Беларусы Нью-Ёрка правялі пікет супраць “гандлю з дыктатарам”
12 мая ў Нью-Ёрку каля 25 беларусаў пікетавалі будынак прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, пратэстуючы супраць планаванага прыезда міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, а таксама патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня палітычных вязьняў.
Уладзімір Макей, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, меўся наведаць Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню ААН па пытаньню супрацьдзеяньня гандлю людзьмі. Таксама мелася адбыцца афіцыйная сустрэча з генэральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам.
Аднак у апошні момант сталася вядома пра адмену паездкі міністра, які замест Ню-Ёрка накіраваўся ў складзе працоўнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Арменію.
Беларусь у Нью-Ёрку прадстаўляе намесьнік міністра Валянцін Рыбакоў, праграма якога, у параўнаньне з планаванай праграмай міністра, скарочная да мінімуму — большасьць сустрэчаў адмененая.
Тым ня меньш, нью-ёркскія беларусы вырашылі выказаць сваю нязгоду з супрацоўніцтвам ААН з беларускім рэжымам. Пікетоўцы скандавалі “Не гандлю з дыктатарам! Не супрацоўніцтву з дыктатарам!”.
У пікеце, які быў арганізаваны арганізацыяй “Беларусы ў выгнаньні”, узялі ўдзел дырэктар гэтай арганізацыі Дзьмітры Шчыгельскі, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) Ганна Сурмач, намесьнік старшыні Беларуска-Амэрыканскага Альянса “Пагоня” Яўген Барысевіч ды іншыя асобы.
Фота Дзмітрыя Шчыгельскага