Пад Пружанамі ДАІ правяла эксперымент з пацярпелым на дарозе

Источник материала:  
07.12.2011 09:11 — Новости Авто

Пад Пружанамі ДАІ правяла эксперымент з пацярпелым на дарозе

Раённыя будні
У рамках комплексу спецыяльных мерапрыемстваў "Асцярожна - пешаход!" супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі разам з добраахвотнымі дружыннікамі вырашылі правесці незвычайны эксперымент. На дарозе каля вёскі Слабудка (пад Пружанамі) быў размешчаны ўмоўна пацярпелы ад аварыі - апрануты манекен. На працягу пэўнага часу меркавалася падлічыць, колькі вадзіцеляў праявяць увагу да "пацярпелага".

Час для даследаванняў таксама быў выбраны спецыяльна: каля 17 гадзін, калі рух на гэтай дарозе асабліва ажыўлены. Загадзя былі папярэджаны медыцынская і выратавальная службы наконт трывожных выклікаў на месца "аварыі". Між тым даішнікі атрымалі зусім іншыя вынікі эксперыменту, якія іх моцна здзівілі.

Пад Пружанамі ДАІ правяла эксперымент з пацярпелым на дарозе

Паводле медыцынскай статыстыкі, першыя паўгадзіны пасля аварыі - вельмі важныя для жыцця пацярпелага. Улічваючы гэта, нават у крымінальным заканадаўстве ёсць артыкул, які прадугледжвае пакаранне за пакіданне параненага на месцы дарожна-транспартнага здарэння. Аднак менавіта за гэтыя паўгадзіны каля ўмоўна пацярпелага не спынілася ні адна машына. Спецыяльна на адлегласці былі пастаўлены пасты ДАІ, якія спынялі аўтамабілі і праводзілі апытанне вадзіцеляў. Некаторыя сцвярджалі, што напалохаліся, нехта "не заўважыў" ляжачага на дарозе чалавека, а хтосьці "спяшаўся ў горад патэлефанаваць". У выніку на тэлефоны спецыяльных служб не паступіла ніводнага паведамлення пра аварыю і пацярпелага.

Праз некаторы час каля месца ДТЗ спыніліся толькі А.Р. Голуб з в.Слабудка, М.М. Дзенісюк з г.Кобрына і С.С. Радзівончык з в.Ражковічы. Ім усім супрацоўнікі ДАІ выказалі падзяку за нераўнадушша. Штрафы атрымалі трое вадзіцеляў, якія праляцелі міма ўмоўна пацярпелага на хуткасці, якая перавышала дазволеную ў межах населенага пункта.

Даведка "РБ":

"Наўмыснае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане і пазбаўлена магчымасці прыняць меры да самазахавання… караецца абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін". (З артыкула 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Але тут ёсць і парушэнне чалавечай маралі. А калі б усё было на самой справе і на дарозе ляжаў пацярпелы чалавек? Такое раўнадушша з боку вадзіцеляў прынесла б трагічныя весткі яшчэ ў адну сям’ю. Давайце не забываць пра гэта. 
←Несмотря на декабрь, в Могилевской области стартовала декада «Внимание! Велосипедист!»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика