Новая аўтазаправачная станцыя адкрыта ў Астравецкім раёне

Источник материала:  
18.01.2012 15:06 — Новости Авто

Новая аўтазаправачная станцыя адкрыта ў Астравецкім раёне


Новая аўтазаправачная станцыя адкрыта ў Астравецкім раёне
Цудоўны падарунак атрымалі жыхары Астравеччыны – чацвёртая па ліку аўтазаправачная станцыя была адкрыта ў мінулую сераду ў нашым раёне. Новая АЗС пабудавана ў рэкордна кароткія тэрміны – усяго за чатыры месяцы – на новай аўтадарозе, што вядзе да пляцоўкі будаўніцтва АЭС, непадалёк ад вёскі Бялькішкі.

Аўтамабілісты са стажам памятаюць тыя сумныя часы, калі ў раёне працавала толькі адна АЗС, ды і тая – у Міхалішках, за 30 кіламетраў ад райцэнтра. І як радаваліся аўтааматары і кіраўнікі прадпрыемстваў, калі нарэшце была пабудавана АЗС на ўездзе ў Астравец. Пазней была праведзена рэканструкцыя Міхалішкаўскай аўтазаправачнай станцыі, затым на дарозе Вільнюс - Полацк у вёсцы Варона ўзведзена яшчэ адна…
А ў мінулую сераду ў гэтых “трох сястрыц” з’явілася чацвёртая – яшчэ больш модная і сучасная, якая, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, вырасла на новай аўтадарозе на перакрыжаванні ля вёскі Бялькішкі.

Па вялікім рахунку, гэта ўжо не проста аўтазаправачная станцыя, а, як цяпер прынята гаварыць, аб’ект прыдарожнага сервісу: тут можна не толькі заправіць машыну і набыць неабходныя для аўтамабілістаў тавары, але і купіць у дарогу прадукты ці падсілкавацца на месцы: у невялікім кафетэрыі падарожніку прапануюць і чай, і каву, і гарачую піццу, і іншыя стравы. Трынаццаць новых рабочых месцаў было створана з увядзеннем у эксплуатацыю новай АЗС.

— І не варта думаць, што чатыры аўтазаправачныя станцыі для нашага раёна – гэта многа, — сказаў, адкрываючы ўрачысты мітынг, прысвечаны адметнай падзеі ў жыцці раёна, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Бываючы за граніцай, мы бачым, што там АЗС стаяць амаль што праз кожныя 20-40 кіламетраў – гэта патрэба сённяшняга дня, бо час становіцца ўсё больш мабільным. І сёння, радуючыся адкрыццю новай АЗС, мы ўжо бачым праблему з аўтазаправачнымі станцыямі ў падольскай, страчскай зоне… А гэтая станцыя, якая адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, хочацца спадзявацца, не толькі дапаможа жыхарам нашага раёна атрымаць неабходныя паслугі, але і стане ўзорам культуры абслугоўвання і сервісу.

Дырэктар прадпрыемства “Гроднааблнафтапрадукт” Пётр Раманавіч Галаванаў на гэтыя словы старшыні райвыканкама адазваўся з энтузіязмам:

— Мы гатовы пабудаваць у раёне яшчэ не адну АЗС – пры ўмове разумення гэтай праблемы з боку раённага і абласнога кіраўніцтва. Наша прадпрыемства ўвогуле вызначаецца сярод іншых абласных актыўнай будаўнічай дзейнасцю: гэтая АЗС у Астравецкім раёне стала адзінаццатай, здадзенай у эксплуатацыю ў мінулым годзе, – гэта непараўнальна больш, чым у любой іншай вобласці краіны.
Дырэктар МБРТ-32, рабочыя якога ў рэкордна кароткія тэрміны ўзвялі новую АЗС, перадаў яе гаспадарам сімвалічны ключ і ў падарунак – тэлевізар.

А затым Адам Дзмітрыевіч, Пётр Раманавіч і Ігар Мікалаевіч перарэзалі чырвоную стужку, якая сімвалізавала адкрыццё новай заправачнай станцыі. Ксёндз Віктар пасля супольнай малітвы асвяціў адміністрацыйныя будынкі, гандлёвую залу і заправачныя калонкі: хай тут заўсёды будзе ўсё ў парадку і справа вядзецца з Божай дапамогай і пад апякунствам Маці Божай. Да калонкі пад’ехала першая машына, ціха зашумеў струмень бензіну, што паліўся ў бак…

←Новые автомобили подорожают не менее чем на 15%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика