Парыжскае пагадненне. Дзеля больш бяспечнага і стабільнага свету

Источник материала:  
22.04.2016 17:04 — Новости Мира


Федэрыка МАГЕРЫНІ, кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў
Мігель АРЫЯС КАНЬЕТЭ, еўракамісара па клімату і энергетыцы



Сённяшняе падпісанне ў Нью-Ёрку Парыжскага пагаднення — гістарычная падзея і важны крокам да рэалізацыі першай у свеце глабальнай дамоўленасці ў сферы клімату.

Увесь свет зацікаўлены, каб ператварыць абяцанні, дадзеныя ў Парыжы, у канкрэтныя дзеянні.

Парыжскае пагадненне. Дзеля больш бяспечнага і стабільнага свету


У апошнія гады мы чулі столькі змрочных прадказанняў, што дасягнуць ўсеагульнага пагаднення будзе немагчыма. Сапраўды, існавалі важкія падставы для скепсісу. Але нашая вера ў дыпламатыю і шматбаковае супрацоўніцтва апраўдала сябе. І мы павінны сказаць, што Еўропа адыграла важную ролю ў дасягненні кансэнсусу для дамоўленасці з удзелам 195 краін.

Напярэдадні Парыжскай канферэнцыі па клімаце наш Саюз мабілізаваў сваю сетку з 3000 прадстаўніцтваў ЕС і амбасад краін ЕС ва ўсім свеце. Гэты дыялог з краінамі-партнёрамі, грамадскасцю, бізнес-супольнасцю і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці дапамог нам стварыць глабальную кааліцыю для барацьбы са змяненнем клімату. Гэта і ёсць еўрапейская дыпламатыя ў сваіх найлепшых праявах — супраца на карысць Еўропы і ўсяго свету.

Еўропа прадэманстравала моцны і амбітны голас. Нашая кліматычная дыпламатыя падрыхтавала сетку альянсаў з групай 79 дзяржаў Афрыкі, Карыбскага і Ціхаакіянскага рэгіёнаў (AКЦ). Мы ўзаемадзейнічалі як з буйнымі гульцамі, гэтак і з меншымі краінамі і ставілі перад сабой набольш амбітныя мэты. Тая вядомая Кааліцыя высокіх амбіцый здолела змяніць ход гульні ў Парыжы.

І нашая праца працягваецца. Парыж быў толькі пачаткам. Вырашальным будзе ўмацаванне паспяховых альянсаў, якія мы стварылі напярэдадні і падчас Парыжскай канферэнцыі: нам спатрэбіцца дапамога адно аднаго, каб працягнуць рух, скіраваны на глабальны пераход да чыстай энергіі. Гэта адзіны спосаб затрымаць глабальнае пацяпленне на ўзроўні, значна ніжэйшым за 2°C, і не дапусціць павышэння тэмпературы больш як на 1,5°C.

Глабальныя тэмпературы дасягнулі рэкордных узроўняў. Уздзеянне кліматычных зменаў па-ранейшаму пагражае жыццям і дэстабілізуе цэлыя рэгіёны. Калектыўныя дзеянні ў масштабе ўсяго свету цяпер больш важныя, чым калі-небудзь раней.

Апустыньванне і засухі выклікаюць масавыя перамяшчэнні людзей, распаўсюд эпідэмій і спараджаюць барацьбу за кантроль над рэсурсамі. Змены клімату ўжо з’яўляюцца пытаннем знешняй палітыкі: яны ўплываюць на нашую бяспеку ўжо сёння, а не ў далёкай будучыні.

Пазбавіцца гэтай глабальнай пагрозы — гэта задача, якая павінна застацца ў цэнтры еўрапейскай знешняй палітыкі, і з гэтым пагадзіліся ўсе 28 міністраў замежных спраў ЕС. Пытанні непасрэднага і ўскоснага ўздзеяння кліматычных зменаў на бяспеку стануць важнай часткай новай Глабальнай стратэгіі ЕС у галіне знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, якая будзе прадстаўленая Еўрапейскаму савету ў чэрвені наступнага года.

Гэта комплексная пагроза, але мы ўжо маем шмат інструментаў, каб вырашаць праблемы няўстойлівасці клімату і зніжаць рызыкі для захавання міру. Нашыя партнёры па Вялікай сямёрцы таксама старанна працуюць над вызначэннем канкрэтных сфераў дзеяння. Але нашыя стратэгіі ў пытаннях зменаў клімату, развіцця, гуманітарнай дапамогі і дзейнасці па ўмацаванні міру трэба аб’ядноўваць больш шчыльна. Любая наша палітыка мусіць браць пад увагу пытанні зменаў клімату, прапанаваныя ў Праграме ўстойлівага развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на перыяд да 2030 г.

Калі мала часу, а фінансавыя рэсурсы абмежаваныя, мы не можам дазволіць сабе дубляванне і супярэчнасці. Нацыянальныя праграмы кліматычнай адаптацыі могуць забяспечыць узаемадзеянне і ўзаемаўзмацненне сфер эканамічнага і сацыяльнага развіцця, аховы здароўя, навакольнага асяроддзя, а таксама ўмацавання міру.

Цяпер наш прыярытэт — імкнуцца да хуткай ратыфікацыі і ўступлення ў сілу Парыжскага пагаднення. Гэта пашле свету важны сігнал: еўрапейскія ўрады сур’ёзна ставяцца да зменаў клімату, і мы будзем рэалізоўваць на практыцы тое, аб чым дамовіліся на паперы.

З гэтай жа прычыны мы не можам марудзіць з ажыццяўленнем планаў дзеянняў у сферы клімату, якія мы падрыхтавалі напярэдадні Парыжскай канферэнцыі. Мы будзем падтрымліваць нашых партнёраў ва ўсім свеце ў іх падрыхтоўцы да выканання гэтых планаў і будзем працягваць узаемадзеянне з недзяржаўнымі ўдзельнікамі — кампаніямі, гарадамі, многімі іншымі. Кожны мусіць адыграць сваю ролю ў калектыўных глабальных намаганнях, што чакаюць нас у будучыні.

Надыйшоў час пачаць цяжкую працу па выкананні абяцанняў, дадзеных у Парыжы. Нам спатрэбяцца такія ж амбіцыі і агульнае ўсведамленне накірунку дзеянняў, што дапамаглі дасягнуць пагаднення. Наш Саюз застанеццаў авангардзе руху да зелянейшай і больш бяспечнай планеты.



←Лешек Бальцерович и Иван Миклош призваны помочь новому Кабмину Украины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика