У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску

Источник материала:  
09.06.2011 16:50 — Новости Авто

У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску


Беларускі дрэг-рэйсінг і нелегальныя гонкі ў сталіцы – фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна.

Чацвер. Вечар. З цэнтральнага праспекту сталіцы мяне падбірае цюнінгаваны белы “БМВ”. За стырном – малады хлопец Аляксей. Менавіта ён адзін з арганізатараў закрытых і нелегальных вулічных гонак у сталіцы. Паўгадзіны выбіраемся за межы горада – за 30 кіламетраў ад Мінска дзе ёсць загадзя вызначаны ўчастак шашы – там сёння адбудуцца нелегальныя гонкі сталічных дрэг-рэйсераў. 

Здараюцца заезды і на спартовых матацыклах. Участак шашы выбіраецца прыдатны для гонак – пажадана шырэйшы за дзве паласы, добрае пакрыццё, адсутнасць паваротаў і любых перашкод, а таксама месцаў, дзе б магло падпільнаваць ДАІ. Часам на ўчастках дарог, дзе часта праводзяцца гонкі, укладаюцца ляжачыя паліцэйскія – так шаша робіцца непрыдатнай для нелегальных заездаў.
 
Як арганізатар, Аляксей прыязджае адным з апошніх. Ля лініі старту вызначанае месца, дзе стаіць яго аўто. Перад ім машыны не ставяцца – такое правіла. Абапал шашы стаяць шэрагі машын – часам набіраецца некалькі соцень. Пасля заходу сонца пачнуцца падпольныя заезды… 

Дрэг-рэйсінг – гэта гонка на паскарэнне на загадзя вызначаную дыстанцыю. Найчасцей гэта чвэрць мілі – 402 метры – стандарт спрынтарскай дыстанцыі. Гонкі ладзяцца на любых машынах. Радзімай дрэг-рэйсінгу лічацца ЗША, дзе вулічныя гонкі нарадзіліся ў сярэдзіне 1950-х, а сёння выраслі да прафесійнага і дарагога аўтаспорту.
 
Беларускі ж дрэг-рэйсінг развіваецца ў двух вымярэннях – легальным і нелегальным. Ёсць афіцыйна зарэгістраваная федэрацыя дрэг-рэйсінгу, але афіцыйныя заезды і спаборніцтвы яна арганізуе не так часта. Таксама існуе праблема адсутнасці спецыяльных дарог для такіх гонак. Афіцыйныя старты цяпер праходзяць на аэрадромах.

Для прафесійнага ж росту гоншчыкаў і існуюць нелегальныя заезды на пэўных участках грамадскіх дарог. Яны адбываюцца ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. У Мінску існуе нават некалькі закрытых супольнасцяў, які арганізоўваюць закрытыя гонкі. Інфармацыя пра нелегальныя заезды распаўсюджваецца толькі сярод знаёмых гоншчыкаў – СМС-рассылкай і праз Інтэрнэт.
 
Пасля 22-й да лініі старту пад’язджае першая пара машын. Адмашку дае арганізатар – Аляксей. На фінішы стаіць адно аўто, пара фішак і спецыяльны чалавек, які па рацыі перадае вынік заезду. Сяброўкі Аляксея вядуць імправізаваны пратакол у нататніку, а вынікі гонак аб’яўляюцца праз інтэрнэт. Большасць удзельнікаў ведае адзін аднаго – выпадковыя людзі на гонкі трапляюць рэдка але і такое часам здараецца. Фініш машын запісваецца на відэа, каб не было спрэчак.
 
У заездах могуць удзельнічаць абсалютна розныя аўто адной класіфікацыі. Тут некалькі вызначальных крытэраў – аб’ём рухавіка і базавая альбо палепшаная камплектацыя – больш магутны рухавік, іншае абсталяванне.
 
Першае, што кінулася ў вочы – гэта высокая самаарганізацыя начных гонак. Кожны з удзельнікаў ведае негалосныя правілы: не стаяць блізка да лініі старту, вытрымліваць дыстанцыю, не смеціць ля дарогі. Таксама - бесканфліктнасць і ўзаемапавага.
 
Нехта прыяжджае туды проста адпачыць і паглядзець начныя старты. Аляксей распавядае, што бываюць сітуацыі, калі на гонкі прыязджаюць хлопцы з навакольных вёсак і парушаюць негалосныя правілы – ставяць машыны за лініяй старту, умешваюцца ў працэс гонак ці блізка здымаюць дарагія аўто на мабільнік. Тады, калі адчуваецца, што пачынае знікаць кантроль за сітуацыяй, арганізатары і прафесійныя ўдзельнікі гонак проста з’язджаюць – так удаецца пазбегнуць сур’езных праблем з праваахоўнымі органамі і аварыйных сітуацый.
 
Хто можа сабе дазволіць такі нятанны аўтаспорт? Вельмі розныя людзі, кажа Аляксей. Гоншчыкі на дарагіх аўто (бывае, прыязджаюць машыны болей чым за 50 тысяч даляраў) часцей за ўсё не афішуюць сябе – гэта бізнэсоўцы ці іх дзеці, сыны чыноўнікаў і міністраў. Але бываюць і выключэнні: апантаныя гоншчыкі працуюць кіроўцамі ці прадпрымальнікамі, і ўсе сродкі ўкладаюць толькі ў машыну.
 
Праз паўтары гадзіны пасля пачатку гонак, здалёк чуецца папераджальны гук патрульнай машыны ДАІ – гонкі на гэтым сканчаюцца. Усе хуценька рассыпаюцца па сваіх аўто – арганізатары кладуць у багажнік неабходны для гонак рыштунак.
 
Супрацоўнікі ДАІ могуць спыніць аўто на праверку, але складу злачынства папросту не існуе – хіба што паркоўка ў нявызначаным месцы ці на зялёнай зоне.
 
Арганізацыя начных гонак падпадае хутчэй пад арганізацыю масавых мерапрыемстваў, але міліцыя сюды пакуль не даязджае. Аляксей кажа, што ДАІ ведае пра такія заезды, але часцей за ўсё ўмешваецца, толькі калі машын збіраецца зашмат. Альбо пасля званкоў тых кіроўцаў, хто праяжджае праз участак, дзе адбываюцца заезды.
 
Аляксей наракае, што апошнім часам “наезды” ДАІ здараюцца ўсё часцей. Нелегальныя гоншчыкі разглядаюць варыянты арэнды аэрадромных трас, дзе можна не перажываць за бяспеку гонак. Там яны будуць яшчэ больш закрытымі і недаступнымі для выпадковых наведнікаў.
 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Нелегальныя гонкі праводзяцца на адкрытых участках грамадскіх дарог.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Часам іх наведвае некалькі соцень чалавек.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Фарбай пазначаецца лінія старту.
 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Адмашкі дае арганізатар гонак – Аляксей.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Паехалі!

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Сярод удзельнікаў гонак – людзі на вельмі дарагіх аўто.
 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Пратакол заездаў вядуць дзяўчаты ў звычайным нататніку - вынікі гонак аб'яўляюцца ў інтэрнэце праз дзень.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Пераможцаў гледачам аб’яўляюць па мегафоне.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Заезды адбываюцца на дыстанцыю ў 402 метры – чвэрць мілі.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Арганізатар нелегальных гонак.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Нелегальныя заезды іншым разам адбываюцца на пустых дарога ля вёсак у наваколлі Мінска.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
На гонкі трапляюць і выпадковыя гледачы.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Удзельнікі гонак чакаюць пакуль шаша апусцее.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Нехта прыязджае на гонкі проста паглядзець і адпачыць.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Здараюцца заезды і на спартовых матацыклах.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Для дрэг-рэйсінгу неабходная якасная, шырокая і простая шаша.

 
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Па прыездзе ДАІ ўсе разбягаюцца і гонкі сканчаюцца.
У начным падполлі: нелегальныя гонкі ў Мінску
Фініш заездаў фіксуецца на відэа.
←Цены на топливо: «сегодня опустили, а через пару дней опять поднимут»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика