J:морс прадставіў свой новы альбом на «Таемным канцэрце» (фота)
Беларускі рок-гурт упершыню за 5 гадоў выпусціў сваю новую кружэлку пад назвай «Воздух». Прэзентацыя альбому прайшла 10 лістапада ў закрытым фармаце ў клубе TNT. На яго патрапілі першыя 50 пакупнікоў дыску на OZ.by, а таксама пераможцы конкурсаў ад інфарацыйнага партнёру падзеі.
Канцэрт распачаўся з невялікім спазненнем і па словах саліста гурта, Уладзіміра Пугача, музыкі захацелі наладзіць канцэрт маленькім і амаль хатнім, а таксама парэпетаваць перад вялікай прэзентацыяй у Prime Hall. Сэт-ліст выступу складаўся з 15 песень, распачалі жа з «Джульеты» – першай кампазіцыі новага альбому. У невялікім памяшканні клуба яўна знаходзілася звыш сотні наведвальнікаў і па іроніі лёсу паветры і не хапала.
На новым дыску гурта 11 абсалютна розных песень: вясёлых і сумных, жартаўлівых і сур’ёзных. Некаторыя ўжо выходзілі ў выглядзе кліпаў («Асфальт», «Не край», «Воздух»), іншым яшчэ давядзецца атрымаць сваю частку ўвагі. Упершыню сярод выкарыстаных гуртом інструментаў ёсць дудук, укулеле, дуда.
Новы альбом можна бясплатна спампаваць на www.jmors.by, паслухаць на сэрвісе «Яндекс Музыка», а таксама купіць CD з аўтографамі на OZ.by. Афіцыйная канцэртная прэзентацыя альбома адбудзецца 13 лютага 2016 года ў Prime Hall.
Аўтар: Павел Аксіновіч; фота аўтара.