшыя, яны згулялі паміж сабою ў паўфіналах. У фінале сустрэліся каманды “Манеж” і “РАНС”. Гульня за перамогу ў чэмпіянаце прайшла ва ўпартай барацьбе. Прадстаўнікі “РАНС” узялі першую партыю, але ў другой гульцы з каманды “Манеж” змаглі пераламіць ход гульні на сваю карысць. Усё вырашалася ў трэцяй партыі, дзе мацней аказалася каманда “Манеж”. Яе прадстаўнікі (Мікалай Казлоўскі, Віялета Казлоўская, запасныя гульцы — Уладзімір Сергеенка і Дзмітрый Кавальчук) і сталі пераможцамі чэмпіянату. На другім месцы каманда “РАНС” (Сяргей Лагунёнак, Ганна Ракоца), на трэцім — “Германавічы” (Дзмітрый Міхалёнак, Ганна Хаданёнак).
Пераможцы былі ўзнагароджаны прызамі, сродкі на набыццё якіх выдзелілі РК ГА “БРСМ” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Андрэй БУРЭЦ.